ЛЕ́ЎЧАНКА (Зінаіда Мікалаеўна) (3.3.1925, г. Новачаркаск, Расія — 16.5.1980),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1971). Скончыла Харкаўскі інж.-буд. ін-т (1949). З 1975 працавала ў ін-це «Брэстграмадзянпраекг». Асн. работы ў Брэсце: жылы дом на пл. Леніна (1959), кавярня па вул. Савецкай (1960), Дом буд. арг-цый (1966), комплекс Брэсцкага інж.-буд. ін-та (цяпер Брэсцкі політэхн.ін-т), эксперым. сярэдняя школа па вул. Маскоўскай (1979, абодва ў сааўт.); праекты размяшчэння жылога і культ.-быт.буд-ва (1959—65), дэталёвай планіроўкі Паўд. жылога р-на (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы нікелю. Адрозніваюць Н.р. сульфідныя медна-нікелевыя, мыш’яковістыя і сілікатныя нікелевыя. Сульфідныя медна-нікелевыя руды магматычнага, кантактава-метасаматычнага і гідратэрмальнага паходжання, маюць 0,25—4,5% нікелю, а таксама кобальт, медзь, плаціноіды, золата, серабро, селен і тэлур; утвараюць пласты, жылы, лінзы. Гал. мінералы магнетыт, пентландыт, пірацін, халькапірыт. Мыш’яковістыя Н.р. пераважна гідратэрмальнага паходжання, гал. мінералы — нікелін, герсдарфіт, хлаантыт і інш.Сілікатныя Н.р. экзагеннага паходжання, маюць 0,75—4% і больш нікелю, 0,03—0,12% кобальту. Гал. мінералы гарніерыт, непуіт, нантраніт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДАЎСКІ МАНАСТЫ́Р ДАБРАВЕ́ШЧАННЯ Існаваў у 1730-я г. — 1918 у в. Ляды
(цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). Засн. каля 1730 як уніяцкі манастыр ордэна базыльян мечнікам ВКЛ І.Завішам. У 1792—94 пабудавана мураваная царква Дабравешчання, у 1811—50 — жылы корпус. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1818—159 вучняў),
шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр пераўтвораны ў праваслаўны. У 1918 закрыты, царква і інш. будынкі захаваліся. Помнік архітэктуры рэсп. значэння.
А.А.Ярашэвіч.
Лядаўскі манастыр Дабравешчання. Агульны выгляд царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял.Айч. вайны, пазней знесены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 17 ст. — 1832 у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. полацкім войскім К.Храпавіцкім з жонкай Тэафіляй з Сакалінскіх паміж 1628 і 1648 (найб. верагодная дата — 1640). Першыя 2 касцёлы былі драўляныя. Мураваны касцёл св. Антонія пабудаваны ў 1763—75. Уяўляў сабой 3-нефавы храм памерам 14,5 χ 9,5 сажняў з 2-вежавым фасадам, у інтэр’еры было 7 алтароў. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў царкву, пасля 1917 разбураны. Захаваўся 2-павярховы жылы корпус пач. 18 ст., помнік архітэктуры барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1760—80-я г. ў стылі барока з удзелам італьян.арх. Дж.Сака на высокім узгорку берага р. Мядзелка. Быў адм., культ. і гандл. цэнтрам горада. Напачатку забудова была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы (295 × 93 м) цэнтр. месца займалі гандл. рады. На зах. баку плошчы размяшчаліся будынак канцылярыі і суда, абапал яго сіметрычна стаялі па 3 дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гасцініца. На ўсх. баку паміж драўлянымі храмамі быў 2-павярховы з вежай будынак школы, на паўд. баку — карчма і сіметрычна ёй 2 аднолькавыя гасцініцы, на паўн. — аўстэрыя і 3 дамы рамеснікаў. Захаваліся дом урача, 3 дамы рамеснікаў, гасцініца, жылы дом. Дом урача — прамавугольны ў плане мураваны 2-павярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Гал. фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Дамы рамеснікаў прамавугольныя ў плане, 1-павярховыя, з мансардамі, накрытыя 2-схільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Гасцініца мае ідэнтычную з домам урача аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў 19 ст. дамоў рамеснікаў. Гал. фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных аконных праёмаў.
С.Г.Багласаў.
Пастаўскі архітэктурны ансамбль: 1, 2 — дамы рамеснікаў; 3 — дом урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з цэглы ў цэнтры Оршы на правым беразе р. Аршыца. У 1842 пераўтвораны ў правасл. мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны арх. комплекс касцёла Апекі Маці Божай (3-нефавая крыжова-купальная 2-вежавая базіліка; знішчаны ў 1967) і жылога корпуса. Жылы корпус — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак з вальмавым дахам. Фасады падзелены прамавугольнымі вокнамі і плоскімі нішамі, вязкамі пілястраў у прасценках, руставанымі лапаткамі, міжпаверхавымі цягамі. Абодва паверхі маюць галерэйную сістэму планіроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎДЗІ́, Гаўдзі-і-Карнет (Gaudi y Cornet) Антоніо (25.6.1852, г. Рэўс, Іспанія — 10.6.1926), іспанскі архітэктар. З 1868 жыў у Барселоне, вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе архітэктуры. У яго мудрагелістых па форме пабудовах (пераважна ў Барселоне) — у царкве Саграда Фамілія (1884—1926, не закончана), дзе ў містычным духу пераасэнсавана кампазіцыя гатычнага сабора, і ў дамах стылю мадэрн (Каса Батло, 1904—07; Каса Міла, 1905—10) пластычна сагнутыя аб’ёмы і смелыя канструкцыйныя новаўвядзенні (парабалічныя аркі, нахіленыя апоры, палегчаныя скляпенні) ствараюць уражанне фантастычных, быццам вылепленых ад рукі арганічных крывалінейных формаў.
А.Гаўдзі. Жылы дом Каса Батло ў Барселоне. 1904—07.