партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.Д.Камкоў, М.А.Натансон, М.А.Спірыдонава і інш.Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс.чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.
Літ.:
Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;
Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;
Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́РЫХ (сапр.Рорых) Мікалай Канстанцінавіч
(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),
расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз.чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.Куінджы, у студыі Ф.Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.
Тв.:
Врата в будущее. Рига, 1991;
Нерушимое. Рига, 1991;
Твердыня Пламенная. Рига, 1991;
Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;
Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;
Знамя Мира. М., 1995;
Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;
Цветы Мории. Мн., 1997;
Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;
Алтай — Гималаи. М., 1999;
Шамбала. Мн. и др., 2000.
Літ.:
Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;
Н.К.Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст.М., 1978;
Держава Рериха. М., 1994;
Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн. Кн 1. М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІ́СТЫ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РЫ, эсэры,
палітычная партыя ў Расіі ў 1901—23. Узнікла ў канцы 1901—пач. 1902 у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. Кіраўнікі ў розны час: Р.А.Гершуні, В.М.Чарноў, Е.Ф.Азеф, Б.В.Савінкаў, А.Р.Гоц, М.В.Аўксенцьеў, У.М.Зензінаў. Друкаваныя органы: газ. «Революционная Россия», «Знамя труда», час. «Вестник русской революции» і інш.Асн. мэта — экспрапрыяцыя капіталіст. уласнасці, рэарганізацыя вытв-сці і ўсяго грамадскага ладу на сацыяліст. прынцыпах. Партыя прапаведавала тэорыю «адзінага працоўнага народа» (сяляне, рабочыя, рэв. інтэлігенцыя), якому павінна належаць улада і ўласнасць. Праграма (прынята на 1-м з’ездзе ў 1906) змяшчала патрабаванні дэмакр. рэспублікі, усеагульнага выбарчага права, свабоды слова, друку, сходаў, адукацыі за кошт дзяржавы, скасавання пастаяннай арміі. С.-р. лічылі сялянства гал. сілай рэвалюцыі, выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай уласнасці ва ўсенар. набытак), яе ўраўняльнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё с.-г. кааперацыі. У нац. пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыянальнасцямі, прызнання за імі безумоўнага права на самавызначэнне. У рэвалюцыю 1905—07 С.-р. ўдзельнічалі ва ўзбр. выступленнях у Маскве (снеж. 1905), Кранштаце і Свеаборгу (лета 1906), кіравалі шматлікімі сял. паўстаннямі, мелі прадстаўнікоў у Дзярж. думе, Саветах рабочых дэпутатаў, ва Усерас.сял. саюзе. Але асн. сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя яны лічылі індывід. тэрор. У 1901—12 эсэры ажыццявілі 200 тэрарыст. актаў, забілі 12 міністраў і 450 дзярж. служачых. У 1906 з партыі С.-р. вылучыліся групы, з якіх утварыліся партыі максімалістаў і народных сацыялістаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 эсэры легалізаваліся. Разам з меншавікамі яны падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада (ад эсэраў у яго увайшлі А.Ф.Керанскі, Аўксенцьеў, Чарноў, С.Л.Маслаў). Іх прадстаўнікі фактычна панавалі ў Саветах сялянскіх дэпутатаў, разам з меншавікамі мелі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах. Летам 1917 з партыі С.-р. вылучылася фракцыя (са снеж. 1917 — самаст. партыя) левых эсэраў. С.-р. варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 (высунулі лозунг «Ўся ўлада Устаноўчаму сходу!»). У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—22 яны ўваходзілі ў склад Камітэта членаў Устаноўчага сходу і інш. антыбальшавіцкіх урадаў, арганізавалі шматлікія антыбальшавіцкія паўстанні, у т. л.Антонава паўстанне 1920—21. Да 1922 большасць арг-цый эсэраў разгромлены ВЧК (на эміграцыі яны праіснавалі да канца 1930-х г.), у чэрв. 1922 у Маскве адбыўся суд. працэс над 47 кіраўнікамі партыі. Ў сак. 1923 «Усерас. з’езд былых радавых членаў партыі эсэраў» прыняў рашэнне аб яе самароспуску.
На Беларусі гурткі С.-р. дзейнічалі з 1901. Вясной 1904 для каардынацыі іх працы на тэр.бел. губерняў, а таксама Смаленшчыны і Браншчыны ўтвораны Паўн.-Зах.абл.к-т (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Паводле звестак 2-га з’езда эсэраў Паўн.-Зах. вобласці (кастр. 1906), у бел. губернях налічвалася 8863 чл. партыі. У 1905—07 С.-р. арганізавалі шэраг тэрарыст. актаў супраць мясц. царскіх чыноўнікаў. Найб. актыўнымі іх дзеячамі ў бел. губернях былі В.С.Балай, А.В.Бонч-Асмалоўскі, Е.М.Закрэўскі, А.А.Ізмайловіч, С.П.Кавалік, С.М.Малашчыцкі і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 С.-р. сумесна з меншавікамі, бундаўцамі і польскімі сацыялістамі мелі большасць у мясц. Саветах і інш. установах. Паводле няпоўных звестак, на Беларусі летам 1917 дзейнічалі 22 эсэраўскія арг-цыі. У жн. 1917 на Зах. фронце налічвалася 32—33 тыс. членаў партыі. Восенню 1917 у сувязі з пераходам большасці членаў нізавых арг-цый С.-р. на бок бальшавікоў колькасць эсэраў на Зах. фронце скарацілася да 12 тыс. На выбарах ва Устаноўчы сход у бел. губернях і на Зах. фронце за партыю С.-р. прагаласавала 32,2% ад тых, хто галасаваў. Эсэры ўдзельнічалі ў рабоце Усебеларускага з’езда 1917, уваходзілі ў склад Нар. сакратарыята Беларусі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак пры галасаванні 25.3.1918 3-й Устаўнай граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР, яны ўстрымаліся, а пасля падтрымкі часткай членаў Рады БНР вітальнай тэлеграмы герм. кайзеру Вільгельму II (25.4.1918) выйшлі з яе складу. Як і ў Расіі, эсэры ў Беларусі выступілі супраць Брэсцкага міру 1918 і камбедаўскай палітыкі бальшавікоў, вялі ўзбр. барацьбу супраць сав. улады. У 1918 частка С.-р. перайшла тут ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (вылучылася з Беларускай сацыялістычнай грамады, самараспусцілася ў 1924).
Літ.:
Гусев К.В. Партия эсеров: от мелкобуржуазного революционаризма к контрреволюции: Ист. очерк. М., 1975;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в.—февр. 1917 г.). Мн., 1994.