САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,

акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.​Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш. Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс. чал. Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.

Літ.:

Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.

Г.​В.​Прыбытка.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЬ (стараслав. лаянка, сварка, разлад),

1) вайна, паход, бой (бітва).

2) Войска, апалчэнне, воінства, што складалася з ратнікаў; адсюль — ратная слава, ратныя подзвігі і інш.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА РАМА́НАВІЧ (1199—1271; паводле інш. звестак 1203—69),

князь уладзіміра-валынскі; канчаткова замацаваўся на гэтай пасадзе ў 1241. У паліт. справах выступаў разам з братам Данілам Раманавічам. У 1246 і 1247 яны разбілі каля Пінска атрады Літвы, якія нападалі на Валынскую зямлю. У 1249 войска Васількі Раманавіча ўдзельнічала ў паходзе на Новагародскую зямлю праз Ваўкавыск, у 1251 на Новагародак і Гарадзен (Гродна). У 1258 Васілька Раманавіч разам з татарскім ваяводам Бурундаем ваяваў Літоўскую (верхняе Панямонне) і Нальшчанскую (ПнЗ Беларусі) землі. У 1264 войска Васількі Раманавіча дапамагала кн. Войшалку ў заваяванні Дзяволтвы і Нальшчанаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),

бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс. чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.​Ваейкава). На падуладных тэр. усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.​Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.​Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.

А.​А.​Шпунт.

т. 11, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІВА́К, бівуак (ням. Biwak),

1) (устар.), стаянка войска па-за населеным пунктам для начлегу ці адпачынку.

2) У пераносным значэнні — месца начлегу па-за домам або ў часовым памяшканні.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЛІНГ ((Berling) Зыгмунт) (27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),

польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супраць фаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.

Адбылася паміж літ.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял. кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у мяст. Глыбокае. Пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Лівонію» (1589). Апісанні Глыбоцкага замка таго часу невядомыя. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад сценамі замка 30.6.1654 адбыўся бой паміж атрадам войска ВКЛ і рус. войскам. 2.8.1654 Глыбоцкі замак спалены. Пасля аднаўлення 7.1.1659 (паводле інш. звестак у 1660) атрад войска ВКЛ узяў штурмам Глыбоцкі замак і спаліў яго. Пазней замак адноўлены і існаваў да канца 18 ст. У час Паўн. вайны 1700—21 Глыбоцкі замак моцна пацярпеў ад вял. пажару (1700). Паступова замчышча забудавана, вул. Замкавая існавала ў 19 ст.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫШО́НАК (Алег Юр’евіч) (н. 27.5.1957, г. Эльбланг, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-паліт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1980). Супрацоўнік гіст. музея Кракава, навук. супрацоўнік Ягелонскага ун-та, з 1991 у Музеі войска ў Беластоку. Са студз. 1992 старшыня Гал. рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, з 1993 у тыднёвіку «Ніва», з 1996 старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю бел. нац. адраджэння, бел. войска, эміграцыі.

Тв.:

Беларуская эміграцыя // Беларускі каляндар на 1990 г. Беласток, 1990;

Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1;

Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)