рускі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1894—98). З 1917 праф. філасофіі Маскоўскага ун-та. Арганізатар «Вольнай акадэміі духоўнай культуры ў Маскве» (1919). У 1922 высланы з СССР, жыў у Берліне, Парыжы. Знаходзячыся пад уплывам філасофіі І.Канта, Я.Бёме, А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, У.Салаўёва, В.Разанава, абараняў ідэі экзістэнцыялізму, прапагандаваў прымат свабоды над быццём і чалавека над светам, адстойваў абсалютную каштоўнасць любой асобы і любой культуры. У працах «Філасофія свабоды» (1911), «Дух і рэальнасць» (1937), «Экзістэнцыяльная дыялектыка боскага і чалавечага» (1952) і інш. абгрунтаваў канцэпцыю т.зв. новай рэлігійнай свядомасці, або хрысціянскага персаналізму. Паводле Бярдзяева, задача чалавека ў вызваленні свайго духу з палону ўяўнага быцця і «выхадзе з рабства ў свабоду», з варожасці свету ў «касмічную любоў»; гэта магчыма толькі пры выкананні строгіх правіл і норм паводзін, сфармуляваных у Старым запавеце (этыка закону), перайманні подзвігу Ісуса Хрыста (этыка збавення), выхаванні святасці, духоўным узвышэнні асобы і яе свабоднай любові да Бога-творцы (этыка творчасці). Бярдзяеў лічыў неапраўданымі сац. рэвалюцыі, якія прыводзяць «да вынішчэння святасці», гібелі духоўнай культуры. Ён сцвярджаў, што марксізм «засланіў» чалавека класам і не здольны вырашыць праблему свабоды і актыўнасці асобы, асуджаў бесчалавечнасць, насілле і тэрор, якія сталі штодзённай практыкай таталітарных рэжымаў, у т. л. і сталінскага рэжыму ў СССР. Даследаваў праблемы інтэлектуальнай гісторыі Расіі, распрацаваў канцэпцыю т.зв. «камюнатарнасці» (абшчыннасці) або рускай самабытнасці, за мяжой выступаў як патрыёт, прадстаўнік рус. культуры і праціўнік розных формаў месіянскай і шавіністычнай ідэалогіі.
Тв.:
Новое религиозное сознание и общественность. СПб., 1907;
Душа России. М., 1915;
Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1918 (репр. изд. М., 1990);
Смысл истории. Берлин, 1923;
Тое ж.М., 1990;
О назначении человека. Париж, 1931;
Тое ж.М., 1993;
Русская идея: Осн. проблемы рус. мысли XIX — нач. XX в. Париж, 1946;
Истоки и смысл русского коммунизма. Париж., 1955 (репр. изд. М., 1990);
Философия неравенства. М., 1990;
Самопознание: (Опыт филос. автобиогр.). М., 1991;
Философия творчества, культуры и искусства. Т. 1—2. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРГЕ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,
1) тэорыі аб паступовым збліжэнні розных сац.-паліт. сістэм на аснове паглыблення ўзаемасувязі, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву паміж імі. Бярэ пачатак у канцэпцыі «стадый эканамічнага росту» амер. сацыёлага У.Ростаў, паводле якой капіталізм і сацыялізм — гэта толькі розныя варыянты «адзінага індустрыяльнага грамадства», а яго структура не залежыць ад характару форм уласнасці і грамадскіх адносін. Розныя аспекты К.т. распрацоўвалі Дж.Голбрэйт, П.Сарокін (ЗША), Р.Ароп, Ж.Фурасцье, Ф.Перу (Францыя), Я.Тынберген (Нідэрланды), Х.Шэльскі, О.Флехтхейм (ФРГ), А.Дз.Сахараў (СССР) і інш. Яны зыходзілі з таго, што аб’ектыўныя працэсы развіцця НТР і інтэрнацыяналізацыіэканам., паліт. і культ. дзейнасці, неабходнасць сумеснага вырашэння глабальных праблем чалавецтва непазбежна прывядуць да ўзнікнення новага змешанага грамадства, якое будзе спалучаць рысы і ўласцівасці капіталізму і сацыялізму. Паводле К.т., сустрэчнае збліжэнне гэтых дзвюх сусв. сістэм, прызнанне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей і інтарэсаў з’яўляюцца адзіным шляхам спынення тэрмаядзернай і экалагічнай гібелі чалавецтва, пераадолення голаду, галечы і беднасці ў розных рэгіёнах Зямлі. У 1970-я г. ў рамках К.т. распрацавана канцэпцыя «асіміляцыі» капіталізмам сацыяліст. ладу шляхам яго лібералізацыі, плюралізму і г.д. (З.Бжэзінскі, Р.