сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.
Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІ́СТЫКА (франц. bonistique),
дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканам. і паліт. гісторыі грамадства. Узнікла ў пач. 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.
Першыя папяровыя грошы вядомы ў Кітаі з пач. 9 ст.; з 1690 вядомы ў Паўн. Амерыцы, з 1769 — у Расіі, З 1794 — V Рэчы Паспалітай. На Беларусі вядомы з часоў далучэння да Рас. імперыі (на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. пасля 1772, у зах. губернях Беларусі — з 1794). У 1843—1917 абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 кап. да 500 руб. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да т.п.) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэліг. суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш. У час 1-й сусв. вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і інш.). Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыі 1917, у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзярж. пазыкі і іх купонаў. У часы герм. і польск. акупацыі Беларусі (1915—20) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мяст. Колышкі (Віцебская вобл), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі рас. рублі, фінскія маркі, ням. пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, укр. карбованцы. У Зах. Беларусі абарачаліся польск. маркі, з 1924 — злотыя. На тэр.БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (сав. рублі, акупац. маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена сав. грашовае абарачэнне. У 1992 Нац. банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у якасці самаст. плацежнага сродку разліковыя білеты вартасцю ў 50 кап., 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 руб.
Да арт. Баністыка. Бона, выпушчаная ў час паўстання 1794.Да арт. Баністыка. Агульнагарадская бона, выпушчаная Гомельскім гарадскім самакіраваннем у 1918.Да арт. Баністыка. Разліковая квітанцыя, выпушчаная для абарачэння ў лагерах асобага прызначэння. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІ БІЛЕ́Т, банкнота,
крэдытны грашовы знак, што выпускаецца эмісійным банкам наўзамен метал.грошай. З’явіліся з развіццём крэдытных адносін, асабліва пашырыліся ў 17 ст. Банкаўскі білет — даўгавое абавязацельства яго ўладальніка, на якое можна набыць любы тавар (паслугі). Напачатку такім даўгавым абавязацельствам быў вэксаль, на змену якому прыйшлі банкаўскія білеты. У 18—19 ст. яны свабодна абменьваліся на золата. З 1920-х г. у большасці краін (за выключэннем Швейцарыі) залатое забеспячэнне банкнотаў не прадугледжана. І хоць эмісійныя банкі працягваюць выпуск банкаўскіх білетаў, яны сталі аднолькавым плацежным і разліковым сродкам нараўне з грашовымі знакамі. Усе разліковыя білеты, што выпускае Нац. банк Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца яго банкаўскімі білетамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КУПЫ,
катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.
2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́Г, заклад,
1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.
2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.
3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Ну эканоміцы,
узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч.вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.
Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл.Бартэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗНАЯ́ЎНЫ РАЗЛІ́К,
разлік без удзелу наяўных грошай — шляхам пераводу (пераліку) пэўнай сумы з рахунку плацельшчыка на рахунак крэдытора ў крэдытных установах ці шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. У нац. абароце выконваецца: плацежнымі патрабаваннямі, даручэннямі, патрабаваннямі-даручэннямі, чэкамі, акрэдытывамі, вэксалямі, інкасавымі даручэннямі. Найчасцей безнаяўныя разлікі звязаны з інкасаўскімі аперацыямі банкаў, калі банк паводле даручэння свайго кліента і на аснове разліковых дакументаў атрымлівае грашовыя сродкі, якія належаць гэтаму кліенту, ад інш. суб’ектаў гаспадарання і залічвае іх на рахунак атрымальніка (кліента). Плацяжы па безнаяўных разліках ажыццяўляюцца: пасля адгрузкі (водпуску) прадукцыі, выканання работ, аказання паслуг ці як папярэдняя аплата на агавораных (устаноўленых) умовах; са згоды плацельшчыка і пры наяўнасці сродкаў на яго рахунку ці крэдыту, прадугледжанага дагаворам. Безнаяўныя разлікі выкарыстоўваюцца і ў міжнар.эканам. адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАЗІ́Т (ад лац. depositum рэч, аддадзеная на захаванне),
1) грашовыя сродкі або каштоўныя паперы, якія змяшчаюцца для захавання ў крэдытныя ўстановы. Тэрміновы Д. належыць вяртанню па сканчэнні пэўнага тэрміну, бестэрміновы — па першым патрабаванні ўкладчыка. Дакументам, які сведчыць аб дэпаніраванні грашовых сродкаў у крэдытнай установе юрыд. асобай, з’яўляецца дэпазітны сертыфікат.
2) Грашовая сума або каштоўныя паперы, якія ўносяцца даўжніком у суд. ўстановы для перадачы крэдытору (напр., у забеспячэнне іску) і адм. ўстановы (напр., узнос у натарыяльную кантору кватэрнай платы ў выпадку спрэчкі аб яе памеры).
3) Сума грошай, якая ўяўляе сабой абумоўленую частку агульнай вартасці ф’ючэрснага кантракта (гл. ў арт.Ф’ючэрс) або цвёрдую суму, якая павінна быць аплачана членам біржы разліковай палаты, а кліентамі — брокеру, калі кантракт рэгіструецца.