Трэцім, завяршальным перыядам гісторыі першабытнага грамадства з’яўляецца жалезны век, або эпоха жалеза. Назва паходзіць ад асн. матэрыялу для вырабу прылад працы і зброі замест ранейшых каменю і бронзы. Жалеза пачалі шырока выкарыстоўваць адносна позна таму, што ў чыстым выглядзе яно амаль не сустракаецца, а руды яго вельмі тугаплаўкія. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. металургія жалеза была асвоена ў Егіпце. Месапатаміі, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Закаўказзі і Індыі, на мяжы 2-га і 1-га тыс. да н.э. — у Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Перыяд жалезнага веку на тэр. Беларусі датуецца 8—7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. Узровень развіцця прадукц. сіл грамадства і суседства з кельцкімі і скіфскімі плямёнамі, якія добра асвоілі тэхніку металургіі і апрацоўкі жалеза, садзейнічалі пашырэнню яго і на тэр. Беларусі. На Пд Беларусі металургія жалеза зафіксавана на некалькі стагоддзяў раней, чым на Пн. Развіццё вытв-сці жалеза было забяспечана наяўнасцю мясц. сыравіны — бурых жалезнякоў, драўніны для вуглевыпальвання, гліны для пабудовы пячэй-домніц паўшарападобнай формы. Найб. раннія печы-домніцы выяўлены пры раскопках гарадзішчаў Лабеншчына (Мінскі р-н), Цербахунь (Віцебскі р-н), Свідна (Лагойскі р-н), Клішына (Крупскі р-н) і інш. Практычна на ўсіх паселішчах-гарадзішчах эпохі жалеза сустракаецца металургічны шлак — доказ выпрацоўкі тут жалеза. На буйных гарадзішчах існавалі спец. жалезаробчыя майстэрні, у якіх выраблялі прылады працы і зброю. У працэсе ўтварэння зыходнага металу напачатку атрымлівалі крыцу. Каб атрымаць з яе больш трывалыя вырабы, неабходны былі дадатковыя спосабы апрацоўкі — разнастайныя прыёмы кавання, зваркі, цэментацыі, а пазней і тэрмічнай апрацоўкі — гартавання. Найб. пашыранымі кавальскімі вырабамі былі нажы, сярпы, сякеры. Зробленыя з жалеза прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл грамадства, што садзейнічала ўзнікненню ўмоў для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей. З паяўленнем маёмаснай няроўнасці і абвастрэннем супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, што спрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
Найб. старажытныя жал. вырабы на тэр. Беларусі знойдзены на помніках мілаградскай культуры, плямёны якой пазнаёміліся з жалезам праз скіфаў. Нажы мілаградскай культуры напачатку тыпалагічна былі вельмі падобныя да скіфскіх. Трапляюцца і латэнскія тыпы прылад працы. Раннія вырабы з жалеза характэрны і для плямён паморскай культуры, што насялялі цэнтр. раёны Польшчы, бас.Зах. Буга і верхняй Прыпяці. На тэр.цэнтр. і паўн. Беларусі жал. вырабы з’явіліся ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. і належалі носьбітам культуры штрыхаванай керамікі, а таксама плямёнам днепра-дзвінскай культуры, што насялялі паўн. Беларусь, Смаленскую і Пд Пскоўскай абласцей. Росквіт чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў гэтых плямён прыпадае на канец 1-га тыс. да н.э. — пач.н.э. У 3—2 ст. да н.э. — 2—5 ст.н.э. на тэр. пашырэння мілаградскай і ва ўсх. частцы арэала паморскай культур рассяляліся плямёны зарубінецкай культуры. У 2-м ст.н.э. на тэр.Бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў вядомы помнікі тыпу Абідні (Адаменка), верхняя храналагічная мяжа якіх дасягае 5 ст.н.э. Некаторыя даследчыкі адносяць іх да верхнедняпроўскага варыянта кіеўскай культуры і лічаць, што асн. кампанентамі фарміравання гэтай культуры быў зарубінецкі субстрат. У зах. Палессі жал.век на завяршальнай стадыі прадстаўлены вельбарскай культурай, якая датуецца 2—4 ст.н.э.Найб. паказальны помнік гэтай культуры на Беларусі — могільнік Брэст-Трышын. На думку некаторых археолагаў, у фарміраванні вельбарскай культуры разам з мясц. насельніцтвам прымалі ўдзел вядомыя па пісьмовых крыніцах герм. плямёны готаў і гепідаў. Этнічныя характарыстыкі плямён жал. веку дакладна не вызначаны. Носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай адносяць да балтаў. Этнічная прыналежнасць мілаградскіх, паморскіх і зарубінецкіх плямён з’яўляецца дыскусійнай. Адны даследчыкі лічаць іх праславянамі, другія — балтамі ці змешаным этнасам. Помнікі кіеўскай культуры большасць археолагаў адносяць да ранніх славян.
Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў таго часу. Для вял. патрыярхальнай сям’і ці роду ствараліся ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы. якія мелі абарончую сістэму з валоў і равоў. На Пд Беларусі жыццё на гарадзішчах, размешчаных у цяжкадаступных месцах, працягвалася да першых стагоддзяў н.э.; на Пн — амаль да сярэдзіны 1-га тыс.н.э. У далейшым асн. формай паселішчаў станавіліся неўмацаваныя адкрытыя селішчы, а былыя гарадзішчы выкарыстоўваліся толькі ў часы небяспекі як сховішчы.
З пашырэннем ворнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і, у аснове аб’яднання якой не кроўныя сувязі, а агульнасць гасп. жыцця. Такія сем’і ўтваралі сельскую (суседскую, земляробчую) абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, размеркаванне і захаванасць абшчыннай уласнасці, падтрыманне норм традыц. права і рэліг. вераванняў. Узнікла неабходнасць фарміравання пастаяннай дружыны. Распад родавага ладу адбіўся на рэлігіі насельніцтва. Побач з пакланеннем заступнікам роду пашыраўся культ прыродных стыхій. У перыяд ранняга сярэдневякоўя 5—8 ст. на тэр. Беларусі адбываўся пераход да класавага грамадства. Гэты перыяд адпавядаў ваен. дэмакратыі, якая паступова вяла грамадства да феад. адносін і ўтварэння дзяржавы.
У 5—6 ст.н.э. ва Усх. Еўропе пашырыліся помнікі пражскай культуры, якія належалі раннеслав. плямёнам. На тэр. Беларусі яны сустракаюцца з канца 4 ст.н.э. і аб’ядноўваюцца ў мясц. варыянт, вядомы як помнікі культуры тыпу Карчак. Яны прадстаўлены пераважна селішчамі (Петрыкаў, Снядзін) і грунтавымі пахаваннямі (Хорск, Хотамель, Снядзін і інш.). Насельніцтва гэтай культуры жыло ў зрубных паўзямлянках квадратнай формы. Пахавальны інвентар вельмі бедны і абмежаваны. Храналогія помнікаў пражскай культуры на тэр. Беларусі грунтуецца на тэхналогіі керамічнага комплексу і на невял. колькасці метал. і шкляных вырабаў (фібулы, спражкі, пацеркі), якія датуюцца 5—7 ст.н.э. (найб. ранняе селішча каля в. Востраў Пінскага р-на і ў г. Петрыкаў). Узнікненне гарадзішчаў-сховішчаў адносіцца да канца 6—7 ст. н.э.
Да інш. раннесярэдневяковых культур на тэр. Беларусі адносяцца калочынская, банцараўская, ранніх доўгіх і ўсходнелітоўскіх курганоў. Калочынская культура была пашырана ў паўд. частцы Бел. Падзвіння, басейнах сярэдняй Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл на Украіне і Расіі. Асн. тып яе пасяленняў — селішчы плошчай 0,5—1 га. Насельніцтва жыло ў дамах (6—24 м²) з драўлянымі сценамі, паглыбленымі ў грунт. Пахавальныя яго помнікі — грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. Помнікі гэтай культуры ў Бел. Падняпроўі датуюцца 5—8 ст. Этнічная прыналежнасць культуры дыскусійная. На думку адных даследчыкаў (П.М.Траццякоў, Л.Д.Побаль і інш.) — гэта помнікі раннесярэдневяковых славян, іншыя (В.В.Сядоў, А.Р.Мітрафанаў) звязваюць культуру з балцкім насельніцтвам.
