Існавалі ў 14—18 ст. на месцы дзядзінца і вакольнага горада Кобрын, на р. Кобрынка. У 16 ст. складаліся з драўляных Ніжняга («Прыгародак») і Верхняга («Высокага») замкаў. На падыходзе да Ніжняга замка шлях перагароджвала р. Кобрынка, цераз якую быў мост. На яго траплялі праз вежу-браму. На другім канцы моста (апошні яго пралёт быў пад’ёмны) стаяла другая 2-павярховая вежа-брама. Ніжні замак ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Шлях у Верхні замак ішоў праз вежу-браму і мост цераз абарончы роў, што аддзяляў замкі. Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад’ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Акрамя брамы тут стаялі яшчэ 4 вежы з гароднямі і парканам, на якіх размяшчаліся баявыя пляцоўкі — бланкаванне са стрэшкамі. Усе вежы былі накрыты гонтай. У 1597 артыл. ўзбраенне К.з. складалася з 2 «дел ляных», 5 серпанцінаў, 16 гакаўніц, 17 ручніц, 2 кіёў і рыштунку да іх. У канцы 18 ст. па загадзе А.В.Суворава, які валодаў тады горадам, К.з. разбураны і скапаны. Замкавыя насыпы знесены ў 1840-я г. пры пракладцы Маскоўска-Варшаўскай шашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НЧЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
штучныя перашкоды, прызначаныя для доўгатэрміновай абаронынас. пункта ці пэўнай тэрыторыі ад праціўніка.
Найб.стараж. абарончыя збудаванні — агароджы з дрэва, зямлі ці камянёў, равы, валы. У Стараж. Рыме стваралі ўмацаваныя ваен. пасяленні — лагеры. На ўскраінах Рым. імперыі будавалі т.зв. рымскія валы (Адрыянаў вал, Антанінаў вал, Траянаў вал). Разнастайныя тыпы абарончых збудаванняў ствараліся ў сярэднявеччы: для абароны замкаў, манастыроў (земляныя валы, равы, крапасныя драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі і машыкулямі, брамы з герсамі, барбаканы), аховы вял. тэрыторый (Вялікая Кітайская сцяна, «Вялікая засечная мяжа» на паўд. межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. і інш.). Своеасаблівыя тыпы абарончых збудаванняў — дзядзінец, крэмль, замак.
Першыя абарончыя збудаванні на тэр. Беларусі — гарадзішчы, з’явіліся ў жал. веку (7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). Паступова яны ўскладняліся ад простых драўляных агароджаў па краях да шматрадных драўляна-земляных умацаванняў. З развіццём гарадоў (9—13 ст.) гал. Абарончымі збудаваннямі сталі равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). У 12 ст. з’явіліся мураваныя вежы з выкарыстаннем у муроўцы валуноў (Гродна). З пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў 13 ст. сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой была вежа-данжон у драўляным ці мураваным замку (гл.Навагрудскія замкі, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш.). У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем агнястрэльнай зброі ствараліся замкавыя комплексы (Мірскі замак, Нясвіжскі замак), узнікла фартыфікацыя, удасканальваліся традыц. драўляна-земляныя ўмацаванні. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы і інш. існавала некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі цэнтр горада і пасады. Абарончыя прыстасаванні мелі многія грамадзянскія збудаванні — ратушы, сядзібы, дамы-крэпасці, а таксама цэрквы, касцёлы, кляштары, манастыры, сінагогі. Іх сцены будаваліся высокія і тоўстыя, па кутах будынкаў ці над уваходам ставіліся баявыя вежы з байніцамі, уваходы дадаткова засцерагаліся бабінцамі, каванымі дзвярыма, пад’ёмнымі кратамі-герсамі. Вакол будынкаў узводзіліся валы з драўлянымі ці мураванымі сценамі, вежамі або бастыёнамі. Адзін з першых умацаваных храмаў на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор. Аналагічнымі абарончымі храмамі былі Супрасльская царква-крэпасць, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць, Камайскі касцёл і інш. У 19 ст. ўзніклі фортавыя абарончыя збудаванні (гл.Крэпасць) з вынесенымі на 1—2 км наперад ад цэнтр. ўмацавання фортамі (Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць). У 1-й пал. 20 ст. ствараліся ўмацаваныя раёны і палосы абароны (напр., Беларуская прыгранічная паласа абароны).
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;
Яго ж. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Абарончыя збудаванні. Навагрудскі замак. Пачатак 16 ст. Рэканструкцыя.Да арт.Абарончыя збудаванні. Лідскі замак. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Абарончыя збудаванні. Брэсцкая крэпасць. З карціны мастака М.Залескага. 1840.Да арт.Абарончыя збудаванні. Замак Крак-дэ-Шэвалье ў Сірыі. 12 — пач. 13 ст.Да арт.Абарончыя збудаванні. Крэпасць у Каркасоне (Францыя). 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЯ́ЧЫ МОСТ,
від моста, асн. нясучай канструкцыяй якога з’яўляецца гнуткі элемент (канат, метал. кабель, ланцуг і інш.), замацаваны на канцах і падвешаны на пілоны (вежы). Успрымае ў асноўным расцягвальныя намаганні. Праезная ч. ў выглядзе фермы або бэлькі жорсткасці мацуецца да нясучай канструкцыі. Пралёты пабудаваных вісячых мастоў перавышаюць 1000 м (напр., сярэдні пралёт вісячага моста ў бухце каля Нью-Йорка 1298 м). Разнавіднасць вісячага моста — вантавы мост.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГАВАЯ ТЭ́ХНІКА,
машыны, прылады, прыстасаванні, якія ў стараж. часы выкарыстоўвалі для прыкрыцця атакуючых, штурму і разбурэння ўмацаванняў. Уключала пераносныя і рухомыя (на катках) шчыты, вінеі, рухомыя аблогавыя вежы ў некалькі ярусаў з адкіднымі мосцікамі, штурмавыя драбіны, кідальныя машыны, тараны і інш. На Беларусі аблогавая тэхніка выкарыстоўвалася да 14—15 ст., калі на змену ёй стала прыходзіць аблогавая артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РСА,
пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз.Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл.Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст.гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.І.Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл.Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах.вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.Н.Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.І.Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.Святаполк-Мірскім. У Вял.Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.Атас, С.Верамейчык, В.Калнін, навук. супрацоўнікі А.Трусаў, Л.Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.Ядкоўскі (1912), М.Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац.маст. музея Беларусі. Парк (т.зв.італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).
Літ.:
Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФО́РЫУМ, біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі),
двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.
Г.А.Лаўрэцкі.
Біфорыумвежы касцёла ў в. Каменка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 20 ст.