ІНТУІ́ЦЫЯ (ад лац. intueri пільна, уважліва ўглядацца),
здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання з дапамогай лагічных доказаў. Ант. філосафы разглядалі І. як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон) і вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). Вылучаюць пачуццёвую, інтэлектуальную, эмацыянальную, містычную І. Пачуццёвая выяўляецца незалежна ад інтэлекту ў розных вобразах, пачуццях і перажываннях. Інтэлектуальная з’яўляецца формай непасрэднага, інтэлектуальна-інтуітыўнага спасціжэння сутнасці розных феноменаў быцця (Э.Гусерль). Эмацыянальная праяўляецца ў эмацыянальных актах пазнання вечных, абсалютных каштоўнасцей (М.Шэлер). Містычная І. — неўсвядомлены працэс Божага адкрыцця, таямнічага азарэння (Ж.Марытэн). У ням. класічнай філасофіі практычна атаясамлівалася з «інтэлектуальным сузіраннем» (Ф.Шэлінг). У інтуітывізме тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб’екта з аб’ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А.Бергсон). У «філасофіі жыцця» І. супрацьстаіць навук. пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З.Фрэйд). Аналітычная псіхалогія разглядае І. як адну з асн. псіхал. функцый, што дазваляе чалавеку атрымліваць інфармацыю шляхам непасрэднага ўспрымання жыццёвых падзей на ўзроўні падсвядомасці (К.Г.Юнг). У экзістэнцыялізме тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навук. задач стварэнні арыгінальных маст. твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у паўсядзённым жыцці чалавека.
Літ.:
Налчаджян А.А. Некоторые психологические и философские проблемы интуитивного познания: (Интуиция в процессе науч. творчества). М., 1972;
Ярвилекто Т. Мозг и психика. М., 1992;
Петухов В.В. Психология мышления. М., 1987;
Васильев И.А., Поплужный В.Л., Тихомиров О.К. Эмоции и мышление. М., 1980.
Э.С.Дубянецкі.
т. 7, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)