працэс збірання (зліпання) клетак у шматклетачнае ўтварэнне — агрэгат, заснаваны на адгезіі. Адбываецца пры нармальным развіцці арганізмаў і ў эксперыменце пасля штучнага раз’яднання клетак, напр., пратэалітычнымі ферментамі і рэчывамі, якія звязваюць іоны кальцыю. Пры агрэгацыі клеткі «сартуюцца»; аднатыпныя зліпаюцца, разнатыпныя застаюцца раз’яднаныя. Здольнасць клетак да агрэгацыі залежыць ад т-ры і іоннага складу асяроддзя, з’яўлення на паверхні клетак спецыфічных бялковых рэчываў, якія садзейнічаюць іх зліпанню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎСМАНІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Гаўсмана),
мінерал падкласа складаных аксідаў, аксід марганцу Mn2+Mn23+O4. Прымесі жалеза, цынку, барыю, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі псеўдаактаэдрычныя. Пераважна зярністыя або шчыльныя агрэгаты. Колер карычнева-чорны. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,9 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага, гідратэрмальнага ўтварэння. Уваходзіць у састаў марганцавых руд. Руда для выплаўкі ферамарганцу і легіраваных чыгуноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭНЗІ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя прэпараты, што паніжаюць сістэмны артэрыяльны ціск. Да іх адносяцца нейратропныя сродкі, якія паніжаюць тонус сімпатычнай нерв. сістэмы (клафелін, бензагексоній, рэзерпін, празазін, анапрылін і інш.), міятропныя сродкі (апрэсін, дыбазол, магнію сульфат і інш.), антаганісты кальцыю (ніфедыпін, верапаміл і інш.), сродкі, якія ўплываюць на рэнінангіятэнзіўную сістэму (каптапрыл, саралазін і інш.) і на водна-салявы абмен (дыхлатыязід, фурасемід і інш.). Выкарыстоўваюцца пры гіпертанічнай хваробе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),
здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫ СЦЁК,
вынас цякучымі водамі з вадазбору хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў вадзе ў выглядзе іонаў і складаюць асн. масу раствораных солей (кальцыю Ca2+, магнію Mg2+, натрыю Na+, калію K+, гідракарбанату HCO3− карбанату CO32-, сульфату SO42-, хлору Cl−) на працягу пэўнага часу. Велічыня І.с. выражаецца ў тонах (т/сут, т/мес, т/год). Сумарны І.с. у акіян 5,4 млрд.т/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗУВІЯ́Н (ад месца знаходкі на г. Везувій),
ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.
Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРА́НЫ,
радовішча мелу ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Пагараны. Лінзападобны паклад у выглядзе адорвеня туронканьякскага ўзросту залягае ў ледавіковых адкладах дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Мел белы, шаравата-белы, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, масіўны; аксіду кальцыю СаО у ім 52,5—55,5%. Разведаныя запасы 30,1 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—61 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,3—16 м. Мел прыдатны на выраб цэменту, вапны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААЛІ́ТЫ [ад аа... + літ(ы)],
шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ПРЫ,
бальнеагразевы курорт на Украіне, на ўскраіне г. Голая Прыстань, за 18 км ад г. Херсон. Вядомы з канца 19 ст. (пабудавана першая гразелячэбніца). Асн.лек. фактар — сульфідная мулавая гразь з вял. колькасцю вуглякіслых солей кальцыю і магнію і хларыдна-натрыевая рапа мясц. салёнага возера. Лячэнне імі ў спалучэнні з бальнеа- (штучныя мінер. ванны) і клімататэрапіяй (вельмі цёплае, сухое і сонечнае лета) эфектыўнае пры хваробах органаў руху і апоры, гінекалагічных, перыферычнай нерв. сістэмы.