СІНЯГУ́Б Сяргей Сілавіч (13.12.1851, с. Бяляеўка Вальнянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна —2.11.1907),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. З 1871 вучыўся ў Пецярб. тэхнал. ін-це. З 1872 чл. т-ва чайкоўцаў. Адзін з арганізатараў рабочых гурткоў у Пецярбургу і прапагандыстаў у асяроддзі рабочых. У 1873 арыштаваны і зняволены ў Петрапалаўскую крэпасць. Паводле «працэсу 193-х» (1877—78) асуджаны да 9 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбываў на Кары. З 1881 на пасяленні ў Чыце. Аўтар успамінаў «Запіскі чайкоўца» (выд. 1929), рэв. вершаў, надрукаваных у нелегальных зборніках.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМКО́ВІЧ (Semkowicz) Уладзіслаў Аляксандр (8.5.1878, г. Львоў, Украіна — 19.2.1949),

польскі гісторык. Правадз. чл. Польск. АН у Кракаве (1923), д-р габілітаваны (1909), праф. звычайны (1919). Скончыў Львоўскі ун-т (1903) і выкладаў у ім. У 1916—39 праф. Кракаўскага ун-та. У 1939—40 зняволены фашыстамі ў канцлагеры Заксенгаўзен. У 1945—47 дырэктар аддзела Польск. АН. Вывучаў генеалогію, геральдыку, сфрагістыку, палеаграфію, гіст. геаграфію і картаграфію феад. Польшчы і ВКЛ. Выдаў «Акты уніі Польшчы з Літвою 1385—1791» (з С.​Кутшэбам), «Дыпламатычны кодэкс кафедральнага сабора і Віленскай дыяцэзіі» (з Я.​Фіялкам).

т. 15, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЛА (Filla) Эміль (14.4.1882, г. Хропіне, Чэхія — 7.10.1953),

чэшскі мастак, мастацтвазнавец. Вучыўся ў АМ у Празе (1903—06). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе ў Празе. Прадстаўнік антыфаш. кірунку ў чэшскім мастацтве 1930-х г. У 1939—45 зняволены ў канцлагер. У творах звяртаўся да прыёмаў экспрэсіянізму і кубізму, якія вылучаюцца фарбавай экспрэсіяй, драматызмам, алегарычнасцю: «Фашызм» (1937), «Барацьба льва з быком» (1938), «Будзе вайна, будзе...» (1939), «Бухенвальд» (1947). Аўтар серый, кампазіцый «Балады» (1939), нацюрмортаў (1947—48), пейзажаў «Чэшскае міжгор’е» (1949—52).

Тв.:

Otázky na úvahu. Praha, 1930;

O výtvarném umění. Praha, 1948.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАСЛА́Ў ЯРАПО́ЛЧЫЧ (?—11 8.1102),

князь луцкі і берасцейскі. Сын уладзіміра-валынскага і тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча. Пры жыцці бацькі ў 1079 валодаў Луцкам. У пач. 12 ст. авалодаў Бярэсцем (Брэстам), якое, відаць, разлічваў захаваць за сабою як кампенсацыю за адабраныя кіеўскім кн. Святаполкам Ізяславічам свае былыя ўладанні. У 1101 Я.Я. быў захоплены ў Бярэсці Святаполкам і зняволены ў Кіеве. Пасля вызвалены, у 1102 уцёк ад Святаполка ў Берасцейскую зямлю, але быў схоплены на р. Нур сынам Святаполка. Памёр у зняволенні.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РУТ (Bierut) Баляслаў (18.4.1892, Руры Езуіцкія, каля г. Люблін, Польшча — 12.3.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Польшчы. З 1912 удзельнік рэв. руху. З 1918 у Камуніст. партыі Польшчы. У 1930—32 дзеяч Камуніст. Інтэрнацыянала ў Аўстрыі, Чэхаславакіі і Балгарыі. У 1933—39 зняволены ў польск. турму. У час 2-й сусв. вайны ў падполлі ў Мінску, Кіеве, Беластоку (1939—44). У 1944—47 старшыня Краёвай Рады Нарадовай. У 1947—52 прэзідэнт ПНР і старшыня Дзярж. савета. У 1952—54 старшыня Савета Міністраў. З снеж. 1948 старшыня, з сак. 1954 першы сакратар ЦК ПАРП. Пры Беруце праводзілася прасавецкая палітыка ў Польшчы.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРА́ЛА Захар Якаўлевіч (2.2.1906, в. Раўнаполле Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1993),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1934). Настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 зняволены на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Горкаўскай вобл. на лесараспрацоўках. Вызвалены ў 1940, рэабілітаваны ў 1958. Удзельнік Айч. вайны. У 1945—73 выкладчык Мар’інагорскага с.-г. тэхнікума. Друкаваўся з 1925. У 1929 пад псеўд. Захар Бульбянік выдаў зб. «Смех і радасць вёскі» (гумарыст. вершы, частушкі). Аўтар зб-каў лірыкі, жартаў і гумарыстычных вершаў «Цвітуць кветкі», «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), «Ружы і крапіва».

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНКІ́ (Blanqui) Луі Агюст (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),

французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл. Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́НЧЫКАЎ Моталь Абелевіч (25.3.1896, г. Краслава, Латвія — 11.11.1935),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1912. З 1919 у Чырв. Арміі, нам. нач. палітаддзела 17-й дывізіі на Зах. фронце. З канца 1920 нам. наркома працы БССР. З ліст. 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага акр. к-та КПП. У 1922—28 зняволены ў турмах Польшчы. У 1928—35 чл. Бюро ЦК КПЗБ, кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Дэлегат I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ, VI (1932) з’езда КПП, VII кангрэса Камінтэрна.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ Рыгор Арцёмавіч (5.12.1885, г. Жлобін — 23.12.1976),

удзельнік рэв. руху, гасп. дзеяч. Вёў рэв. прапаганду сярод салдат, адзін са стваральнікаў рэв. ваен. саюза ў Верхняудзінску (Улан-Удэ). У 1906 і 1907 арыштаваны; на 3 гады зняволены ў Акатуйскую турму, з 1911 у ссылцы ў Якуцку. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на гасп. рабоце ў Гомелі. У грамадз. вайну на Зах. фронце. З 1922 камісар, упаўнаважаны Упраўлення Бел. чыгункі, кіраўнік па забеспячэнні буд-ва чыг. магістралі Турксіб. З 1935 у ін-це Транстэхпраект Мін-ва шляхоў зносін. Аўтар успамінаў «З рэвалюцыйнага мінулага» (2-е выд. Улан-Удэ, 1968).

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКАНЕ́Ц Мар’ян Фёдаравіч (каля 1799 — ?),

дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)