Хантынгтан, К.Менерт, Э.Гелнер). Атрымала пашырэнне таксама канцэпцыя т.зв. «негатыўнай канвергенцыі», у адпаведнасці з якой процілеглыя сац.-паліт. сістэмы засвойваюць адна ў адной больш адмоўнага, чым станоўчага, што вядзе да крызісу сучаснай цывілізацыі як цэлага (Р.Хейлбранер, Г.Маркузе, Ю.Хабермас і інш.). Ідэя канвергенцыі застаецца актуальнай і ў канцы 20 ст.. калі размежаванне паміж краінамі капіталізму і постсацыялізму праходзіць не па лініі паліт. ўладкавання, а па лініі ўзроўню развіцця. Асн. элементамі сучаснай канвергенцыі прынята лічыць станаўленне рыначнай эканомікі, прававой дзяржавы, развіццё грамадзянскай супольнасці, міждзяржаўнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, прызнанне суверэннага права народаў самім вызначаць свой лёс.
2) Тэорыя псіхал. развіцця дзіцяці, распрацаваная ў пач. 20 ст.ням. псіхолагам В.Штэрнам. Засноўвалася на тым, што псіхал. развіццё дзіцяці вызначаецца канвергенцыяй унутраных (фактар спадчыннасці) і знешніх (навакольнае асяроддзе) умоў пры дамінуючай ролі фактару спадчыннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),
найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.
У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.Ц.Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.
Літ.:
Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁ,
асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.Фрэйда і Л.Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.
Літ.:
Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;
Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІЧЭ́ННЕ,
сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл.Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл.Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.
У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл.Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл.Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл.Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц.сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл.Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.
Літ.:
Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;
Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКСІ́ЗМ-ЛЕНІНІ́ЗМ,
спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар.камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамя філас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.
Літ.:
История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;
Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАГА ГРАМА́ДСТВАканцэпцыі,
філасофска-гістарычныя і сацыялагічныя канцэпцыі, якія разглядаюць «масавасць» у якасці вызначальнай характарыстыкі ўсіх працэсаў у грамадстве і даюць вытлумачэнне яго спецыфікі. Паводле гэтых канцэпцый, аб’ектыўнымі перадумовамі станаўлення М.г. сталі індустрыялізацыя і урбанізацыя, стандартызацыя вытв-сці і масавае спажыванне, вял. пашырэнне масавай культуры, сродкаў масавай камунікацыі і інфармацыі. У гіст. аспекце вылучаюць некалькі канцэпцый М.г. Элітарная (Х.Артэга-і-Гасет, О.Шпенглер, Г.Лебон, Г.Тард і інш.), у якой маса разглядаецца як «натоўп», што імкнецца заняць месца эліты — прыроднага лідэра. Настойлівае жаданне аморфнай масы кіраваць грамадствам, навязваць яму свой густ і норавы параджае аўтарытарызм, беззаконне, прыводзіць да ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Антытаталітарная (Г.Арэнт, Э.Ледэрэр, К.Мангейм і інш.), у якой М.г. разглядаецца як неаднародная і дэкласаваная супольнасць, заснаваная на жорсткай дзярж.-манапалістычнай арганізацыі, безумоўным падпарадкаванні пануючай эліце, «моцнай асобе». Характэрныя для такога грамадства працэсы атамізацыі сацыяльнай, адчужэння і канфармізму з’яўляюцца вынікам арганізаванага маніпуліравання выгаднымі для эліты настроямі мас, падтрымцы на грамадскім і бытавым узроўнях розных ірацыянальных сац.