КАЛЯ́ГІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм.т-ра «Et cetera» (з 1993).
Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІМУМУ ЗАКО́Ну аграхіміі,
папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.
У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАПА́РА,
тэрмаадчувальны элемент з 2 паслядоўна злучаных метал. праваднікоў ці паўправаднікоў (гл.Тэрмаэлемент). Дзеянне заснавана на Зеебека з ’яве.
Калі месцы злучэнняў (кантакты) электраправодных элементаў знаходзяцца пры розных т-рах, то ў ланцугу Т. ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, тым большая, чым большая рознасць т-р кантактаў. У спалучэнні з электравымяральнымі прыладамі (мілівальтметрам, патэнцыяметрам і інш.) Т. ўтварае тэрмаэл. тэрмометр (пры вымярэнні т-ры адзін з кантактаў вытрымліваецца пры пастаяннай т-ры; дыяпазонт-р, якія вымяраюцца, залежыць ад матэрыялаў тэрмаэлектродаў — 4—2800 К). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання тэхнал. працэсамі.
Уключэнне тэрмапары ў вымяральны ланцуг: а — вымяральная прылада 1 падключана злучальнымі правадамі 2 да канцоў тэрмаэлектродаў 3 і 4; б — у разрыў тэрмаэлектрода 3; T1 і T2 — тэмпературы адпаведна «гарачага» і «халоднага» кантактаў тэрмапары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРГА́Н, вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот),
старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,
від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г.дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.Агуновіч, Я.Ждан, А.Зайцаў, М.Кірылаў, А.Кроль, І.Харламаў і інш.
Літ.:
Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;
Бродский Б. Художник и город. М., 1965.
Э.К.Агуновіч.
Да арт.Афармленчае мастацтва. Я.Ждан. Эскіз заслоны да гала-канцэрта, прысвечанага 100-годдзю Полацкай епархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕ́РАЎ Анатоль Цімафеевіч (3.11.1931, Масква — 1986),
рускі мастак, прадстаўнік андэграўнду (плыні, альтэрнатыўнай афіц. мастацтву). Скончыў маст.-рамесніцкае вучылішча ў Маскве. У творчасці спалучаў традыцыі рус. авангарду з дасягненнямі сучаснага еўрап. мастацтва. Быў папулярны ў элітарных колах, у 1957 узнагароджаны залатым медалём маст. конкурсу Міжнар. фестывалю моладзі ў Маскве (старшыня конкурсу Д.Сікейрас), але афіц. прызнання не атрымаў. Дыяпазон яго жывапісных прыёмаў вельмі шырокі: ад фавізму да абстрактнага экспрэсіянізму («Кампазіцыя», 1959, «Коні», 1965, «Купалы», 1980-я г., «Нацюрморт з грыбамі», 1980, «Палітра мастака», 1985, «Яблык», 1986, пейзажы). Найб. віртуознасці ў тэхніках алею, акварэлі, гуашы, тушы дасягнуў у партрэтах («Мащ», «Н.Кастакі», абодва 1957, «І.Вульфовіч», 1967, «А.Сасна», 1980, «В.Шумскі», 1981, аўтапартрэты і інш.). Іл.гл. таксама да арт.Гуаш.
Літ.:
Анатолий Зверев: Живопись. Графика: Альбом. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр.муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развіццё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.
Літ.:
Теплов Б.М. Избр. тр.Т. 1. М., 1985;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;
Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРОТКАМЕТРА́ЖНЫ ФІЛЬМ,
кінафільм, у якім не больш 4—5 частак (1200—1500 м, 40—50 мін экраннага часу). У першыя гады існавання кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражныя. Паступова К.ф. пачаў развівацца як самаст. форма кінамастацтва. Вылучаюцца дакумент. (хроніка, кінанарысы і інш.), навукова-папулярныя (у т. л. вучэбныя фільмы і фільмы-лекцыі), мультыплікацыйныя і маст. К.ф.
Іх жанравы і тэматычны дыяпазон — ад кінафельетона, кінаказкі і кінанавелы да кінарэкламы і кінаплаката. Асаблівасці драматургічнай пабудовы — дакладнасць задумы, яснасць, лаканізм. Практыкуецца выпуск спец. кінапраграм, якія складаюцца з 3—4 К.ф. Першыя бел. К.ф. зняты ў 1938 («Маска» і «Мянтуз» паводле А.Чэхава; рэж. і сцэнарыст С.Сплашноў). У многіх краінах праводзяцца нац. і міжнар. кінафестывалі К.ф. (Обергаўзен, Мангейм, Лейпцыг — Германія; Кракаў — Польшча; Эдынбург — Вялікабрытанія і інш.). Іх паказы арганізуюцца і ў час кінафестываляў агульнага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ НАРО́ДНЫ ХОР, Акадэмічны рускі народны хор Расійскай Федэрацыі імя М.Я.Пятніцкага. Арганізаваны ў 1910 з нар. спевакоў Варонежскай, Разанскай і Смаленскай губ. М.Я.Пятніцкім (маст. кіраўнік хору да 1927). Выступаў у с. Аляксандраўскае (Варонежская вобл.), з 1918 — у Маскве. З 1927 прысвоена імя Пятніцкага. З 1937 у складзе Маскоўскай філармоніі. З 1940 — сучасная назва, з 1967 — акадэмічны. У 1938 рэарганізаваны: павялічана хар. група, створаны аркестр нар. інструментаў і танц. калектыў. Сярод кіраўнікоў хору П.Казьмін, У.Захараў, М.Коваль, В.Левашоў. Асаблівасць хору — вял.дыяпазоннар. музыкі, імкненне да «маляўнічага выканання песні» (паводле слоў Пятніцкага), тэатралізацыя, разыгрыванне сцэн сял. жыцця на фоне дэкарацый, аб’яднанне песень у цыклы («За аколіцай», «Вячоркі», «Вяселле»), частушкі, прыпеўкі, вак.-харэаграфічныя сюіты і кампазіцыі, творы сучасных кампазітараў. Пры хоры працуе фалькл. кабінет, захоўваецца вял. калекцыя нар. інструментаў і касцюмаў, сабраных Пятніцкім.