ТАРА́Н (польск. taran ад італьян. taranto),

1) старажытная аблогавая прылада, якая выкарыстоўвалася для разбурэння крапасных сцен, вежаў і брам. Уяўляў сабой бервяно з жалезным або бронзавым наканечнікам, якое падвешвалася на канатах (ланцугах) у драўлянай рухомай вежы, што перамяшчалася на калёсах і служыла прыкрыццём для людзей, якія абслугоўвалі Т. (гл. таксама Аблогавая тэхніка).

2) Тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады (Т. гідраўлічны).

С.​В.​Папоў.

Таран.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭК (ад англ. track след, дарожка),

1) спартыўнае збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па вела- і мотаспорце. Дарожка Т. (з дрэва, бетону, асфальту) складаецца з 2 прамых адрэзкаў, злучаных нахіленымі паваротамі — віражамі.

2) У фізіцы след, што пакідае зараджаная часціца ў асяроддзі, у якім яна рухаецца. Від Т. залежыць ад прыроды і ўласцівасцей часціц. Т. назіраюць з дапамогай пузырковай камеры, Вільсана камеры і інш.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬВЕДЭ́Р (італьян. belvedere літар. прыгожы від),

1) надбудова, якая ўпрыгожвае будынак (круглая, авальная, шматгранная ў плане з зашклёнымі ці адкрытымі праёмамі, завершаная купалам), або невял. збудаванне такога тыпу ў парку на ўзвышшы, адкуль адкрываецца прыгожы далягляд.

2) Назва некаторых палацавых збудаванняў, якія знаходзяцца ў прыгожым прыродным асяроддзі (палацы ў Ватыкане, Вене, Празе, Варшаве і інш.).

Бельведэр палаца ў в. Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 18 ст.

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЕ́Я (ад лац. vinea асадны навес),

прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГА́Р (франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАНІ́Р (ад франц. caponnière ніша),

1) ранейшае фартыфікацыйнае збудаванне для вядзення флангавага агню ў двух процілеглых напрамках (паўкапанір — у адным напрамку). Да 19 ст. К. ўзводзіліся ў крэпасцях для падоўжнага абстрэлу крапасных равоў. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся ў сістэме палявых пазіцый і ўмацаваных раёнаў.

2) Абвалаванае месца стаянкі самалётаў, ракет і інш. ваен. ўзбраення і тэхнікі для аховы ад асколкаў і ўдарнай хвалі пры выбухах авіябомбаў і снарадаў.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЦВЯРЫ́К у архітэктуры,

чатырохвугольнае ў плане збудаванне або састаўная ч. кампазіцыі шатровых і ярусных храмаў. Вядомы са старажытнасці большасці народаў свету, найб. пашыраны ў бел., рус. і ўкр. драўляным дойлідстве. Чацверыком узводзілі жылыя, гасп., вытв., культавыя, грамадскія і інш. збудаванні. У сучаснай архітэктуры спалучэннем Ч. і васьмерыкоў («васьмярык на чацверыку») ствараюцца выразныя рытмічныя верт. кампазіцыі грамадз. і культавых будынкаў.

Да арт. Чацвярык. Званіца ў в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.

т. 17, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.

Схема праточнага аэратэнка.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮНЕ́Т (ваен.),

палявое або доўгатэрміновае абарончае збудаванне (умацаванне), адкрытае з тылу. Складаўся з 1—2 франтальных валоў (фасаў) з ровам наперадзе і бакавых валоў для прыкрыцця флангаў. Будаваўся ў 17 — пач. 20 ст. на важных участках абарончых пазіцый. Памеры і форма Л. вызначаліся ў залежнасці ад умоў абстрэлу мясцовасці, напрамку агню сваіх войск і праціўніка, а таксама ад памеру гарнізона, які там размяшчаўся (1—4 роты). Тыл Л. прыкрываўся засекай або рэзервам.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)