КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,

паселішча 2200—1400 да н.э. сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.​М.​Палікарповіча (1928) і І.​І.​Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),

найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЯ ГАРА́,

вёска ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Беразіно, 128 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Бобр. 380 ж., 122 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́САЯ ГАРА́,

другі па вышыні пункт Беларусі ў Мінскім р-не, за 21 км на Пн ад Мінска; выш. 342 м. Займае цэнтр. буйнаўзгорыстую ч. Лагойскага ўзвышша. Складзена з марэнных суглінкаў. Глебы змытыя ў выніку эрозіі. На гары сухадольныя лугі і ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ ТАВА́РНАЯ,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу каля в. Перкавічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Паклад з 3 лінзаў у канцовамарэнных адкладах сярэднеплейстацэнавага зледзянення. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—24,2 м, ускрышы 0,2—9,5 м. Пяскі прыдатныя на буд. растворы, жвір — на выраб бетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІНА ГАРА́,

найбольш высокая горная вяршыня в-ва Сахалін, у паўн. ч. Усходне-Сахалінскіх гор, у Сахалінскай вобл. Расіі. Выш. 1609 м. Складзена з метамарфічных парод. Схілы пад тайгой, прыграбянёвыя часткі пад кедравым сланікам. Названа ў гонар рус. геолага і географа І.​А.​Лапаціна, даследчыка Сібіры, Д. Усходу і в-ва Сахалін.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА ГАРА́ (Cook Mount; мясц. назва Аарангі, на мове маоры — вял. белае воблака),

найбольшая вяршыня ў Новай Зеландыі, на в-ве Паўднёвы. Выш. 3764 м. Складзена з крышт. парод. Вяршыня мае форму сядла з вельмі стромкімі схіламі. Снежнікі, ледавікі, у т. л. ледавік Тасмана (даўж. 29 км). Нац. парк Маўнт-Кук (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). Названа ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІ́ДАЎСКАЯ ГАРА́.

На паўн. ускраіне в. Мілідаўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.; найвышэйшы пункт Ашмянскага ўзвышша. Выш. 320 м. Складзена з марэннага суглінку, валуннага галечніку і пяскоў, у ніжняй і сярэдняй ч. покрыва з пылаватых суглінкаў. Вяршыня з выпуклымі схіламі, стромкасць якіх на ПнЗ да 35°, на Пд — да 10°. Глебы дзярнова-падзолістыя. Прывяршынная ч. ўкрыта лесам, сярэдняя і ніжняя пад ворывам.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЭ́ВІЦКАЯ ГАРА́,

геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 150 м на Пн ад в. Пуцэвічы, паміж вёскамі Мітраполь і Грабнікі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Выш. да 321,9 м, даўж. 750 м, шыр. 600 м, пл. 0,85 км². П.г. — купалападобнае ўзняцце (гляцыякупал), што ўтварылася каля 220—150 тыс. г. назад паміж лопасцямі на краю ледавіка пры выцісканні супескаў ў вышэйляжачую тоўшчу пяску, пясчана-жвірова-галечных і марэнных адкладаў.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШЭ́ВА ГАРА́,

вышэйшы пункт Віцебскага ўзвышша і Беларускага Паазер’я. У Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., за 15 км на Пн ад г.п. Лёзна, каля в. Гаршэва. Выш. 296 м. Складзена з марэны, перакрыта лёсападобнымі суглінкамі апошняга паазерскага зледзянення. Мае спадзістапукатую форму, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Паўд. і ўсх. схілы спадзістыя (да 5°), паўд. і зах. стромкія (да 20°), эрадзіраваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Большая ч. Гаршэвай гары разарана, на стромкіх участках паласа лесу.

Г.​П.​Рудава.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)