ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),

брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЎСКІ (Арсен Уладзіміравіч) (парт. псеўд. В.Камінскі, Уладак; 5.9.1901, Вільня — 31.8.1931),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Брат І.У.Канчэўскага. У 1919 у Наркамаце асветы Літ.-Бел. ССР, Віленскім губхарчкоме. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. З 1923 чл. ЦК КПЗБ. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 4 гады турмы. На I з’ездзе КПЗБ (1928) завочна выбраны канд. у чл. ЦК, пасля вызвалення з турмы (ліст. 1928) кааптаваны ў чл. ЦК, з кастр. 1929 чл. Бюро ЦК КПЗБ. Накіроўваў дзейнасць арг-цый «Змагання», Гал. управы Таварыства беларускай школы і іх легальных выданняў. Трагічна загінуў у Чорным моры.

А.У.Канчэўскі.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАК ЧЖОН XI (30.9.1917, в. Сангмары, прав. Кёнсан-Пукто, Карэя — 26.10.1979),

ваенны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген.-маёр (1961). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў г. Тэгу і ваен. школу ў Токіо (1944). У час 2-й сусв. вайны афіцэр яп. Квантунскай арміі. З 1946 у паўд.-кар. узбр. сілах. Удзельнік карэйскай вайны 1950—53. Узначаліў ваен. пераварот 16.5.1961. У 1961—63 старшыня Вярх. савета нац. рэканструкцыі. У кастр. 1963 выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Карэя. Ініцыіраваў эканам. рэформы, якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны, ператварэнню яе ў індустр. дзяржаву. У 1971 увёў у краіне надзвычайнае становішча, дамогся прыняцця новай канстытуцыі, якая скасавала прамыя прэзідэнцкія выбары. Забіты адным з паплечнікаў.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Сіманавіч) (5.11.1876, г. Варонеж — 29.5.1948),

адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Беларусі. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З вясны 1904 агент ЦК РСДРП па Паўн.-Зах. краі, чл. Паўн.Зах. к-та РСДРП. Дэлегат ад Паўн.-Зах. к-та на III з’ездзе РСДРП (1905), выбраны чл. ЦК. У парт. арг-цыях Мінска і Віцебска зрабіў даклады аб рабоце III з’езда РСДРП. З 1905 прадстаўнік ЦК РСДРП у Савеце партыі, афіц. прадстаўнік ЦК РСДРП у выканкоме Пецярб. Савета. З 1908 ад парт. дзейнасці адышоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Дзярж. камісіі заканад. меркаванняў пры СНК РСФСР, з 1932 на юрыд. рабоце.

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т (БЦВК),

каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.​І.​Луцкевіч (старшыня), Б.​А.​Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.​В.​Станкевіч, М.​С.​Кахановіч, Л.​І.​Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ЎСКІ (Стафан) (26.12.1876, маёнтак Ізабелава Мінскай губ. — 16.4.1938),

удзельнік рэв. руху на Беларусі, дзеяч антываен. і антыфаш. руху ў Польшчы. Вучыўся ў Ін-це сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Пулавах, Ягелонскім ун-це ў Кракаве. У 1905 удзельнічаў у рабоце Бел. сацыяліст. грамады, у снеж. 1905 арыштаваны разам з К.​Каганцом і інш. грамадаўцамі. У 1-ю сусв. вайну служыў у польскіх легіёнах у складзе войскаў Аўстра-Венгрыі. У 1918—28 працаваў выкладчыкам, займаўся навук.-агранамічнай дзейнасцю. У 1928 і 1930 выбраны ў польскі сенат. Падтрымліваў кантакты з Кампартыяй Польшчы. У 1933 заснаваў Польскі антыфаш. і антываен. к-т, быў дэлегатам Еўрапейскага антыфаш. рабочага кангрэса ў Парыжы (1933).

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШЭ́ЎСКІ (Анатоль Адамавіч) (парт. псеўд. Юрка Пружанскі; 4.7.1904, г. Бяроза — 1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. З 1920 вучыўся ў Камуніст. ун-це імя Свярдлова (Масква). З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. На III канфер. (1926) і I з’ездзе (1928) КПЗБ выбраны чл. ЦК. Рэдактар друк. органаў ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены, з 1928 у СССР. З 1932 у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску, на прафс. рабоце. У публіцыст. артыкулах, апублікаваных пад псеўданімамі і ананімна ў падп. выданнях, выкрываў палітыку ўрада Польшчы. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

У.​А.​Калеснік.

А.А.Альшэўскі.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ (1522—12.9.1612),

рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЗА ((Cuza) Александру Іаан) (20.3.1820, г. Бырлад, Румынія — 15.5.1873),

гаспадар (правіцель, князь) Злучаных княстваў Малдовы і Валахіі [1859—62], першы князь Румыніі [1862—66]. За ўдзел у рэв. руху 1848 змушаны малд. ўладамі эмігрыраваць (Вена, 1848—50). У 1858 як прыхільнік аб’яднання абодвух Дунайскіх княстваў выбраны дэп. сходу Малдовы і прызначаны нач. міліцыі. Пасля выбрання князем Малдовы (17.1.1859) і Валахіі (5.2.1859) абвясціў 24.1.1862 аб’яднанне гэтых княстваў у адзіную дзяржаву пад назвай Румынія. Пераўтварэнні К. і ўрада на чале з М.​Кагэлнічану (секулярызацыя царк. зямель 1863, агр. рэформа 1864) выклікалі супраціўленне баяр і кансерватараў. Скінуты ў выніку ваен. перавароту 23.2.1866.

Літ.:

Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 193—205.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),

адзін з кіраўнікоў белага руху (гл. Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)