археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНС-О-МЕ́ДАЎ (ĽAnse au Meadow),
паселішча нарвежскіх вікінгаў на в-ве Ньюфаўндленд, адзінае вядомае ў Паўн. Амерыцы. Верагодна, пабудавана ў канцы 10 ст., калі, паводле скандынаўскіх сагаў, нарвежцы на чале з Лейвам Эрыксанам абследавалі ўзбярэжжа Амерыкі на З ад Грэнландыі. Раскопкамі выяўлены рэшткі дамоў, сцены якіх выкладзены з торфу, кузня з кавалкамі балотнай руды, жал. цвікі, прасліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎКА,
паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс.г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЗІЯН (грэч. Gordion, Gordieion),
старажытная сталіца фрыгійцаў (8—5 ст. да н.э.), на правым беразе р. Сакар’я, каля в. Пебі (Турцыя). Засн. легендарным стваральнікам Фрыгійскага царства Гордзіем. У выніку раскопак выяўлены рэшткі абарончых сцен з каменю і сырцовай цэглы, жытлы, могільнік з багатымі пахаваннямі, якія нагадваюць стараж. пахаванні скіфаў. У 7 ст. да н.э. Гордзіян моцна пашкоджаны кімерыйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНСК,
археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс.г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл.Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРТНО́Ц,
помнік раннесярэдневяковай арм. архітэктуры. Храм пабудаваны ў 641—661 каля г. Эчміядзіна. Руіны З. выяўлены раскопкамі ў 1901—07. Захаваліся камяні падмурка, арх. абломы, калоны. Уяўляў сабой круглае 3-яруснае купальнае збудаванне, унутры — тэтраконх з абходнай галерэяй. Фасады былі аздоблены аркатурай, разьбой, рэльефамі, інтэр’ер — мазаікай і размалёўкай. Стаў прататыпам шэрагу наступных арх. пабудоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІХ КУРГАНО́Ў КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 2 — пач. 6 ст., помнікі якой пашыраны на тэр. Чарнавіцкай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абл. Украіны і Румыніі. Помнікі яе даследаваліся з 1880-х г.Выяўлены рэшткі наземных паўзямлянкавых жытлаў, пахаванні з абрадам трупаспалення, шматлікія прадметы побыту. Носьбіты культуры — аселыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны, якія, відаць, былі продкамі харватаў, што згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСІ́МКАВІЧЫ,
комплекс археал. помнікаў каля в.Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст.выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст.н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на УБел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗУА (Basua),
пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».