ДЭТЭРМІНА́ЦЫЯ (ад лац. determinatio абмежаванне, вызначэнне) у эмбрыялогіі ўзнікненне якасных адрозненняў паміж часткамі зародка на стадыях развіцця, якія папярэднічаюць з’яўленню ў іх марфалагічна выразных закладак органаў і тканак; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Вылучаюць Д. тканкавую (спецыфічнасць тканак) — абумоўленую філагенетычна ўласцівасць тканкавых структур змяняцца пад уплывам розных уздзеянняў у акрэсленых межах, захоўваючы якасныя адрозненні адна ад адной і Д. полу, якая абумоўлена наяўнасцю Y-храмасомы. Д. прыводзіць да марфалагічна бачнай дыферэнцыроўкі. На Д. арганізма, які развіваецца, асн. ўплыў аказваюць генетычныя фактары, з’явы экспрэсіі генаў пад уплывам індукцыйных уздзеянняў, уплыў навакольнага асяроддзя, узаемадзеянне клетак і ўзровень інтэграцыі цэласнага арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСШЧАПЛЕ́ННЕў генетыцы,
паяўленне ў патомстве гібрыдаў асобін (клетак) рознага генатыпу (Р. па генатыпе) ці генатыпічна абумоўленае адрозненне патомкаў па праяўленні адзнакі (Р. па фенатыпе). Аснова — траплянне розных алеляў генаў храмасом і храматыд у даччыныя клеткі пры дзяленні мацярынскай. Утварэнне розных палавых клетак у меёзеназ. меятычным, ці гаметычным Р., а клетак рознага генатыпу ў мітозе — мітатычным або саматычным Р. (у шматклетачных арганізмаў прыводзіць да мазаіцызму). Пры нармальных паводзінах храмасом патомкі рознага генатыпу (і фенатыпу) паяўляюцца з вызначанай частатой, таму Р. характарызуюць колькасна. Выяўленне Р. — важны інструмент генет. аналізу, які сведчыць пра гетэразіготнасць зыходных арганізмаў (клетак). Выкарыстоўваецца для атрымання зыходных форм у селекцыі арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від),
гетэраплаідыя, спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз.манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),
сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,
узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л.генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў (Мікалай Канстанцінавіч) (15.7.1872, Масква — 2.12.1940),
савецкі біёлаг, заснавальнік айч.эксперым. біялогіі. Чл.-кар.АНСССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1916). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі (1917—39). Распрацаваў гіпотэзу малекулярнай будовы і матрычнай рэпрадукцыі храмасом («спадчынныя малекулы»; 1928), чым вызначыў прынцыповыя палажэнні сучаснай малекулярнай біялогіі і генетыкі па рэплікацыі генаў на аснове матрычнага сінтэзу бялковых малекул Навук. працы па параўнальнай анатоміі пазваночных жывёл, эксперым. цыталогіі, фізіка-хім. біялогіі. Засн. часопісы: «Успехи экспериментальной биологии» (1922), «Журнал экспериментальной биологии» (1925), «Биологический журнал» (1932).
Тв.:
Организация клетки. М.; Л., 1936.