Банцараўская культура, ці культура тыпу верхняга пласта гарадзішча Банцараўшчына (каля Мінска), належала плямёнам, якія ў 5—8 ст.н.э. жылі ў цэнтр. і паўн. Беларусі. Асн. тыпам яе пасяленняў на раннім этапе былі селішчы, якія пазней размяшчаліся каля ранніх гарадзішчаў, што ў часы небяспекі ператвараліся ў сховішчы. Жытлы мелі наземны і паўзямлянкавы характар слупавой і зрубнай канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога змяшчаліся ў грунтавых ямках у гаршках-урнах і без іх. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў банцараўскай культуры да балцкага насельніцтва. Культура ўзнікла ў выніку ўплыву кіеўскай культуры на культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую.
У 5—7 ст.н.э. на Пн Беларусі, гал. чынам на правабярэжжы Зах. Дзвіны, склалася культура доўгіх курганоў (ранні этап). Доўгія курганы — валападобныя насыпы (даўж. ад 20 да 100 м і болей) з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення (Янкавічы, Дарахі, Субаўшчына і інш.). Пахавальны інвентар нешматлікі: бляшкі-шкарлупінкі, шпоры з кручкамі, жал. спражкі, кераміка гладкасценная, падобная да пасудзін банцараўскай культуры. Адзінкавыя селішчы культуры вядомы на Пд Пскоўскай вобл. і вярхоўях р. Вялікая. Дакладна этнічная прывязка невядома. Найверагодней культура ранніх доўгіх курганоў адлюстроўвае складаныя этнакультурныя ўзаемаадносіны славянскага (пракрывічы), балцкага і фінамоўнага насельніцтва.
Помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Беларусі (найчасцей курганныя могільнікі) сустракаюцца ў вярхоўях Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой. У найб. ранніх курганах (4—5 ст.н.э.) трупапалажэнне ў падкурганнай яме. З 5 ст.н.э. пашырыўся звычай крэмацыі памерлага і пахаванне рэшткаў у кургане на ўзроўні дзённай паверхні, у ямках, зрэдку ў насыпе. Пры ямкавых пахаваннях сустракаюцца канструкцыі ў выглядзе каменных вымастак ці асобных камянёў. Пахавальны інвентар — зброя, жан. ўпрыгожанні, прылады працы. Фарміраванне насельніцтва культуры звязана з прыходам новых плямён і змешваннем іх з насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі. Большасць даследчыкаў адносіць носьбітаў гэтай культуры да продкаў літоўцаў (аўкштайты).
Вывучэнне жал. веку на Беларусі пачалося ў канцы 19 ст. Напачатку яно абмяжоўвалася фіксацыяй археал. помнікаў і іх картаграфаваннем. Першыя канцэпцыі аб гісторыі плямён эпохі жалеза з’явіліся ў 1920-я г. ў выніку палявых даследаванняў С.А.Дубінскага, А.Дз.Кавалені, А.М.Ляўданскага, А.А.Рынейскага, І.А.Сербава, В.Р.Тарасенкі і інш. Ляўданскі правёў даследаванні па гісторыі чорнай металургіі і металаапрацоўкі. Сістэматычныя даследаванні па вывучэнні жал. веку ў 1950—60-я г. аднавілі супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі В.Б.Караткевіч, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, Г.В.Штыхаў, К.П.Шут і інш.Жал.век даследуюць таксама В.І.Шадыра, з 1980-х г. В.С.Вяргей, М.Ф.Гурын, А.І.Драбушэўскі, А.А.Егарэйчанка, М.І.Лашанкоў, Ю.У.Каласоўскі, А.М.Мядзведзеў, з 1990-х г. В.Г.Белявец, А.М.Бяліцкая, Н.М.Дубіцкая, А.У.Ільюцік, П.М.Падгурскі, А.А.Седзін. Даследаванні жал. веку на Беларусі ў розныя часы вялі рас. археолагі Л.В.Аляксееў, К.В.Каспарава, Ю.У.Кухарэнка.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999;
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке М., 1967;
Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии. Т. 1—3. Мн., 1971—1974;
Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫ ВЕК,
найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕННЫ ВЕК
