МІЖНАРО́ДНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (MAK; International Olympic Committee),
вышэйшы кіруючы орган сучаснага алімп. руху. Створаны 23.6.1894 (Парыж) па ініцыятыве П. дэ Кубертэна. МАК арганізуе Алімпійскія гульні. У першы склад МАК выбраны прадстаўнікі Аргенціны, Багеміі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Новай Зеландыі, Расіі, Францыі і Швецыі; яны сталі арганізатарамі нац.алімп. к-таў (НАК) у сваіх краінах. Статутны дакумент МАК — Алімпійская хартыя. У абавязкі МАК уваходзіць рэгулярнае правядзенне зімовых і летніх Алімп. гульняў, іх пастаяннае ўдасканаленне, кіраванне развіццём аматарскага спорту ў свеце. МАК прымае рашэнні аб прызнанні НАК і міжнар.спарт. федэрацый (МСФ); вызначае праграму Алімп. гульняў; з’яўляецца вышэйшай інстанцыяй пры вырашэнні пытанняў, звязаных з іх арг-цыяй і правядзеннем; выбірае алімпійскі горад; засноўвае і прысуджае алімп. ўзнагароды. Сесіі МАК збіраюцца штогод, у алімп. годзе двойчы — у час зімовых і летніх гульняў; праводзяцца алімп. кангрэсы. У перыяд паміж сесіямі работай кіруе Выканком МАК. У яго складзе: прэзідэнт (выбіраецца на 8 гадоў), 3 віцэ-прэзідэнты і 5 членаў (на 4 гады). Для кожнай краіны выбіраецца звычайна 1 член МАК. У сістэме МАК ёсць пастаянныя камісіі, якія займаюцца рознымі пытаннямі алімпійскага руху (камісіі па допуску спартсменаў да ўдзелу ў Алімп. гульнях; фінансавая, юрыд., мед., узнагародная, па культ. праграме, прэсе і інш.). Бюджэт складаецца з даходаў ад продажу правоў паказу Алімп. гульняў па тэлебачанні, ахвяраванняў і інш.Афіц. мовы МАК — франц. і англ. Выдае штомесячны бюлетэнь-часопіс «Revue Olympique» («Алімпійскі агляд») на франц., англ. і ісп. мовах, а таксама афіц. даведачную і інш. л-ру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка эканамічнай палітыкі дзяржавы, накіраваная на мабілізацыю фін. рэсурсаў, іх рацыянальнае размеркаванне і выкарыстанне для ажыццяўлення дзяржавай яе функцый. Яна рэалізуецца праз рычагі і стымулы фін. механізму, асобая роля сярод якіх належыць падаткам, што забяспечваюць фарміраванне цэнтралізаваных даходаў. Функцыя рэгулявання выяўляецца пры размеркаванні сродкаў бюджэту дзяржаўнага на розныя мэты: капітальныя ўкладанні, развіццё сац. сферы, абарону, абслугоўванне дзярж. і ўнутр. доўгу і г.д.Фін. рэгулятарамі з’яўляюцца таксама ўмовы фарміравання і размеркавання фінансавых рэсурсаў, умовы крэдытавання, сістэмы спец. падатковых ільгот, рэгуляванне ўзроўнем заработнай платы, цэнамі, мытнае рэгуляванне і інш. інструменты фінансава-крэдытнай палітыкі. Адрозніваюць самаст. часткі Ф.п.: падатковую, бюджэтна-фінансавую і грашова-крэдытную. Падатковая палітыка рэалізуе інтарэсы дзяржавы праз забранне часткі валавога ўнутр. прадукту на агульна-дзярж. патрэбы, мабілізацыю гэтых сродкаў і іх пераразмеркаванне праз бюджэт. Падаткі ажыццяўляюць свае прызначэнне і функцыі ў адзіным бюджэтным працэсе, выконваючы фіскальную і стымулявальную функцыі. Бюджэтна-фінансавая палітыка звязана з размеркаваннем фонду грашовых сродкаў дзяржавы і яго выкарыстаннем па галіновым, мэтавым і тэр. прызначэнні. Выдаткі бюджэту цесна звязаны з яго даходамі. На канкрэтныя віды бюджэтных выдаткаў уздзейнічаюць фактары: прырода і функцыі дзяржавы, узровень сац.-эканам. развіцця, формы прадстаўлення бюджэтных сродкаў і г.д.Грашова-крэдытная палітыка складае аснову Ф.п.; арыентуецца на павышэнне ролі банкаўскага крэдыту і эфектыўнасць выкарыстання пазыковых сродкаў, гнуткі падыход да прадастаўлення крэдыту, фарміраванне банкаўскіх рэзерваў, фін. рынку, скарачэнне неабгрунтаванага перапампоўвання грошай са сферы безнаяўнага абарачэння ў наяўнае, канверсоўнасць грошай, рэарганізацыя ашчаднай і страхавой справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНАНСЫ І КРЭДЫТ
Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі ўключае: дзярж.бюджэт, які складаецца з рэспубліканскага і мясц. бюджэтаў; банкаўскую сістэму; фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, сістэмы сац. страхавання, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян. Паводле Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Кіраўніцтва адпаведнымі звёнамі фінансава-крэдытнай сістэмы ў Беларусі ажыццяўляюць Мін-ва фінансаў і Нац. банк.
