МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 × 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАДЗІ́МАВА,
гарадзішча 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. каля в. Нікадзімава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Купалападобным насыпам і валам падзелена на 2 часткі (памеры 40 × 36 і 48 × 48 м). Умацавана валамі выш. 4,5 м. Пры даследаванні выяўлены рэшткі замкнёнай кругавой пабудовы слупавой канструкцыі, падзеленай на асобныя жылыя і гасп. памяшканні. Унутры жылых памяшканняў захаваліся рэшткі агнішчаў. Знойдзены жал. прылады працы і зброя, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, гліняныя прасліцы, льячкі, ліцейныя формачкі, фрагменты ляпнога посуду і інш. Знойдзены скарб: скураны пояс з бронзавымі спражкай і накладкамі, пакрытымі серабром, 2 нажы ў ножнах і крэсіва ў футарале, зліткі і шматлікія бляшкі з алавяніста-свінцовага сплаву. Гарадзішча загінула ад пажару. Лічаць, што тут знаходзіўся адм.-тэр. цэнтр значнай акругі, сядзіба правадыра і яго дружыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСІ́Н (англ. selsyn ад англ. self сам + грэч. synchronos адначасовы),
электрычная пераменнага току машына, прызначаная для сінхроннага вярчэння вала якога-н. механізма ў адпаведнасці з вуглавым перамяшчэннем інш. вала, механічна не звязанага з першым.
Паводле прынцыпу дзеяння з’яўляецца паваротным трансфарматарам, у якога пры вярчэнні ротара адбываецца плаўная змена ўзаемнай індуктыўнасці паміж яго абмоткамі — аднафазнай першаснай (абмоткай узбуджэння) і трохфазнай другаснай (абмоткай сінхранізацыі). Звычайна выкарыстоўваецца сельсінная перадача з С.-датчыка і С.-прыёмніка, якія электрычна звязаны так, што пры павароце ротара С.-датчыка, механічна звязанага з паварочвальным валам, сінфазна і сінхронна з ім паварочваецца ротар С.-прыёмніка. Выкарыстоўваецца ў сістэмах сачэння і дыстанцыйнага вымярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.В.Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).
У 18 ст.пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.М.Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДНІКІ,
археалагічныя помнікі — гарадзішча і селішча каля в. Пруднікі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча 5—16 ст. памерам 118 × 65 м, абкружана валамвыш. 4,2 і шыр. 20 м (захавалася паўн. частка). У 5—10 ст. тут было ўмацаванае паселішча патрыярхальнай абшчыны, у 11—13 ст. — парубежны пункт (астрог) Полацкага княства, у 14—16 ст. — феад. сядзіба-замак. Пры даследаванні выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з каменнымі агнішчамі і печамі-каменкамі, вырабы з косці, бронзы і медзі, шкляныя пацеркі, плінфа, кафля, наканечнікі стрэл і дзідаў, баявыя нажы, рэшткі даспехаў, наверша булавы, крыжыкі, манетападобная падвеска-медальён з выявай маці Божай — Аранты, энкалпіён з багатай іканаграфіяй, ляпны і ганчарны посуд і інш. Селішча 3—10 ст. належала балтам. Выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з печамі-каменкамі, вырабы з косці, гліны, каменю, бронзы, жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАР (ад лац. roto вярчуся) у тэхніцы, вярчальная частка ротарных машын. Робіцца ў выглядзе барабанаў, дыскаў, колаў.
На Р. размяшчаюць органы, якія атрымліваюць энергію ад рабочага цела (як у рухавіку Ванкеля) або аддаюць яе рабочаму целу (як у ротарнай помпы). Р. рухавікоў звязаны з вядучым валам, рабочых машын — з прывадным. У лапатачных, ці лопасцевых, машынах Р. — кола з лапаткамі, якое пад дзеяннем патоку вадкасці, пары ці газу круціць вал машыны; Р. вентылятара, кампрэсара, помпы вярчэннем вала стварае паток газу ці вадкасці. Р. пераменнага току машыны — цыліндрычнае цела з пазамі для размяшчэння абмоткі, магн. поле якой узаемадзейнічае з магн. полем статара. Р. асінхронных машын бываюць фазныя і каротказамкнёныя. сінхронных машын — яўна- і неяўнаполюсныя. Р. машыны пастаяннага току наз.якарам. У буравых устаноўках Р. выкарыстоўваецца для вярчэння бурыльных труб у свідравіне.
Ротар сінхроннага электрарухавіка (кампенсатара) магутнасцю 60 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБАВО́З,
лакаматыў з газатурбінным рухавіком. Рух ад яго перадаецца на вядучыя колы праз эл., мех. і гідраўл. перадачу. Асн. часткі сілавой устаноўкі газатурбавоза з эл. перадачай (акрамя аднавальнага рухавіка): генератар пастаяннага току (спалучаны з валам турбіны), цягавыя электрарухавікі (сілкуюцца ад генератара, прыводзяць у рух вядучыя колы).
Больш дасканалыя газатурбавозы з двухвальнымі газатурбіннымі рухавікамі, у якіх рух вядучым колам (праз мех. або гідраўл. перадачу) надае незалежная газавая турбіна. Магутнасць такіх газатурбавозаў да 5 МВт, ккдз 0,16—0,22. Ёсць газатурбавозы, у якіх замест кампрэсара і камеры згарання газатурбіннага рухавіка ўстаноўлены свабоднапоршневы генератар газу. Ккдз такіх газатурбавозаў да 0,35—0,4. Газатурбавозы з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. У параўнанні з цеплавозамі маюць большую ўдз. магутнасць, кампактнасць, магчымасць выкарыстання нізкагатунковага паліва. Выкарыстоўваюцца на чыгунках з невял. грузаабаротам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,
старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст.н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст.н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст.н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.