Літ.:
Полынин В.М. Пророк в своем отечестве. М., 1969;
Астауров Б.Л., Рокицкий П.Ф. Н.К.Кольцов. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫРО́ЎКА,
працэс узнікнення адрозненняў паміж часткамі арганізма і іх спецыялізацыі ў час развіцця; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Праяўляецца ў марфал., фізіял. і біяхім. змяненнях клетак (цыталагічная Д.), тканак (гісталагічная Д.) або асобных органаў і арганізма ў цэлым. Адбываецца пераважна ў перыяд зародкавага развіцця (атыпічная, бластамерная, зачаткавая і тканкавая стадыі). Ажыццяўляецца на аснове рэалізацыі выбіральнай актыўнасці спецыфічных для кожнай тканкі генаў, што прыводзіць да сінтэзу спецыфічных РНК, бялкоў, глікапратэідаў, якія вызначаюць узаемадзеянні клетак. Пасля нараджэння арганізма назіраецца Д. ў эпітэліяльных тканках, крыві, гладкіх мышцах і інш. З Д. звязана пераважна ўзнікненне новых органаў або іх уласцівасцей у час метамарфозу. Ва ўмовах шкодных фактараў уздзеяння або пры злаякасным перараджэнні клетак магчыма частковая дэдыферэнцыроўка і набыццё здольнасці да Д. ў іншым кірунку (метаплазія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА ЧАЛАВЕ́КА,
раздзел генетыкі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных і анамальных прыкмет чалавека. Да яго адносяцца: дэтэрмінацыя фізіял., біяхім. і марфалагічных уласцівасцей асобных тканак і органаў чалавека, роля спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні асобы, мутацыі чалавека і метады аховы яго генатыпу ад пашкоджанняў рознымі фактарамі асяроддзя, роля спадчыннасці пры ўзнікненні і развіцці паталагічных змен у чалавека і інш. Генетыку чалавека падзяляюць на антрапагенетыку, дэмаграфічную генетыку (генетыка народанасельніцтва), экалагічную генетыку (вучэнне пра генет. аспекты ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем), імунагенетыку, генетыку медыцынскую (найб. важную галіну генетыку чалавека для практычных задач аховы здароўя) і інш.Асн. метады даследавання генетыкі чалавека: блізнятны (гл.Блізняты), генеалогіі, папуляцыйна-статыстычны (вывучэнне пашырэння асобных генаў або храмасомных анамалій у папуляцыях чалавека), цытагенетычны (аналіз карыятыпу чалавека) і інш. Даследаванні па генетыцы чалавека маюць вял. значэнне для развіцця медыцыны (паляпшэнне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі спадчынных захворванняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. correlatio суадносіны) у біялогіі, узаемазалежнасць у зменлівасці паміж марфал., фізіял., біяхім. прыкметамі раслінных ці жывёльных арганізмаў; узаемасувязь паміж біял. працэсамі са складаным перакрыжаваннем розных прычын, узаемных уплываў і іх вынікаў. Паняцце К. ўведзена франц. заолагам Ж.Кюўе, распрацоўвалася сав. біёлагамі А.М.Северцавым і І.І.Шмальгаўзенам. Адлюстроўвае ўзаемную адпаведнасць будовы і функцый клетак, тканак, органаў і сістэм арганізма, якая выяўляецца ў працэсе яго развіцця і жыццядзейнасці. Бывае дадатная (прамая залежнасць паміж прыкметамі) і адмоўная (залежнасць адваротная). Стат. мера ўзаемасувязі развіцця прыкмет — каэфіцыент К.
Адрозніваюць некалькі форм К.: геномную, якая абумоўлена дзеяннем сукупнай колькасці спадчынных фактараў (плеятрапія) і дзеяннем звязаных паміж сабой генаў (храмасомная К.); морфагенетычную — узаемазалежнасць ва ўнутр. фактарах індывід. развіцця (пры гэтым разглядаецца сувязь паміж двума або многімі морфагенет. працэсамі). Філагенетычная, або філетычная К. — суадносная змена органаў у працэсе эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РГАН ((Morgan) Томас Хант) (25.9. 1866, г. Лексінгтан, штат Кентукі, ЗША —4.12.1945),
амерыканскі біёлаг, заснавальнік школы генетыкаў. Чл.Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Ганаровы замежны чл.АНСССР (1932). Скончыў ун-т штата Кентукі (1886) і ун-т Дж.Хопкінса ў г. Балтымар (1891). З 1891 праф. Жаночага каледжа ў Брын-Моры, з 1904 — Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку. З 1928 кіраўнік біял. лабараторыі Каліфарнійскага тэхнал. ін-та ў г. Пасадэна. У 1927—31 Прэзідэнт Нац.АН ЗША. Навук. працы па эксперым. эмбрыялогіі, рэгенерацыі органаў і ўстанаўленні полу ў жывёл. Эксперыментальна абгрунтаваў і сфармуляваў асн. палажэнні храмасомнай тэорыі спадчыннасці (разам з Г.Мёлерам, А.Сцёртэвантам, К.Брыджэсам). Устанавіў заканамернасці размяшчэння і счаплення генаў у храмасомах, красінговера. Працы М. высветлілі цыталагічны механізм Мендэля законаў і спрыялі распрацоўцы генет. асноў тэорыі натуральнага адбору. Нобелеўская прэмія 1933.