сямейства птушак атр. жураўлепадобных. 11 родаў, 24 віды. Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Афрыкі, Еўразіі і Аўстраліі. Найб. вядомыя: драфа звычайная (Otis tarda), стрэпет (Tetrax tetrax), джэк, або драфа-красуня (Chlamydotis undulata). На Пд Беларусі раней трапляліся драфа звычайная (нар. назвы дроп, крохва), занесеная ў Чырв. кнігу (1-е выд.), і стрэпет.
Вялікія і сярэдніх памераў птушкі, маса 1—23 кг. Самцы большыя за самак. Апярэнне шчыльнае, разнастайнай афарбоўкі. Шыя сярэдняй даўжыні, тоўстая. Ногі моцныя, доўгія, трохпальцыя, з цвёрдымі мазолістымі падушачкамі. Хвост кароткі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Гняздо на зямлі, нясуць 2—5 яец. Корм разнастайны, пераважна раслінны. Ахоўваюцца, разводзяцца штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРНІ́ЦА (Linaria),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца ўсюды З. звычайная, або лянок (L. vulgaris), у паўд. раёнах — жаўтазелялістая (L. genistifolia). Растуць на палях, лугах, у лясах, каля дарог. У культуры вырошчваюць З. мяса-чырвоную (L. incarnata), якая зрэдку трапляецца як здзічэлая.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністая расліны з прамастойным ці галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце сядзячае, чаргаванае або кальчаковае. Кветкі няправільныя з трубчастым, двухгубым вяночкам жоўтага, чырв., белага, сіняга і інш. колеру, з моцна развітым нектарнікам, сабраныя ў верхавінкавыя суквецці. Плод — шматнасенная каробачка. Лек., медапосныя і дэкар. расліны. Некат. віды (напр., З. звычайная) — пустазелле, ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЦІГАЛО́ЎКІ (Jynx),
род птушак сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. 2 віды: К. звычайная (J. torquilla), пашыраная ў Еўразіі, і К. чырвонаваллёвая (J. ruficollis) — у Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі К. звычайная трапляецца ў рэдкалессях, поймавых гаях, парках, садах, каля жылля. Нар. назвы куйка, круцігаловец, крутагаловец.
Даўж. К. звычайнай да 20 см, маса да 37 г. Апярэнне зверху светла-шэрае з папярочнымі цёмнымі палосамі. Горла, грудзі, падхвосце жаўтавата-вохрыстыя з цёмным папярочным малюнкам. Ніз белы з бурымі плямкамі. Дзюба слабая, крыху загнутая на канцы. Корміцца мурашкамі, тлямі і інш. насякомымі. Гнёзды ў дуплах дрэў і пнёў. Нясе 7—12 яец. Патрывожаная выцягвае шыю, круціць галавой (адсюль назва) і шыпіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ННІЦЫ,
слінявіцы (Cercopidae, або Aphrophoridae), сямейства сысучых насякомых падатр. цыкадавых атр. раўнакрылых. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў тропіках і ўмераных зонах. Жывуць пераважна ва ўвільготненых мясцінах. На Беларусі 8 відаў; найб. пашыраны П. альховая (Aphrophora alni), звычайная, або слінявая (Philaenus spumantis), цвердакрылая (Lepyronia coleoptrata). П. звычайная шкодзіць сцёблам і лісцю пладовых дрэў, пладовых і дэкар. кустоў, суніц і інш.
Даўж. да 12 мм. Афарбоўка зеленаватая, бурая, радзей чорная або плямістая. Спіна апушаная, надкрылы шчыльныя, скурыстыя Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Лічынкі развіваюцца на раслінах у камяках пенападобнай слізі, т.зв. «зязюліны сліны» (адсюль другая назва). якую выдзяляюць спец. васковыя залозы. У тропіках некат. віды П. утвараюць капеж з выдзяленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЧКА (Clinopodium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗАФІ́ЛЫ (Drosophila),
род насякомых сям. пладовых мушак атр. двухкрылых. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, больш шматлікія ў тропіках і субтропіках (напр., на Гавайскіх а-вах больш за 300 відаў). Трапляюцца на кветках, часта на дрэвавых соках, вінных і фруктовых з-дах, у памяшканнях для агародніны і садавіны. Найб. вядомая Д. звычайная, або пладовая мушка (D. melanogaster). На Беларусі каля 30 відаў.
Даўж. да 3,5 мм. Цела стракатае, галава жоўтая, вочы чырвоныя. Жывяцца сокам раслін, прадуктамі гніення агародніны і садавіны. Лёгка разводзяцца ў лабараторных умовах, аб’ект генет. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛІ́ЦА (Oxalis),
род кветкавых раслін сям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЕЎКІ, чайкі трохпальцыя (Rissa),
род птушак сям. чаек. 2 віды: М. звычайная (R. tridactyla) і М. чырвананогая, або гаварушка (R. brevirostris). Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Чародкамі вандруюць па морах. У перыяд размнажэння ўтвараюць паселішчы на скалах і астравах. Разам з кайрамі М. складаюць асн. насельніцтва птушыных кірмашоў.
Даўж. да 40 см, маса да 400 г. Спіна і крылы зверху блакітнавата-шэрыя, махавыя пёры чорныя, з белымі плямамі на вяршынях. астатняе апярэнне белае. Кормяцца дробнай рыбай і беспазваночнымі. Нясуць 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ТКІ (Rutilus),
род рыб сям. карпавых. Каля 10 відаў, шмат падвідаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. Чародныя жылыя, паўпрахадныя і прахадныя формы, у т. л.вобла, таран. На Беларусі 1 від — П. звычайная (R. rutilus). Жыве ў азёрах, рэках, вадасховішчах.
Даўж. да 72 см, маса да 8 кг (у П. звычайнай да 32 см і 800 г). Луска буйная. Вочы жаўтавата-аранжавыя, з чырв. плямкай у верхняй частцы. Кормяцца планктонам, бентасам. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНІЦЫ (Parus),
птушкі сям. сініцавых атр. вераб’інападобных. 2 віды: блакітніца блакітная, або звычайная (P. caeruleus), і блакітніца белая, або князёк (P. cyanus). Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі блакітніца блакітная — звычайная на ўсёй тэрыторыі, блакітніца белая — рэдкі аселы від (зах. мяжа арэала віду). Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах. Блакітніца белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 13,5 см, маса да 12 г. Апярэнне белае, шаравата-зялёнае з жоўтым, блакітным і чорным. Гняздуюцца невысока ад зямлі ў дуплах дрэў, шчылінах пнёў. Кормяцца пераважна насякомымі, восенню і зімой — насеннем раслін. Карысныя птушкі.