Палеаліт і мезаліт. Першабытны чалавек на тэр. Беларусі з’явіўся ў палеаліце. Пра гэта сведчаць найб. архаічныя крамянёвыя вырабы, выяўленыя як выпадковыя знаходкі на Гомельшчыне і Пд Магілёўшчыны. Належалі яны чалавеку неандэртальскага антрапалагічнага тыпу, які мог патрапіць сюды ў любое з пацяпленняў у прамежку 100—40 тыс. гадоў назад. Час і характар першапачатковага засялення Беларусі можна будзе больш пэўна вызначыць толькі з адкрыццём саміх паселішчаў неандэртальцаў. Наступныя спробы асваення тэр. Беларусі прыпадаюць на позні палеаліт, калі людзі сучаснага антрапалагічнага тыпу — краманьёнцы — на даволі працяглы перыяд (30—20 тыс. гадоў назад) аселі на паўд.-ўсх. Беларусі. Іх стаянкі выяўлены і даследаваны каля вёсак Юравічы і Бердыж на Гомельшчыне. Жыхары Юравіцкай і Бердыжскай стаянак умелі вырабляць больш разнастайны крамянёвы інвентар, чым у папярэднія эпохі. Свае жытлы яны будавалі з біўняў і рэбраў маманта, з чарапоў і касцей іншых жывёл, накрывалі іх звярынымі шкурамі, што давала магчымасць выжыць тут чалавеку ва ўмовах амаль бязлеснай зоны прыледавікоўя. Вынайдзенае краманьёнцамі кап’ё з крамянёвым востраканечнікам стала эфектыўнай зброяй пры паляванні і самаабароне. З часу іх распаўсюджання можна гаварыць і аб першабытным мастацтве ў разнастайных яго формах, а таксама пра розныя сістэмы светапогляду, выяўленыя найперш у рэлігіі. На тэр. Беларусі вядомы толькі арнаментаваны абломак пласцінкі з мамантавага біўня са стаянкі Юравічы (калі толькі ён не трапіў у юравіцкую калекцыю з іншага помніка). Каля 20—18 тыс. гадоў назад, калі ледавік зноў заняў Пн Беларусі і клімат стаў надзвычай суровы, яе тэр. абязлюдзела. У самым канцы старажытнакаменнага веку, у так званым фінальным палеаліце (12—10 тыс.г. назад), ва ўмовах прыкметнага і хуткага пацяплення пачалося новае асваенне чалавекам тэр. Беларусі. Гэта было звязана са з’яўленнем у Панямонні і на Прыпяці плямён лінгбійскай і свідэрскай культур, а ў Падняпроўі — грэнскай культуры. Насельніцтва фінальнапалеалітычнага часу вяло рухомы лад жыцця, што было звязана з сезоннымі міграцыямі паўн. аленяў — асн. здабычы тагачасных паляўнічых, узброеных лукамі і коп’ямі. Сярод крамянёвых вырабаў таго часу вылучаюцца доўгія лістападобныя наканечнікі стрэл.
Каля 10 тыс. гадоў назад на тэр. Беларусі пачаўся сярэднекаменны век — мезаліт. Клімат, раслінны і жывёльны свет к гэтаму часу набылі сучасны выгляд, а ў канцы эпохі (каля 7 тыс. гадоў назад) прыродныя ўмовы сталі нават больш спрыяльныя, чым цяпер. Ва ўмовах суцэльнай залесенасці тэр. Беларусі, наяўнасці тут вялікіх лясоў, густой рачной сеткі і тысяч азёр змяніліся заняткі і побыт тагачаснага чалавека. Асн. паляўнічай здабычай былі лясныя жывёлы, але ўсё большае месца адводзілася рыбалоўству, якое дасягнула росквіту ў канцы эпохі, працягвалася і збіральніцтва. Чалавечае жыццё станавілася ўсё больш аселым і ўпарадкаваным. Развівалася і ўдасканальвалася крэменеапрацоўка. У познім мезаліце пашырыўся выраб мікралітаў, асабліва геаметрычных форм, якія былі часткамі састаўных прылад. Значных поспехаў дасягнула апрацоўка рогу і косці. З іх майстравалі наканечнікі коп’яў і стрэл, кінжалы, гарпуны, праколкі, востраканечнікі з пазамі для мацавання мікралітычных уставак. Некаторыя касцяныя вырабы ўпрыгожваліся арнаментамі. У мезалітычную эпоху тэр. Беларусі была заселена плямёнамі некалькіх археал. культур — кунды культуры на Пн, яніславіцкай на 3, кудлаеўскай на Пд, грэнскай (позні этап) і сожскай (днепра-дзяснінскай) на У і ПдУ.