Гісторыя фінансава-крэдытнай сістэмы. Асобныя элементы гэтай сістэмы (дзярж.бюджэт, крэдыт, падатковая сістэма) паступова фарміраваліся на тэр. Беларусі з часоў сярэдневякоўя. З 1492 у ВКЛ існаваў адзіны эмісійны цэнтр дзяржавы — Віленскі манетны двор і пачала складвацца адзіная грашовая сістэма. У 1580 утворана адзіная манетная сістэма Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 уваходзіла ВКЛ. У ролі крэдытораў, паслугамі якіх карысталіся купцы і інш. прадпрымальнікі, у ВКЛ звычайна выступалі іх больш багатыя кампаньёны, феадалы, ліхвяры. У 2-й пал. 18 ст. ў Рэчы Паспалітай функцыянавалі і банкірскія канторы.
Фінансава-крэдытная сістэма, характэрная для капіталіст. рыначнай эканомікі, на Беларусі пачала складвацца ў 2-й пал. 19 ст. Яна з’яўлялася часткай агульнарасійскай, але мела свае асаблівасці. Тут стрымлівалася развіццё мясц. бюджэтаў, былі абмежаваны дзярж. і мясц. расходы на сац. патрэбы насельніцтва і эканам. мерапрыемствы. Акцыянерныя банкі ігнаравалі мясц. інтарэсы і ажыццяўлялі толькі найб. прыбытковыя для іх крэдытныя аперацыі. Бюджэтная сістэма Беларусі пач. 20 ст. складалася з даходаў і расходаў дзярж. бюджэту Расіі, якія ўлічваліся па губернях, з губернскіх (земскіх), павятовых, гарадскіх і грамадскіх (валасных і сельскіх) бюджэтаў. Асноўнымі даходамі дзярж. бюджэту былі ўскосныя падаткі, пошліны і паступленні ад віннай манаполіі. Даходы мясц. бюджэтаў фарміраваліся пераважна з падаткаў на нерухомую маёмасць, у т. л. на зямлю. На Беларусі даходы дзярж. бюджэту значна перавышалі расходы (на 58% у 1913). Амаль 74% бюджэтных сродкаў ішло на ўтрыманне органаў кіравання і духоўнага ведамства. На непасрэдныя патрэбы насельніцтва выдаткоўваліся нязначныя сумы, расходы на ахову здароўя і сац. забеспячэнне працоўных зусім не прадугледжваліся. Выдаткі на асвету ішлі пераважна на ўтрыманне гімназій і царкоўнапрыходскіх школ. Губернскія (земскія) бюджэты больш як 50% сродкаў накіроўвалі на асвету і ахову здароўя, але магчымасці іх былі нязначныя. Значнае месца ў фінансава-крэдытнай сістэме займала маёмаснае страхаванне, якое ажыццяўлялі агульнарасійскія акц. страхавыя т-вы («Расія», «Саламандра», «Надзея» і інш.) і мясц. гарадскія т-вы ўзаемнага страхавання. Абавязковым было страхаванне сял. забудоў. Крэдытаванне на Беларусі ажыццяўлялі: філіялы агульнарасійскіх і рэгіянальных акцыянерных камерцыйных банкаў (Руска-Азіяцкага, Азоўска-Данскога, Аб’яднанага, Маскоўскага, Віленскага, Беластоцкага, Руска-Французскага); мясц. гарадскія грамадскія банкі і таварыствы ўзаемнага крэдыту, установы дробнага крэдыту кааператыўнага тыпу (больш як 500 тыс. членаў); банкірскія дамы і канторы.