-паліт. і нацыяналістычных дактрын і рухаў. Ліберальная (Г.Дж.Блумер, Ч.Р.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром і інш.), у рамках якой на аснове крытыкі адмоўных бакоў індустрыялізму абгрунтоўваецца тэндэнцыя далейшага росту бюракратыі, грамадскай «машынерыі», уніфікацыі «масавага чалавека». Да своеасаблівасцей сучаснага М.г. прадстаўнікі гэтай канцэпцыі адносяць вял. канцэнтрацыю насельніцтва, існаванне велізарнага ўрадавага апарата, буйных эканам. арг-цый, рост дыстанцыі паміж апаратам кіравання і большасцю служачых, адносіны недаверу і нават варожасці паміж людзьмі. Дэмакратычная (Д.Бел, С.М.Ліпсет, Э.Шылс і інш), у якой працэс масавізацыі разглядаецца як разрыў сувязей, што скоўваюць масы ў традыц. грамадстве і робяць для яе даступным усё, што было раней прывілеяй эліты. Сутнасць М.г. выяўляецца ў цеснай інтэграцыі нар. мас у сістэме сац. ін-таў, засваенні масамі існуючых каштоўнасцей і рэальнага парадку, стварэнні адзінай культуры і сціранні класавых і прафес. адрозненняў.
Літ.:
Ашин Г.К. Доктрина «массового общества». М., 1971;
Яго ж. Современные теории элиты: Критич. очерк. М., 1985;
Ортега-и-Гассет Х. Восстание масс // Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Лебон Г. Психология народов и масс: Пер. с фр. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ХАРА́КТАР,
сукупнасць асн. устойлівых псіхал. якасцей, якія сфарміраваліся ў нацыі ў канкрэтных гіст., сац.-культ. і прыродных умовах яе развіцця. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (ням. пунктуальнасць, англ. традыцыяналізм, яп. працавітасць, бел. талерантнасць і інш.). Але Н.х. ў асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхал. якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нац. супольнасцей. Першапачаткова паняцце «Н.х.» выкарыстоўвалася падарожнікамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзін, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў. Першыя спробы даследавання Н.х. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі прадстаўнікамі кірунку «псіхалогіі народаў» (В.Вунт, М.Лацарус, Г.Штайнталь і інш.). У сярэдзіне 19—1-й пал. 20 ст. рабіліся спробы даследавання рус. (М.Данілеўскі, К.Кавелін, М.Лоскі, М.Бярдзяеў, Г.Шпет і інш.) і бел. (П.Шпілеўскі, А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, І.Канчэўскі, У.Самойла) Н.х. У розных тэарэт. канцэпцыях Н.х. разглядаецца як нешта прыроджанае, прадвызначанае генетычна, або як абумоўленае сац.-гіст. і культ. фактарамі і звязанае з пашыранасцю тыповых псіхал. якасцей сярод асобных прадстаўнікоў нацыі і іх суадносінамі з агульначалавечымі якасцямі. Прадстаўнікі амер.культ. (псіхалагічнай) антрапалогіі (Ф.Боас, Р.Бенедыкт, М.Мід, А.Кардынер, Р.Лінтан, К.Дзюбуа і інш.) лічылі, што ў кожнай культуры складваецца спецыфічны, адносна ўстойлівы тып асобы, выяўленне якога (а значыць, і Н.х.) магчыма дзякуючы вывучэнню асаблівасцей першаснай сацыялізацыі дзяцей. Яны вызначалі асаблівасці Н.х., зыходзячы з канцэпцый «базавай структуры асобы» (комплекс тыповых псіхал. якасцей, уласцівых прадстаўнікам адной нац. культуры) і «мадальнай асобы» (найб. распаўсюджаны ў дадзенай культуры тып асобы). Адсюль атаясамліванне Н.х. з ідэяй адзінай для грамадства структуры асобы, абсалютызацыя міжкульт. і недаацэнка ўнутрыкульт. адрозненняў паміж індывідамі. Н.х. нярэдка разглядаецца ў рамках даследавання праблемы менталітэту. У апошні час псіхал. адметнасці розных народаў даследуюцца праз выяўленне базавых каштоўнасцей, этнічных стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вывучаюцца ў межах этнічнай псіхалогіі. У даследаваннях Н.х. выкарыстоўваюцца этнаграфічныя метады збору інфармацыі, псіхааналіз як спосаб асноўнай інтэрпрэтацыі, а таксама псіхал. тэсты.