Неаліт. На тэр. Беларусі неаліт пачаўся 7 тыс. гадоў назад. Ён адметны найперш вынаходніцтвам глінянага абпаленага посуду, што вымагалася гасп. і побытавымі патрэбамі тагачасных людзей. Неалітычнае насельніцтва па-ранейшаму аддавала перавагу прысвойвальным формам гаспадарання. Аднак у параўнанні з папярэднім познамезалітычным часам пабольшала значэнне рыбалоўства, асабліва з дапамогай чаўноў і сетак; існавала і збіральніцтва. У пачатку неаліту на Пд Беларусі зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля. На Пн краіны гэтыя формы гаспадарання пачалі культывавацца толькі ў познім неаліце. У новым каменным веку пачалося прадзенне і ткацтва, удасканальваўся выраб крамянёвых прылад і зброі, яны станавіліся больш разнастайнымі. У Падзвінні і часткова Падняпроўі стрэлы і коп’і асаджвалі лістападобнымі наканечнікамі, апрацаванымі з двух бакоў. На З і Пд краіны наканечнікі коп’яў апрацоўваліся амаль выключна з аднаго боку, а наканечнікі стрэл рабілі трохвугольнай шыпастай формы. У канцы неаліту на ПдЗ пачалі выкарыстоўваць і прышліфоўку лёзаў некаторых сякучых прылад. Як і ў папярэдні час, у неаліце шырока ўжываліся вырабы з косці і рогу. Аднак прылады з пазамі ўжо не вырабляліся. Гарпуны сталі рэдказубымі. З’явілася мноства касцяных рыбалоўных кручкоў. Шырока выкарыстоўвалася на розныя патрэбы і дрэва. Распаўсюджанне земляробства суправаджалася высечкай лясоў, для чаго была патрэбна вял. колькасць сякер. У сувязі з гэтым у канцы неаліту на З Беларусі пачалася здабыча крэменю з зямных глыбінь, пра што сведчаць краснасельскія і інш. крэменездабыўныя шахты. У неаліце больш істотна, чым у папярэднія часы, развіваўся абмен. Так, на Сярэдняе і Ніжняе Падзвінне з Панямоння і Пасожжа паступаў крэмень, а з Прыбалтыкі на тэр. Беларусі ў познім неаліце трапляў бурштын. Значных поспехаў дасягнула і першабытнае мастацтва. Гліняны посуд і касцяныя вырабы ўпрыгожваліся разнастайнымі густоўнымі арнаментамі. З косці, рогу і дрэва майстравалі рэалістычныя выявы людзей, звяроў і птушак, цела і вопратка аздабляліся ўпрыгожаннямі з косці і бурштыну. Існавала і музыка, пра што сведчаць знаходкі на тарфянікавых стаянках жалеек з касцей птушыных канечнасцей. Сярод неалітычнага насельніцтва Беларусі існавалі разнастайныя рэліг. вераванні, звязаныя як з паляўніча-рыбалоўнымі, так і земляробча-жывёлагадоўчымі культамі. Аб гэтым сведчаць пахаванні нябожчыкаў і творы мастацтва — абстрагаваныя арнаментальныя фігуры на посудзе. Пашырэнне земляробства і жывёлагадоўлі, удасканаленне прылад працы, вынаходніцтва глінянага посуду зрабілі больш прадукцыйнай чалавечую працу, спрыялі павелічэнню спосабаў здабычы харчавання, уразнастаілі ежу тагачасных жыхароў, значна палепшылі ўмовы побыту. Усё гэта вяло да прыкметнага павелічэння колькасці насельніцтва. Узбярэжжы вадаёмаў гусцей пакрываліся паселішчамі, засяляліся меншыя рачныя прытокі і азёры. У канцы неаліту на паселішчах пачалі будаваць хаціны з двухсхільнымі стрэхамі. Тэр. Беларусі ў неаліце засялялі плямёны розных археал. культур. У ранні перыяд гэта былі плямёны верхнедняпроўскай, днепра-данецкай, нарвенскай, прыпяцка-нёманскай культур. Пры гэтым нарвенская культура ўваходзіла ў этнакультурную супольнасць паўд.-ўсх. Прыбалтыкі, а астатнія — у днепра-данецкую супольнасць, якая ахоплівала таксама цэнтральную і паўд.-ўсх. Украіну. У сярэднім і познім неаліце ў этнаплемянным складзе насельніцтва Беларусі адбываліся істотныя змены. На Пн краіны з Прыбалтыкі пранікалі носьбіты культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, на З прасочваліся ўплывы з Павіслення і Пабужжа. У канцы неаліту на З Беларусі пранікалі рухомыя групы носьбітаў культуры шарападобных амфар. Гэтыя перасяленні, пранікненні і ўплывы садзейнічалі трансфармацыі большасці мясцовых культур. На бел. Паазер’і спачатку фарміравалася познанарвенская культура, потым пачаўся этап паўночнабеларускай культуры, на З складвалася нёманская культура. На большай частцы тэр. Еўропы, у т. л. і Беларусі, каменны век закончыўся ў канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997;
Encyklopedia historyczna świata. T. 1 Kraków, 1999.
