МУЗЕ́Й ПАРТЫЗА́НСКАЙ СЛА́ВЫ Створаны ў 1971 ва ўрочышчы Хаваншчына (за 3 км на Пд ад в Корачын) Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., дзе ў 1943—44 у Вял. Айч. вайну базіраваліся Брэсцкія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партыз. злучэння, рэдакцыя і друкарня падп. газ. «Зара»; філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 960 адзінак асн. фонду (1999). Уключае 4 драўляныя домікі, 2 зямлянкі, калодзеж, «Лясную школу». У доміках экспанаты пра дзейнасць падп. абкомаў, штаба партыз. злучэння, барацьбу моладзі супраць ням. фашыстаў, работу рэдакцыі газеты, партыз. шпіталя і інш.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАДВО́РСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1648—1817 у в. Новы Двор (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. Р.​М.​Валадковічам, які адпісаў яму 2 часткі свайго маёнтка Новы Двор і падначаліў Грозаўскаму манастыру. У сярэдзіне 18 ст. заняты уніятамі, пазней вернуты праваслаўным і прыпісаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся. Ў манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, намаляваны, паводле легенды, у 13 ст. кіеўскім мітрапалітам Пятром. У 19 ст. абраз перавезены ў Суражыцкі манастыр Чарнігаўскай епархіі.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1672—1864 у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. віленскім канонікам Т.​Гірскім. Першапачаткова касцёл і жылы корпус былі драўляныя і, як заўважыў дамініканскі гісторык Р.​Шымак (1755), «увесь вельмі прыгожы». У 1774 закладзены мураваны касцёл Маці Божай, аднак асн. буд-ва вялося ў 1801—04, таму познабарочная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай атрымала класіцыстычны фасад. У 1781—1804 пабудаваны мураваны жылы корпус. Пасля скасавання кляштара касцёл дзейнічаў як парафіяльны, разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў у 17 ст. — 1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. полацкім войскім К.​Храпавіцкім з жонкай Тэафіляй з Сакалінскіх паміж 1628 і 1648 (найб. верагодная дата — 1640). Першыя 2 касцёлы былі драўляныя. Мураваны касцёл св. Антонія пабудаваны ў 1763—75. Уяўляў сабой 3-нефавы храм памерам 14,5 χ 9,5 сажняў з 2-вежавым фасадам, у інтэр’еры было 7 алтароў. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў царкву, пасля 1917 разбураны. Захаваўся 2-павярховы жылы корпус пач. 18 ст., помнік архітэктуры барока.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 18 ст. ў мяст. Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Драўляныя збудаванні былі абнесены валам і астрогам. У цэнтры замкавага двара стаяў гал. жылы дом з сенцамі (2 жылыя пакоі, алькеж, 3 каморы), накрыты драніцай; унутры сцены памяшканняў атынкаваны. Непадалёку стаялі турма, дом старасты (меў сенцы, 2 жылыя памяшканні, камору), варыўня, пякарня. Гасп. двор уключаў 2-павярховую скарбніцу, свірны, вазоўню, стайню, пограб, з замкам злучаўся варотамі. Па-за межамі Р.з. размяшчаўся комплекс са стадолай, гумном з 2 асецямі, броварам.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. У 16 ст. быў бастыённым, але меў і драўляныя ўмацаванні. Горвальскі замак з’яўляўся важным пунктам кантролю за пераправай цераз Бярэзіну і водным шляхам да Дняпра. У час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—51 укр. казакі разбілі ў 1648 пад Горвалем войска стражніка ВКЛ Мірскага і авалодалі замкам. У ліст. 1654 казакі ўкр. гетмана І.​Залатарэнкі бралі Горвальскі замак штурмам, у выніку ён быў спалены. Пазней адноўлены, але ў час Паўн. вайны 1700—21 канчаткова знішчаны.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІТНІ́ЦКАЯ (Алена Дзмітрыеўна) (8.10.1919, Масква — 5.7.1981),

расійскі гісторык архітэктуры. Канд. тэхн. н. (1947). Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1941). З 1941 працавала ў НДІ прамысл. збудаванняў, тэорыі і гісторыі архітэктуры ў Маскве. Адзін з першых даследчыкаў помнікаў жылой, грамадз. і культавай архітэктуры Беларусі: «Старыя гарадскія драўляныя дамы паўднёва-заходняй Беларусі» (1961), «Планіроўка Гродна ў XVI—XVIII стст.» (1964), «Малавядомыя зальныя збудаванні Беларусі канца XV—пачатку XVI ст.» (1967), «Калегіумы Беларусі XVII ст.» (1969), «Адміністрацыйныя будынкі Беларусі канца XVIII ст.» (1972) і інш.

Тв.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 6. М., 1968 (у сааўт.).

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СКАЎСКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 15—17 ст. каля в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на беразе рэчкі. Па перыметры квадратнага ў плане (68 × 68 м) замчышча насыпныя валы. За імі з 3 і Пд быў вадзяны роў і яшчэ адзін меншы вал (шыр. ў аснове 4 м). На вуглах замчышча стаялі драўляныя вежы (дыяметр 8 м, не зберагліся). 3 Пн і У замак акружалі балоты, з Пд і З на адлегласці 90 м — дугападобныя вал і роў. Зберагліся зах. вал (шыр. ў аснове 10 м, у сярэдзіне ўезд у замак) і часткова паўднёвы.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на правым беразе р. Уша, як цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна. Умацаваны землянымі валамі, на якіх стаялі драўляныя сцены-гародні і вежы. У 17 ст. на вуглах замка пабудаваны бастыёны. Зведаў разбурэнні і пажары ў канцы 14 ст., у 1519 (двойчы), 1533. У 1708 умацаванні замка выкарыстоўваліся ў бітве паміж рус. атрадам і групоўкай шведскіх войск. У 17—18 ст. у замку знаходзілася рэзідэнцыя кн. Агінскіх. На яго тэрыторыі ў 16—18 ст. быў мураваны храм. М.з. разбураны ў канцы 18 ст. Археал. даследаванні замка праводзіў М.​А.​Ткачоў (1976, 1980).

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)