У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 фінансава-крэдытная сістэма Расіі была цалкам адзяржаўлена: нацыяналізаваны прыватныя банкі і акцыянерныя капіталы, банкаўская і страхавая справы абвешчаны дзярж. манаполіяй. Адначасова савецкая дзяржава вызваліла сялян ад выплаты даўгоў за купленую зямлю, увяла дзярж.сац. забеспячэнне, бясплатныя адукацыю і мед. абслугоўванне. Фінансава-крэдытная сістэма БССР была састаўной часткай адзінай сістэмы СССР. Яе дзярж.бюджэт і бюджэтмясц. Саветаў вылучаліся ў самаст. звяно адзінай бюджэтнай сістэмы краіны. З 1923—25 у Мінску пачалі дзейнічаць Бел.рэсп. кантора Дзяржбанка СССР, філіялы саюзных банкаў (Прамысловага, Кааператыўнага) і мясц. крэдытныя ўстановы: Гомельскі рабочы банк, т-вы с.-г. крэдыту, Бел.с.-г. банк, Бел. камунальны банк і інш.Нар. камісарыят фінансаў БССР меў статус саюзна-рэсп. органа. Грашовай адзінкай з’яўляўся рубель СССР, эмісію якога ажыццяўляў Дзярж. банк СССР у Маскве. На ўсіх этапах сав. дзяржава фінансавала развіццё эканомікі, сац. сферы і культуры Беларусі, выкарыстоўваючы магчымасці рэсп. і саюзнага бюджэтаў, крэдытных устаноў. Асабліва вял. дапамогу з саюзнага бюджэту Беларусь атрымала на аднаўленне сваёй гаспадаркі пасля вызвалення ад ням.-фаш. акупацыі: толькі ў 1943—45 больш за 122,7 млн.руб. У 1957 ліквідаваны Гандлёвы банк, у 1959 — Прамбанк, Цэкамбанк і іх філіялы, Белкамунбанк, а іх функцыі размеркаваны паміж Дзяржбанкам СССР (Рэсп. кантора ў Мінску) і нанава арганізаваным Будбанкам, філіялы якога адкрыты ў БССР. У 1958 бел. органы маёмаснага страхавання перададзены Мін-ву фінансаў БССР, арганізавана Гал. ўпраўленне дзярж. страхавання БССР. Заканадаўства 1950 — пач. 1970-х г. значна пашырыла бюджэтныя правы рэспублікі і мясц. Саветаў.
Крызіс адм.-каманднай эканомікі СССР у 1980 — пач. 1990-х г. прывёў да дэзінтэграцыі фінансава-крэдытнай сістэмы краіны. Рэзка ўпала пакупніцкая здольнасць савецкага рубля, які пасля распаду СССР яшчэ нейкі час выконваў функцыю грошай у былых саюзных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі, дзе ўжо пачалося фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы.
Дзяржаўны бюджэт. Фарміраванне самаст.дзярж. бюджэту Рэспублікі Беларусь пачалося ў 1991—92. Сучасны яе бюджэт уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, якія ўтвараюць кансалідаваны бюджэт краіны і складаюць яе бюджэтную сістэму. Бюджэтная сістэма грунтуецца на прынцыпах адзінства, паўнаты, рэальнасці, самастойнасці і публічнасці бюджэтаў, забяспечвае эканам. і сац. развіццё рэспублікі і яе адм.-тэр. адзінак. Даходы бюджэту кожнай адм.-тэр. адзінкі фарміруюцца за кошт падаткаў і інш. абавязковых плацяжоў (гл. табліцу 1) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У даходах бюджэту 2003 больш за 30% складалі ўскосныя падаткі (на дабаўленую вартасць і акцызы), 19% — прамыя падаткі (на прыбытак, на даходы, падаходны); каля 18% даходнай часткі бюджэту фарміраваліся за кошт даходаў мэтавых бюджэтных фондаў. Аб’ём фінансавання сац.-культ. устаноў і мерапрыемстваў па сац. абароне насельніцтва ў 2003 складаў больш за 38% усіх расходаў кансалідаванага бюджэту. На галіны эканомікі расходавалася каля 15% бюджэту, а таксама сродкі мэтавых галіновых бюджэтных фондаў; расходы на нац. абарону, дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне — 3%. І ў даходнай, і ў расходнай частках бюджэту значнае месца займаюць мэтавыя бюджэтныя фонды (гл.табл. 2).