М.М.Чарняўскі.
Фрагмент рэшткаў 3-га жытла з паселішча-1 Бердыж. Раскопкі 1938.Агульны выгляд паселішча-1 Юравічы. Раскопкі 1961.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНЗАВЫ ВЕК
Самыя раннія культуры эпохі бронзы на тэр. Еўропы ўзніклі ў 3-м тыс. да н.э. Новыя тэхналогіі, у т. л. бронзаліцейная, былі адной з праяў шэрагу змен, што адбываліся ў гасп., сац. і духоўнай сферах. У межах Беларусі першыя метал. вырабы, у т. л. з бронзы, знойдзены на Верхнім Падняпроўі ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры канца 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. На працягу 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. культурныя змены, характэрныя для эпохі бронзы, адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Вылучаюць ранні, сярэдні і позні перыяды бронзавага веку Беларусі.
Ранні перыяд (канец 3 — пач. 2 — сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) ахоплівае час існавання культ. утварэнняў, што ўзніклі ў выніку сінтэзу традыцый культур шнуравой керамікі і шарападобных амфар і перажытачнага ляснога неаліту (сярэднедняпроўская, паўночна-бел. культуры, групы помнікаў са шнуравой керамікай Бел. Панямоння, Бел. Палесся). На ПдУ Беларусі адзначаны таксама прыкметы культуры шматвалікавай керамікі, асн. помнікі якой вядомы на тэр. стэпавай і лесастэпавай зон. Стаў распаўсюджвацца курганны абрад пахавання і звычай крэмацыі памерлых. З’яўленне ранніх метал. вырабаў сведчыла, у першую чаргу, пра складванне новай сац. сістэмы, якая ўзнікла ў выніку паглыблення сац. падзелу. Метал. вырабы ці сыравіна як рэдкія і дарагія рэчы, імпартаваныя з аддаленых тэрыторый, складалі аснову паказчыкаў прэстыжу пэўных груп насельніцтва. У комплекс высокапрэстыжных рэчаў уваходзілі таксама прывазныя ўпрыгожанні з бурштыну, фаянсу, шкла, зброя, вырабы з высакаякаснага крэменю, рэдкіх парод каменю і інш. Заўважаецца дыферэнцыяцыя пахаванняў паводле стану «багацця». Супольнасці структурызуюцца як кроўнароднасныя групы, у якіх асн. роля належала дарослым мужчынам. Разам з попытам на прэстыжныя вырабы складваліся шляхі абмену. Метал. вырабы, сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-Карпацкага металург. цэнтраў. Назіраюцца прыкметы спецыялізацыі асобных прадстаўнікоў насельніцтва і рэгіёнаў (здабыча і апрацоўка высакаякаснага крэменю, атрыманне метал. вырабаў, зброі, бурштыну і інш.). Асн. крыніцай жыццезабеспячэння сталі жывёлагадоўля і земляробства, хоць па-ранейшаму шмат увагі аддавалася збіральніцтву, паляванню і рыбалоўству. У земляробстве пераважала матычная апрацоўка глебы, ужывалася падсечна-агнявая сістэма, культываваліся найб. пшаніца і жыта. У жывёлагадоўлі распаўсюджанымі былі сезонныя вандроўныя, а таксама прыдомныя выпасы. Гадавалі кароў, быкоў, коз, авечак, свіней. Сярод супольнасцей, якія засялялі тэр. Беларусі, у той час пераважалі носьбіты індаеўрап. моў. Вял. значэнне надавалася культам агню, сонца, вады, жывёл, мужч. і жан. божаствам хтанічнага паходжання, веры ў існаванне замагільнага жыцця і інш.Маст. творчасць рэалізоўвалася ў аздабленні керамікі, каменных вырабаў, вырэзванні касцяных скульптур, вырабе ўпрыгожанняў з рогу, косці, бурштыну, металу і інш.
