МАКА́РАЎЦЫ,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Свіслач. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПнЗ ад г.п. Вял. Бераставіца, 41 км ад Гродна, 34 км ад чыг. ст. Бераставіца. 264 ж., 98 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (канец 18 ст.).

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕРЦІ́ЦІ,

старажытнаегіпецкая царыца

[канец 15 — пач. 14 ст. да н.э.],

жонка Аменхатэпа IV. Разам з мужам праводзіла рэліг. рэформу (пераход да адзінабожжа), пасля якой атрымала імя Нефер-Неферу-Атон («цудоўная прыгажосць Атона»). У 1912 у Амарне (паселішча паблізу Каіра) была раскапана майстэрня скульптара Тутмеса з партрэтамі Н. Іл. гл. да арт. Егіпет Старажытны.

Літ.:

Женщины-легенды. Мн., 1993. С. 21—46.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГКО́К, Банкок, Крунгтэп,

горад, сталіца Тайланда. Засн. ў 16 ст. 5,9 млн. ж. (з прыгарадамі, 1990). Гал. марскі і рачны порт краіны, у вусці р. Менам-Чао-Прая, за 30 км ад Сіямскага зал. Паўд.-Кітайскага м. (грузаабарот каля 30 млн. т, каля 90% імпарту і 75% экспарту краіны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Рысаачышчальныя, лесаапрацоўчыя, тэкст., папяровыя, шклокерамічныя, цэментныя, электратэхн., нафтаперапр., хім., гумавыя прадпрыемствы; аўтазборка, суднабудаванне. Мастацкія рамёствы. Ун-ты. Нац. музей. Шмат каналаў.

У планіроўцы Бангкока элементы радыяльна-кальцавой структуры, вуліцы-каналы (часткова засыпаны ў 20 ст.). Гіст. цэнтр у лукавіне ракі, вакол — «старое прадмесце», зарэчны раён Тханбуры. Горад вядомы унікальнымі помнікамі: комплекс каралеўскага палаца Чакры (канец 18 — пач. 20 ст.), храмы (ваты) Пра Кео (канец 18 ст.), Чэтупон (По), Сутат, Раджабапіт, Бенчамабапіт, Арун (усе 19 ст.). З пач. 20 ст. забудоўваецца атэлямі, банкамі, канторскімі будынкамі еўрап. тыпу. Музеі: Нац. музей Тайланда, «Каралеўскія баржы», «Тайскі дом», «Палац Суан Пакад» і інш.

Бангкок. Храм Пра Кео. 1785.
Бангкок. Храмавы комплекс — Чэтупон (По). 19 ст.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.

В.​А.​Драздоў.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,

водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).

Выкарыстанне архімедавага вінта для перамяшчэння вады: 1 — труба; 2 — архімедаў вінт; 3 — ветравы рухавік.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙМА́НАЎ (Шакен Кенжатаевіч) (15.2.1914 — 23.12.1970),

казахскі акцёр і рэжысёр; адзін з пачынальнікаў нац. кіно. Нар. арт. СССР (1959). З 1933 у Казахскім т-ры драмы імя Аўэзава (Алматы). З 1940 у кіно. Выканаў ролю Джамбула ў аднайм. фільме; паставіў карціны «Паэма пра каханне», «Наш мілы доктар», «Зямля бацькоў», «Канец атамана» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952 і Дзярж. прэмія Казахстана 1968. Імя. Айманава прысвоена кінастудыі «Казахфільм».

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА,

назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЦІН, Джукетаў,

горад Балгарыі Волжска-Камскай (цяпер гарадзішча каля г. Чыстапаль у Татарстане).

Узнік у дамангольскі перыяд. У залатаардынскія часы (канец 13—14 ст.) багацейшы горад Волжскай Балгарыі. Разбураны ў 1-й пал. 15 ст. На гарадзішчы знойдзена шмат манет, у т. л. скарбы. У 1923 знойдзены т.зв. Джукетаўскі скарб залатых і сярэбраных упрыгожанняў канца 14 ст., які сведчыць пра высокае майстэрства балг. рамеснікаў-ювеліраў.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЁТ (Canis latrans),

лугавы воўк, млекакормячае роду ваўкоў сям. сабачых. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы на адкрытых прасторах, жыве ў норах. Адносяць да продкаў сабак (скрыжоўваецца са свойскімі сабакамі).

Даўж. цела каля 90 см, хваста каля 30 см, маса да 13 кг. Поўсць густая, шэра-рыжая, канец хваста чорны. Манагамы. Нараджае 8—10 і больш шчанят. Асн. корм — зайцы, грызуны, падла.

Э.​Р.​Самусенка.

Каёт.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУАНГПРАБА́НГ, Луангпхабанг горад на Пн Лаоса, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе р. Кхан. Адм. цэнтр прав. Луангпрабанг. Засн. ў 14 ст. 68 тыс. ж. (1985). Рачны порт. Аэрадром. Гандл. (рыс, лес) і культ. цэнтр паўн. ч. Лаоса. Рамёствы. Былая рэзідэнцыя караля. Рэліг. цэнтр. Будыйскія храмы 16—19 ст., тхат (ступа) Чамсі, Каралеўскі палац (канец 19 — пач. 20 ст.), б-ка са стараж. рукапісамі.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)