ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,

ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССР найб. таленавітымі П. былі Г.​К.​Жукаў, А.​М.​Васілеўскі, К.​К.​Ракасоўскі, І.​Д.​Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.​Мантгомеры, Д.​Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.​І.​Антонаў, В.​Д.​Сакалоўскі, І.​І.​Якубоўскі і інш.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЬКО́ЎСКІ Валянцін Антонавіч (14.4.1904, г. Магілёў — 26.4.1969),

савецкі военачальнік, ген. арміі (1961). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ЦВК БССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1933 на камандных пасадах у ППА. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт., 1-м Далёкаўсх. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Беларусі (Віцебск, Полацк), вайны з Японіяй 1945. Пасля вайны нач. штабоў шэрагу ваен. акруг, з 1961 камандуючы войскамі БВА. З 1964 нам. міністра абароны СССР. Чл. ЦК КПБ у 1961—66. Дэп. Вярх. Саветаў СССР з 1958, БССР у 1963—67. Ганаровы грамадзянін г. Полацк.

В.А.Пянькоўскі.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Васіль Іванавіч (н. 15.1.1917, с. Чарналескае Будзёнаўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948) і Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1969). У арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Паўн.-Каўк., Закаўк., Сцяпным, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1972—76 каманд. войскамі Далёкаўсх. ваен. акругі, у 1976—80 1-ы нам. галоўнакаманд., у 1980—85 галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР. У 1977—78 адначасова ўзначальваў сав. ваен. місію па аказанні дапамогі ўраду Эфіопіі ў адбіцці агрэсіі з боку Самалі. У 1985—86 1-ы нам. міністра абароны СССР.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЦЭ́ЦІС Іаакім Іаакімавіч (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),

савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.—вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен. навук. прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАТО́ВІЧ Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч (1859—?),

бел. і расійскі военачальнік, дзярж. дзеяч БНР. Ген. ад інфантэрыі (1910). Скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба. У час рус.японскай вайны 1904—05 нач. 9-й Усх.-Сібірскай дывізіі. З 1906 камандзір 2-га арм. корпуса, з 1907 пам. туркестанскага ген.-губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 камандзір 1-га Каўказскага арм. корпуса. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1884—1900 супрацоўнічаў у газ. «Московские ведомости». Аўтар працы «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.». У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, уваходзіў у Цэнтр. бел. вайсковую раду, у маі—чэрв. 1918 чл. Нар. сакратарыята БНР. У снеж. 1918 разам з В.​Ластоўскім узначальваў Савет дзярж. бяспекі БНР. У 1919 уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Застаўся жыць у Парыжы, далейшы лёс невядомы.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НГА (Longo) Луіджы (15.3.1900, Фубіне, Італія — 16.10.1980),

дзеяч італьян. і міжнар. камуніст. руху, партыз. военачальнік. Вучыўся ў Турынскім тэхнал. ін-це. Адзін з заснавальнікаў Італьян. камуніст. партыі (ІКП, 1921), чл. яе ЦК (з 1926) і палітбюро (з 1931). У 1927—41 у эміграцыі, у м. ў 1933—35 прадстаўнік ІКП пры Выканкоме Камуністычнага Інтэрнацыянала, у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі ген. інспектар інтэрнацыянальных брыгад. У 2-ю сусв. вайну камандаваў гарыбальдзійскімі брыгадамі. У 1945 дэп. Устаноўчага сходу, з 1946 дэп. парламента Італіі. З 1945 віцэ-сакратар, з жн. 1964 ген. сакратар, з сак. 1972 старшыня ІКП; выступаў за паліт. плюралізм у сацыяліст. дзяржавах.

Тв.:

Рус. пер. — Народ Италии в борьбе. М., 1952;

Ревизионизм новый и старый. М., 1958;

Интернациональные бригады в Испании. М., 1960.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАТАВО́ДЗЕЦ,

ваенна-марскі дзеяч, военачальнік, які паспяхова ажыццяўляе кіраўніцтва ВМФ (ВМС) дзяржавы або іх значнай часткай (звычайна флотам) у час вайны. Валодае якасцямі палкаводца, а таксама майстэрствам падрыхтоўкі і кіраўніцтва сіламі флоту пры вырашэнні стратэг. або аператыўна-стратэг. задач.

У часы грабнога флоту як Ф. праславіліся Фемістокл і Перыкл (Стараж. Грэцыя), Дуілій (Стараж. Рым). У эпоху паруснага флоту прызнанымі Ф. былі Лі Сунсін (Карэя), М.​Ройтэр (Галандыя), Ф.Дрэйк і Г.Нельсан (Вялікабрытанія), Ф.Ф.Ушакоў і П.С.Нахімаў (Расія) і інш. Сярод Ф. эпохі паравога флоту С.В.Макараў (Расія), Х.​Тога (Японія) і інш. Важкі ўклад у развіццё ваен.-марскога майстэрства ў гады 2-й сусв. вайны зрабілі сав. Ф. С.Г.Гаршкоў, І.С.Ісакаў, М.Г.Кузняцоў, В.П.Дрозд і інш., а таксама Ф. і палкаводцы саюзнікаў Д.Макартур, Ч.​Німіц (ЗША), Д.​Тові (Вялікабрытанія) і інш.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЖСКІ Канстанцін Іванавіч (1460 ? — 1530),

военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у т. л. Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.​Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.

К.І.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАМЯ́Н Іван Хрыстафоравіч (20.11.1897, г. Гянджа, Азербайджан — 21.9.1982),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1977). У арміі з 1915. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1938). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, з ліп. 1942 камандуючы 16-й (11-й гв.) арміяй Зах. фронту, якая ўдзельнічала ў Курскай бітве 1943. З ліст. 1943 камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія правялі Гарадоцкую аперацыю 1943, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 (у ходзе яе здзейснілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, Полацкую аперацыю 1944), Усходне-Прускай аперацыі 1945. З крас. 1945 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту. У 1945—54 камандуючы войскамі Прыбалтыйскай ваен. акругі. У 1958—68 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Яго імем названы вуліцы ў Гарадку і Полацку.

І.Х.Баграмян.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́КІН Антон Іванавіч (16.12.1872, в. Шпеталь-Дольны, Улацлаўскае ваяв., Польшча — 7.8.1947),

расійскі военачальнік, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, ваен. пісьменнік. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1899). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў стралк. брыгадай і дывізіяй, армейскім корпусам. У 1917 нач. штаба Вярх. галоўнакаманд., галоўнакаманд. Зах. і Паўд.-Зах. франтамі. У час грамадз. вайны ў Расіі адзін з гал. арганізатараў белага руху, галоўнакамандуючы добраахвотніцкай арміяй (1918—20) і ўзбр. сіламі Пд Расіі (1919—20), адначасова са студз. 1920 «вярх. правіцель Расіі». 4.4.1920 здаў камандаванне ген. П.​М.​Урангелю і выехаў у Вялікабрытанію. З канца 1890-х г. актыўна займаўся публіцыстыкай.

Тв.:

Путь русского офицера. М., 1990;

Очерки русской смуты. М., 1991.

Літ.:

Лехович Д. Белые против красных: Судьба генерала Антона Деникина М., (1992];

Гордеев Ю.Н. Генерал Деникин: Воен.-ист. очерк. М., 1993.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)