КО́ДЭКС (лац. codex першапачаткова — ствол, бервяно, потым — змацаваныя драўляныя таблічкі для пісьма, кніга),
1) адна з форм кнігі: змацаваныя з аднаго боку сшыткі з сагнутых папалам і прашытых па згібе аркушаў пергаменту ці папірусу, пазней — паперы. Упершыню з’явіліся ў стараж.-рымскіх усх. правінцыях у першыя вякін.э., паступова выцеснілі таблічкі і скруткі і каля 6 ст. сталі асн. формай кнігі. З К. звязана з’яўленне пераплёту, старонкі і яе афармлення (старонкавая мініяцюра, застаўкаі г.д.). Форму К. захоўваюць і сучасныя кнігі.
2) Адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны прававыя нормы пэўнай галіны права (напр., крымін. К., цывільны К. і інш.). Прававыя нормы размяшчаюцца ў К. ў парадку, які адлюстроўвае сістэму адпаведнай галіны права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́Ш (франц. gouache ад італьян. guazzo вадзяная фарба),
фарба з тонка расцёртых пігментаў і водна-клеявых сувязных з дамешкай бяліл, а таксама жывапіс гэтымі фарбамі. Ужываецца для жывапісу па паперы, кардоне, фанеры, палатне, шоўку. Узнікла як разнавіднасць акварэлі, адрозніваецца ад яе гушчынёй, непразрыстасцю, матавасцю тонаў, часта спалучаецца з ёю. Была вядома ў Стараж. Егіпце. Шырока выкарыстоўвалася ў сярэднія вякі ў кніжнай мініяцюры, з часоў Адраджэння — для эскізаў, кардонаў фрэсак, партрэтных мініяцюр. Адзін з асн. матэрыялаў плаката, кніжнай графікі, дэкарацый, афарміцельскіх работ. У тэхніцы гуашы працавалі мастакі: А.Тычына, І.Ахрэмчык, Л.Лейтман, М.Тарасікаў, І.Немагай, М.Селяшчук, А.Л ось, У.Шапялевіч і інш.
У.І.Рынкевіч.
Да арт.Гуаш. А.Звераў. Аўтапартрэт. 1954.Да арт.Гуаш. У.Шапялевіч. Сіні вечар. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́ПТЫКА (грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),
мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз.інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.
Да арт.Гліптыка. Інталія «Джулія, дачка Цітуса». Аквамарын. 16 ст.Да арт.Гліптыка. «Камея Ганзага» з выявай Пталамея II Філадэльфа і яго жонкі Арсіноі. 3 ст. да н. э. Александрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Т (Izmit),
Каджаэлі, горад на ПнЗ Турцыі, адм. ц. іля Каджаэлі. 257 тыс.ж. (1990). Порт у Ізміцкім зал. Мармуровага м. Праз І. праходзяць чыгунка і аўтадарога Анкара—Стамбул. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, нафтаперапр., нафта-хім., гумавая; аўтазборка. Музей. Захаваліся рэшткі візант. крэпасці.
Засн. ў 264 да н.э. царом Нікамедам I як сталіца Віфініі (пад назвай Нікамедыя). Зручная гавань забяспечыла росквіт горада да войнаў Мітрыдата VI Еўпатара з Рымам (89—84, 83—22, 74—64 да н.э.), калі горад быў зруйнаваны. Рэзідэнцыя рым. імператараў Дыяклетыяна і Канстанціна (Вялікага). Нягледзячы на разбурэнні ў выніку землетрасення і нападаў готаў у 4 ст.н.э. лічыўся адным з прыгажэйшых гарадоў свету. У сярэднія вякі страціў сваё значэнне. Тут скончыў самагубствам Ганібал, месца нараджэння гісторыка Арыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЫ,
племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і ПнКурляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБАТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, акрабатыка,
жанр цыркавога і эстраднага мастацтва; дэманстраванне нумароў, заснаваных на майстэрскім валоданні целам і высокім развіцці мускулатуры.
Са старажытнасці вядома ў Егіпце, Грэцыі, Рыме, Візантыі, Кітаі, Японіі. У сярэднія вякі элементы акрабатыкі ўключалі ў свае выступленні вандроўныя акцёры: шпільманы (Германія), жанглёры (Францыя), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь і Расія) і інш. Як род цыркавога відовішча акрабатычнае мастацтва вылучылася ў канцы 18—19 ст. (конная, партэрная акрабатыка).
У сучасным цырку акрабатычнае мастацтва падзяляецца на скачковае (на зямлі), плечавое, сілавое, пластычнае, коннае, ікарыйскія гульні, вальтыжыроўку, камічнае. Элементы акрабатычнага мастацтва выкарыстоўваюць амаль ва ўсіх інш. жанрах — паветранай гімнастыцы, эквілібрыстыцы, гімнастыцы на снарадах, жангліраванні, клаунадзе, дрэсіроўцы, а таксама ў харэагр. мастацтве, тэатр. і эстрадных паказах, у т. л. ў пантаміме і поп-групах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (кастр. 1886, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 4.11.1945),
расійскі гісторык-медыявіст. Скончыў Казанскі ун-т (1910), выкладаў у ім (1910—20, з 1917 праф.). З 1920 у Ін-це гісторыі пры Маскоўскім ун-це (пазней Ін-т гісторыі АНСССР), Маскоўскім аддзяленні Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Аўтар прац «Парыжскія рамесныя цэхі ў XIII—XV ст.» (1911), «Французская вёска XII—XIV ст. і Жакерыя» (1935), «Нямецкі «Drang nach Osten» у фашысцкай гістарыяграфіі», «Барацьба славян і народаў Прыбалтыкі з германскай агрэсіяй у сярэднія вякі» (1943), «Карл Вялікі і славяне», «Дзейнасць Канстанціна і Мяфодзія ў Вялікамараўскім княстве» (абедзве 1945) і інш. Пераклаў на рус. Мову адну з варварскіх праўд — Салічную (1913).
Тв.:
Из социально-экономической истории западно-европейского средневековья: Сб. ст.М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЯ (англ. mile),
пазасістэмная адзінка даўжыні ў неметрычных сістэмах адзінак. Назва паходзіць ад лац. milia passum — «тысяча крокаў». У Стараж. Рыме М. вызначалі як «тысячу падвойных крокаў узбр. воіна (легіянера)» і лічылі яе роўнай 1481 м (пазней 1483,5 м). У сярэднія вякі ў краінах Еўропы прымяняліся розныя па лікавых значэннях нац. М. (напр., старая рус. М. раўнялася 7,468 км). У навігацыі выкарыстоўваюцца: міжнародная марская М. — даўж. 1 градуса дугі зямнога сфероіда на шыраце 44,5°, прынята роўнай 1,852 км, сухапутная (статутная, законная) М. — роўная 1609,344 м і брытанскаямарская (адміралцейская) М. — роўная 1853,184 м (ужываюцца ў англамоўных краінах); экватарыяльная М. — ’даўж. 1 градуса дугі зямнога экватара, роўная 1855,1 м; геаграфічная, або нямецкая М. — даўж. 4 градусаў дугі зямнога экватара, роўная 7420,4 м і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛА́НЫ (позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.
2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.