сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.
Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл.Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс.км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн. Амерыкі 8,2, Паўд. Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс.км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.
Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км³ за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ КАНТЫНЕ́НТАЎ павольныя (да некалькіх сантыметраў за год) гарызантальныя перамяшчэнні вял. участкаў зямной кары (кантынентаў); гл. ў арт.Мабілізм і Тэктанічныя гіпотэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ,
1) удзельная забяспечанасць рачным сцёкам адзінкі плошчы тэрыторыі ці аднаго жыхара за пэўны перыяд. На Беларусі водазабяспечанасць мясцовым рачным сцёкам складае ў сярэднім 164 тыс.м³ за год на 1 км² ці 3,3 тыс.м³ за год на 1 жыхара; з улікам паступлення з суседніх краін — сумарным рачным сцёкам — водазабяспечанасць адпаведна 279 тыс.м³ і 5,6 тыс.м³ (1995).
2) Ступень задавальнення вадой водакарыстальніка ў параўнанні з разліковай аптымальнай патрэбнасцю ў вадзе. Вызначаецца праектам або планам водакарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДЗЕ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (13.4.1899, г. Адэса, Украіна — 1.5.1934),
расійскі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929). У 1925—29 узначальваў «Вытворчы калектыў студэнтаў-кампазітараў Маскоўскай кансерваторыі». Аўтар хар. твораў на рэв. тэмы «На дзесятай вярсце», «Вуліца хвалюецца». Найб. папулярныя яго песні на словы М.Асеева («Конніца Будзённага», «Першая конная», «Вінтовачка»), Дз.Беднага («Нас пабіць, пабіць хацелі»), А.Жарава, М.Святлова і інш. Аўтар опер «1919 год» (1931) і «1905 год» (1935, разам з Б.Шэхцерам), зборніка для фп. песень народаў Паўн. Каўказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ АЛАТА́У,
зімовы сорт яблыні казахскай селекцыі. Атрыманы з сеянцаў сорту Ранет арлеанскі ад свабоднага апылення. На Беларусі вырошчваюць у гаспадарках Гродзенскай вобл. і садаводы-аматары.
Дрэва сярэднярослае, з шырокаавальнай кронай, пладаносіць на 5—6-ы год пасля пасадкі (на клонавых прышчэпах — на 2—3-і год). Плады сярэдняй велічыні (100—115 г) шырокаканічныя, светла-жоўтыя, з лёгкім аранжавым румянцам, дэсертнага прызначэння. Выспяваюць у пачатку кастр., захоўваюцца да крас.—мая. Мякаць шчыльная, дробназярністая, сакаўная, духмяная. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы, ураджайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РКАВЫ ДУБ (Quercus suber),
кветкавая расліна сям. букавых. Пашыраны ў прыморскім поясе (на выш. да 400—500 м) Зах. Міжземнамор’я. Культывуецца на Пд Еўропы, Каўказе, у Кітаі.
Вечназялёныя дрэвы выш. да 20 м, дыяметр ствала каля 1 м. Карані глыбокія, стрыжнёвыя. Лісце зубчастае або суцэльнакрайняе, знізу шэрае, апушанае. Тычынкавыя кветкі ў каташках, песцікавыя — адзіночныя. Плод — жолуд. На 3—5-ы год ствол і буйныя галіны пакрываюцца коркам. Спеласць корку настае на 15—20-ы год. Выкарыстоўваюць у прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСТЭПАВЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх лясная расліннасць чаргуецца са стэпавай. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і субтрапічных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў.
Ва ўмераным поясе Л.з. займаюць найб. плошчы на тэр. Еўразіі, дзе выцягнуты суцэльнай паласой ад перадгор’яў Карпат да Алтая. У Паўн. Амерыцы яны займаюць значныя тэрыторыі ўздоўж Скалістых гор. Паводле характару расліннасці Л.з. падзяляюцца на шыракалістыя, хвойна-драбналістыя і прэрыі (на тэр. Амерыкі). Клімат умерана кантынентальны са снежнай халоднай зімой і цёплым, адносна вільготным летам. Радыяцыйны баланс 420—545 кДж/см² за год. Сярэднія т-ры студз. -5 °C, месцамі ніжэй, ліп. 18—25 °C. Ападкаў 400—1000 мм за год. Глебы шэрыя лясныя і чарназёмы (ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя).
Для жывёльнага свету еўрапейскай Л.з. характэрны вавёрка, заяц, вял. тушканчык, рабы суслік, для сібірскай — суслікі і хамякі, для амерыканскай — лугавыя сабачкі, мышападобныя грызуны, зайцы, суркі, грымучыя змеі. Вял.ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі.
У субтрапічным поясе Л.з. развіты пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, часткова на ПдУ Афрыкі, У Азіі, у Аўстраліі. Клімат субтрапічны, мусонны, з цёплай зімой і гарачым летам. Радыяцыйны баланс 210—250 кДж/см² за год. Сярэднямесячныя т-ры 4—24 °C. Вегетацыя раслін працягваецца круглы год, але замаруджваецца ў сухія перыяды. Ападкаў 600—1200 мм (у мусонных абласцях) за год. Глебы чарназёмападобныя і чырванавата-чорныя, маюць высокую ўрадлівасць. Расліннасць субтрапічных саваннаў і прэрый — высакатраўная (пераважна злакавая і злакава-разнатраўная) у спалучэнні з хмызняковымі зараснікамі, рэдкалессем і асобнымі дрэвамі. У жывёльным свеце пераважаюць стэпавыя або саванныя віды. Тэрыторыя характарызуецца высокім с.-г. асваеннем. Пашавая жывёлагадоўля. У асобных месцах антрапагеннае ўздзеянне на ландшафт вядзе да апустыньвання і інш. негатыўных з’яў.