Літ.:
Кон И.С. К проблеме национального характера // История и психология. М., 1971;
Дейкер Х.П.Й., Фрейда Н.Х. Национальный характер и национальные стереотипы: Пер. с англ. // Современная зарубежная этнопсихология. М., 1979;
Стефаненко Т.Г. Этнопсихология. М., 1999;
Kardiner A. The psychological frontiers of society. New York, 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎНАС (Kaunas),
горад у Літве, на р. Нямунас (Нёман), пры ўпадзенні р. Нярыс (Вілія). 420 тыс.ж. (1997). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. металаапр, (станкі, электраматоры, тэлевізары і інш.), лёгкая (тэкстыль, трыкатаж і інш.), харч., паліграф., хім. (штучнае валакно і інш.), дрэваапр. і інш., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ГЭС. 5 ВНУ (у т. л.політэхн., медыцынскі). Традыцыйны цэнтр маст. рамёстваў.
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1030. У 14 ст. крэпасць ВКЛ, на якую нападалі ням. крыжакі (1362, 1385, 1391, 1400). З 15 ст.гандл. і рамесніцкі цэнтр, карыстаўся магдэбургскім правам (з 1408). Паводле Люблінскай уніі 1569 адышоў да Рэчы Паспалітай; неаднойчы быў разбураны, асабліва ў час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654—67, вайны 1700—21, паводак 1625 і 1715, пажару 1800 (згарэла трэцяя ч. горада). З 1795 у складзе Рас. імперыі (наз. Коўна), з 1843 цэнтр Ковенскай губ. У 1812 акупіраваны і зруйнаваны франц. войскамі Напалеона I Банапарта. Адзін з цэнтраў вызв. паўстанняў 1830—31, 1863—64. У 1919—40 сталіца Літвы. Пасля абвяшчэння 21.9.1940 сав. улады ў складзе Літ. ССР (з 1991 Літ. Рэспубліка). У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (24.6.1941—1.8.1944). У 1950—53 абл. цэнтр Літ. ССР.
Большасць помнікаў архітэктуры ў Старым горадзе (Сянамесцісе): руіны замка (13—16 ст.), касцёл Вітаўта (закладзены ў 14 ст.), кафедральны сабор Пятра і Паўла (1413, дабудаваны ў 17 ст.), т. зв. Дом Пяркуна (канец 15 — пач. 16 ст., рэканструяваны ў 18 ст.) — усе готыка, б. палац Масальскіх (пач. 17 ст.; рэнесанс), ратуша (16—19 ст., арх. Б.Хайноўскі, прыбудова вежы і рэканструкцыя фасадаў 1771, арх. І.Мацекерас; готыка, рэнесанс, барока), манастыр камальдалійцаў у Пажайслісе (1667—1712, арх. Л.Фрэда, К. і П.Пуціні; барока), сядзібны дом у Аўкштаі-Фрэда (канец 18 ст.; класіцызм). Паводле генпланаў 1847 і 1871 на У ад Старога горада ўзнікла новая частка К. з рэгулярнай планіроўкай (сабор, 1891—95, арх. К.Лімарэнка; цяпер Галерэя вітража і скульптуры; псеўдавізант. стыль). У 1920—40 К. інтэнсіўна развіваўся: будынкі банка (1924—29, арх. М.Сангайла; неакласіцызм), вет. акадэміі (1930—31, інж. Й.Ясюкайціс; мадэрн), паштамта (1931—32, інж. Ф.Візбарас), Музея Вітаўта Вялікага (1933—36, арх. І.Дубянецкі; цяпер музеі гістарычны і імя М.К.Чурлёніса), гандл.-прамысл. палаты (1937—38, арх. В.Ландсбергіс-Жамкальніс; цяпер б-ка).