АПУ́КА,

бел. нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.

Беларуская народная гульня апука.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,

бел. нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць ў бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».

Я.​Р.​Вількін.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЗ (ад англ. quiz праверачнае апытанне, віктарына),

радыё- і тэлевізійная гульня на кемлівасць і эрудыцыю з пытанняў і адказаў на розныя тэмы; літ. або муз. тэлевіктарына з прызамі для пераможцаў і ўдзельнікаў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСВО́РД (англ. cross-word ад cross крыж + word слова),

крыжаванка, гульня-задача, у якой фігуру з перакрыжаванымі радамі клетак патрэбна запоўніць літарамі так, каб па вертыкалях і гарызанталях атрымаліся словы зададзенага значэння.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́ «ДА КРЫЖА́»,

бел. народная спарт. гульня. Нагадвае вольную барацьбу. Барцам дазваляецца штурхаць адзін аднаго, рабіць падножкі, хапаць за ногі. Перамагае той, хто прыцісне саперніка спінай да зямлі і ўтрымае яго рукі, разведзеныя ў бакі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гуські (спарт. гульня) 2/258—259; 4/96

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫКЕ́Т (англ. cricket),

спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.

У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́ЛА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць дзве каманды. Кожная выбірае вядучага. Ён моцна б’е палкай з загнутым канцом па буле (драўляным шары) і гоніць яе па зямлі ў бок праціўніка, каманда памагае яму. Праціўнікі стараюцца перахапіць і вярнуць булу да ўмоўленай мяжы.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)