ВАСЮ́К (Тамара Іванаўна) (н. 6.7.1952, в. Хутаранка Гомельскага р-на),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Беларускі тэатр.-маст. ін-т (1977). Выкладае ў Беларускім ун-це культуры (з 1992). Працуе ў галіне керамікі. Сярод работ: медалі «Гусоўскі», «Драздовіч» (абодва 1975), дэкар. кампазіцыі «Белая» (1981) і «Дзяды» (1982), дэкар. маскі «Пінская шляхта» (1983), скульптуры «Чаканне», «Вандроўнік», «Дабрыня», «Лесавік», «Вадзянік», «Дамавік» (усе 1984—86), «Барбара Радзівіл» (1992), «Радзівіл Чорны» (1993) і інш., дэкар. пластыка «Вечнасць» (1987) і «Канстанцін і Алена» (1990), дэкар. вазы «Свянцянскае зелле», «Ахвярнік», «Вечар», «Краявід» (усе 1988—90).

Л.​Ф.​Салавей.

Т.Васюк. Скульптурная кампазіцыя «Чаканне». 1984.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАВА (Ірына Мікалаеўна) (н. 10.9.1951, г. Гомель),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з мужам А.Двараніным). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыптых «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.-навук. установы, «Песня пра зубра» (1995) для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Кветкавая кампазіцыя» (1996) і інш. Творчая манера адметная вытанчанасцю кампазіцыі, эмацыянальнай выразнасцю, паэт. светаўспрыманнем.

Т.​Ф.​Літвінава.

І.Данілава Кветкавая кампазіцыя. 1996.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст. навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.

Т.​Ф.​Літвінава.

А.Дваранін. Лес. 1995.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),

бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦА (Іван Ігнатавіч) (н. 22.1.1950, в. Блістава Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. графік, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). У 1980—86 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Творам уласціва змешанасць графічных тэхнік і жывапісу, дасканаласць пластычнай мовы, дэталізаваная завершанасць, эмацыянальнасць. Стварыў серыю графічных аркушаў па матывах твораў У.​Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы», «Цыганскі кароль», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Сівая легенда» (усе 1979—86); жывапісныя творы «Да Багдановіча» (1982), «Партрэт маці» (1990), «Суботні вечар» (1995), «Спас» (1996), «Раніца», «Ушача», «Покліч» (усе 1997).

В.​В.​Шамшур.

І.Лісіца. Жнівень. 1996.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЧКО́ВА (Валянціна Цімафееўна) (н. 21.5.1939, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Пасля сканчэння студыі Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1958) працуе ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., камедыйных, вострахарактарных роляў. Створаныя ёй вобразы адметныя яркім знешнім малюнкам, пластычнай выразнасцю і псіхал. дакладнасцю характарыстык. Сярод роляў: Еўга Бабук («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Марфа («Улада цемры» Л.​Талстога), Цыепа («Вей, ветрык!» Я.​Райніса), Смеральдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Сойка («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.

Г.​П.​Маркіна.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),

1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.​Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.​Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.​Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.​Шуберта.

2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.​А.​Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.​Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),

расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл. Т-ва перасоўных выставак (гл. Перасоўнікі). З 1897 чл. маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.

Літ.:

И.​И.​Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;

Федоров-Давыдов А.А. И.​И.​Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.

І.Левітан. Сакавік. 1895.

т. 9, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКШЭ́ЕЎ (Васіль Мікалаевіч) (24.12.1862, Масква — 28.9.1958),

рускі мастак. Нар. мастак СССР (1956), акад. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—88) у У.​Макоўскага, А.​Саўрасава, В.​Паленава; выкладаў там жа (1894—1918). Перасоўнік. У традыцыях рус. рэаліст. жывапісу стварыў шэраг жанравых карцін («Дзяўчына корміць галубоў», 1887; «Проза жыцця», 1892—93, і інш.) і лірычных пейзажаў («Блакітная вясна», 1930; «Вясна прыйшла», 1943). Дзярж. прэмія СССР 1943. У Нац. маст. музеі Беларусі карціны: «На параду», 1892; «Вечар ранняй вясны», 1918; «Сцежка», 1938, і інш.

Літ.:

Гутт И.А. В.​Н.​Бакшеев. Л., 1974.

В.Бакшэеў. Блакітная вясна. 1930.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.​Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.​Пракаповіча і А.​Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1981), «Вечар» А.​Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка (1987), «Машэка» М.​Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1991).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)