У сярэдні перыяд (сярэдзіна 2-га тыс. — 1100—1000 да н.э.) тэр.Бел. Палесся, большая ч.Бел. Панямоння былі заселены супольнасцямі тшцінецкай і сосніцкай культур. Асобныя іх традыцыі прасочваюцца ў межах цэнтр. і некаторых паўн. рэгіёнаў Беларусі. Далейшае развіццё тшцінецкіх і сосніцкіх культ. традыцый, прыток новых культ. элементаў прывялі да ўзнікнення культур позняга перыяду (1100—1000—700 да н.э.) бронзавага веку. У гэты час у паўд.-ўсх. раёнах Беларусі сустракаюцца старажытнасці лебядоўскай культуры, у Бел. Панямонні і Бел. Паазер’і выяўлены сляды груп насельніцтва, якое карысталася штрыхаванай керамікай. Пачынаючы з 700-х г. да н.э. на Віцебшчыне ўзнікаюць слаба ўмацаваныя і неўмацаваныя паселішчы днепра-дзвінскай культуры. Супольнасці, якія фарміраваліся ў гэты час на тэр. Беларусі, патэнцыяльна маглі мець асобныя прыкметы протабалт. і протаслав. этнасаў. Людзі жылі на паселішчах, якія маглі быць і кароткачасовымі і доўгатэрміновымі, сталымі. На Пд Беларусі памерлых хавалі найчасцей паводле абраду крэмацыі ў бескурганных ці курганных могільніках. У цэнтр. і паўн. Беларусі для гэтых перыядаў не адзначаны якія-небудзь сляды пахаванняў. Развіццё сац. структуры грамадства сярэдняга і позняга перыядаў бронзавага веку эвалюцыяніравала ў кірунку складвання стратыфікаваных супольнасцей, у якіх фарміраваўся інстытут правадырства, утвараліся элітныя праслойкі насельніцтва. Пашыраліся ворыўныя прыёмы апрацоўкі глебы з выкарыстаннем драўляных рал. Асн. значэнне набывала практыка прыдомнага выпасу свойскіх жывёл. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. роля каўказскіх метал. традыцый змяншаецца, узрастае роля Карпата-Трансільванскага метал. цэнтра. Выключнае месца пачынае адводзіцца алавяністай бронзе. Фарміруюцца і мясц. металавытв. цэнтры, у т. л. ў асяроддзі насельніцтва тшцінецкай і сосніцкай культур. Сярод бронзавых вырабаў, знойдзеных на тэр. Беларусі, адзначаюцца сякеры (т.зв. кельты, з бакавымі закраінамі, з уступамі і інш.), упрыгожанні (бранзалеты, падвескі і інш.), наканечнікі стрэл, мячы і інш. Многія з іх траплялі з Цэнтр. і Паўн. Еўропы, Прыбалтыкі, з Усходу.
М.М.Крывальцэвіч.
Бронзавая сякера з закраінамі ўсходнебалтыйскага тыпу. Канец 2-га тыс. да н.э. Знойдзена каля вёскі Камень (Кобрынскі раён Брэсцкай вобл.).Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.
гістарычная эпоха ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення дзяржавы. Характарызуецца калектыўнай працай і спажываннем. Пачало складвацца больш як 1,5 млн.г. назад. Развівалася разам са станаўленнем чалавека, удасканаленнем метадаў выкарыстання гатовых дароў прыроды, а потым і развіццём прадукцыйных сіл. Прайшло некалькі этапаў станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак (праабшчына), ранняя родавая абшчына (каменны век), пазнародавая патрыярхальная абшчына (бронзавы век), распад родаплемяннога ладу і пераход да феадалізму (жалезны век).