рэвалюцыйная рабочая арг-цыя народніцкага кірунку ў Кіеве ў 1880—81. Засн. вясной 1880 членамі партыі «Чорны перадзел» Л.М.Кавальскай і М.П.Шчадрыным. Праграма «Саюза» прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя, перадачу сродкаў вытв-сці ва ўласнасць народа, устанаўленне дэмакр. свабод; у якасці асн. тактыкі прапаноўвала «фабрычны тэрор» (псаванне машын, падпалы прадпрыемстваў, збіванне і забойства майстроў і фабрыкантаў). «Саюз» меў уласную друкарню, дзе друкаваў рэв. пракламацыі, распрапагандаваў каля 1000 рабочых. На працягу зімы і вясны 1881 «П.р.с.» разгромлены паліцыяй, кіраўнікі асуджаны на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),
у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П. канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П. былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНЯ́ТА (7—1264),
вялікі князь ВКЛ [1263—64], пляменнік (сын сястры) Міндоўга. Упершыню згадваецца ў лівонскай «Старэйшай рыфмаванай хроніцы» ў сувязі з падзеямі 1260—61, калі Жамойць пазбавілася часовай залежнасці ад крыжакоў і перайшла пад уладу Міндоўга. Т. быў яго намеснікам у Жамойці і адным з найбліжэйшых дарадцаў, ідэолагам сумеснай барацьбы ўсіх балцкіх народаў супраць Тэўтонскага ордэна. Адзін з арганізатараў забойства Міндоўга ў 1263, пасля чаго атрымаў велікакняжацкую ўладу. Сутыкнуўшыся з прэтэнзіямі на ўладу з боку полацкага кн.Таўцівіла, забіў яго. Неўзабаве сам быў забіты змоўшчыкамі — прыхільнікамі Міндоўга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЙ Марк (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́ГА (Cossiga) Франчэска (н. 26.7.1928, г. Сасары, Італія),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. у галіне канстытуцыйнага права ва ун-це г. Сасары. Чл.Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП, 1945—85). Дэп. парламента (з 1958) і адзін з кіраўнікоў парламенцкай групы ХДП (з 1963). У 1966—74 дзярж. сакратар у шэрагу мін-ваў, у 1974—75 міністр па рэформе сістэмы кіравання, у 1975—78 міністр унутр. спраў (рэарганізаваў паліцыю, стварыў падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам); падаў у адстаўку пасля забойства«чырвонымі брыгадамі» А.Мора. У 1979—80 прэм’ер-міністр, у 1983—85 старшыня сената. У 1985—92 прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ ТЭ ЧЖУН (н. 3.12.1925, г. Мопкха, Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў ун-т Кенхі. Чл. Новай дэмакр. партыі, кандыдат ад яе на прэзідэнцкіх выбарах 1971. Выступаў супраць аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі, неаднаразова быў арыштаваны. Пасля забойства апошняга як адзін з лідэраў апазіцыі асуджаны на пакаранне смерцю (заменена на пажыццёвае зняволенне). Вызвалены ў 1982, выехаў у ЗША. У 1985 вярнуўся на радзіму, разам з Кім Ен Самам (да 1987) узначальваў рух за дэмакратызацыю краіны. У 1991—92 лідэр Дэмакр. партыі. З 1998 прэзідэнт Рэспублікі Карэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́НЦЫП Гаўрыла (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),
удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл.Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭСЕ́Й, Тэзей,
старажытнагрэчаскі герой, цар г.Афіны (паводле традыцыі, каля 13 ст. да н.э.), вобраз якога быў у значнай ступені міфалагізаваны. Ант. традыцыя прыпісвае Т. шэраг легендарных подзвігаў (удзел у вайне з амазонкамі і паходзе арганаўтаў, перамогу над разбойнікам Пракрустам, забойства пачвары-людаеда Мінатаўра і інш.) і гіст. дзеянняў: вызваленне Афін ад гегемоніі Крыта, аб’яднанне Атыкі, заснаванне Істмійскіх гульняў, першы сац. падзел афінян на еўпатрыдаў (знаць), геамораў і дэміургаў. Культ Т. сфарміраваўся ў Афінах у 5 ст. да н.э. У яго гонар наладжваліся штогадовыя (дзень, калі паводле міфа Т. выратаваў афінскую моладзь ад Мінатаўра) і штомесячныя святы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ВАЛАД ВЯЛІ́КАЕ ГНЯЗДО́ (у хрышчэнні Дзмітрый; 22.10.1154—13.4.1212),
вялікі князь кіеўскі [1173], уладзімірскі [1176—1212]. Сын Юрыя Далгарукага. У 1155—62 князь растоўскі і суздальскі (з братам Міхаілам). У 1162 выгнаны братам Андрэем Багалюбскім і выехаў у Візантыю. Да 1168 вярнуўся на Русь, у 1173 двойчы княжыў у Кіеве. Пасля забойства Андрэя (1174) дапамог брату Міхаілу заняць уладзімірскі прастол, пасля яго смерці (1176) сам стаў вял.кн. уладзімірскім. За шматдзетнасць (8 сыноў, 4 дачкі) атрымаў мянушку Вял. Гняздо. Ваяваў з Чарнігавам, Волжска-Камскай Балгарыяй, полаўцамі і інш., значна пашырыў межы Уладзімірскага княства, трымаў у залежнасці Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,
у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл.Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр.б. Югаславіі пасля 25.6.1991.
Літ.:
Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;
Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.