Падатковая сістэма, уведзеная ў Рэспубліцы Беларусь у пач. 1992, будавалася з улікам найб. прымальных замежных мадэлей падаткаабкладання. Яе аснову склалі Закон «Аб падатках і зборах, што спаганяюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і спец. акты падатковага заканадаўства, што вызначалі канкрэтныя аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы. Першапачатковая падатковая сістэма ўключала 15 асн. падаткаў. Акрамя таго, юрыдычныя асобы плацілі 8 відаў адлічэнняў у розныя пазабюджэтныя фонды, доля якіх у агульнай падатковай нагрузцы складала больш за 1/3. Пазней падатковая сістэма неаднаразова карэкціравалася, змяняліся яе структура, узровень, памяншаліся ўзровень і запазычанасць плацельшчыкаў перад бюджэтам (гл.табл. 3).
Падаткі і інш. абавязковыя плацяжы ў Рэспубліцы Беларусь у залежнасці ад іх функцый і крыніц аплаты падзяляюцца на 3 буйныя групы:
Падаткі і адлічэнні з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг): мясц. падаткі і зборы; падатак на дабаўленую вартасць; падатак з продажу аўтамабільнага паліва; адлічэнні ў рэсп. фонд падтрымкі вытворцаў с.-г. прадукцыі і харчавання, падтрымкі аграрнай навукі; падатак з карыстальнікаў аўтадарог у дарожны фонд; мэтавыя зборы ў мясц. мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды і на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду; акцызы.
Падаткі, што ўключаюцца суб’ектамі прадпрымальніцтва ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) і ўлічваюцца пры падаткаабкладанні: надзвычайны падатак і абавязковыя адлічэнні ў дзярж. фонд садзейнічання занятасці, якія плацяцца адзіным плацяжом з фонду заработнай платы; зямельны падатак; экалагічны падатак; плата за праезд па аўтадарозе Брэст—Мінск — граніца Рас. Федэрацыі; плата за праезд па аўтадарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў; плата за размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання ў навакольным асяроддзі; плата за драўніну, якая адпускаецца на корані і інш.
Падаткі з прыбытку: на нерухомасць; на даходы і прыбытак, у т. л.: на прыбытак; на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы; на даходы з фізічных асоб; на даходы замежных юрыд. асоб, якія не дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; на даходы, атрыманыя ў асобных сферах дзейнасці (на ігральны бізнес, на даходы ад латэрэйнай дзейнасці і інш.); падаткі і зборы, якія плацяцца за кошт прыбытку, што застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў (на набыццё аўтатрансп. сродкаў, афшорны збор, мясц. падаткі і зборы, на рэкламу і інш.; адзіны падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, адзіны падатак для вытворцаў с.-г. прадукцыі і інш.
Банкаўская сістэма ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам (2001) выступае састаўной часткай фінансава-крэдытнай сістэмы, уключае ў сябе Нац. банк і інш. банкі. Сучасная банкаўская сістэма пачала стварацца ў 1990 на аснове законаў Вярх. Савета БССР «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР». На базе былой бел.рэсп. канторы Дзяржбанка СССР быў заснаваны незалежны Нац. банк Рэспублікі Беларусь. Банкі 2-га ўзроўню ствараліся шляхам прыватызацыі былых дзярж. спецыялізаваных банкаў і арганізацый новых банкаў праз прыцягненне фінансавых рэсурсаў прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў, прыватных фірм і гандлёва-пасрэдніцкіх груп.
Асноўныя мэты дзейнасці Нац. банка Рэспублікі Беларусь: абарона і забеспячэнне ўстойлівасці бел. рубля, у т. л. яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют; развіццё і ўмацаванне банкаўскай сістэмы рэспублікі і забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы. Нац. банк здзяйсняе эмісію грошай, штогод сумесна з урадам распрацоўвае і праводзіць грашова-крэдытную палітыку, рэгулюе дзейнасць камерцыйных банкаў і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя Банкаўскім кодэксам.
2-і ўзровень банкаўскай сістэмы Беларусі складаюць камерцыйныя банкі. На 1.2.2004 у нармальным рэжыме функцыянавала 30 банкаў з 473 філіяламі. З іх 25 банкаў з удзелам замежнага капіталу, у т. л. 6 банкаў са 100-працэнтным замежным капіталам. Валавыя актывы банкаўскай сістэмы Беларусі ў адносінах да валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на 1.2.2004 склалі 45,8%, у т. л. чыстыя актывы 28% да ВУП. Крэдыты рэальнаму сектару эканомікі ў адносінах да ВУП склалі 12,2%, а капітал банкаўскай сістэмы — 5,6% да ВУП.
Найважнейшымі кірункамі далейшага развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі з’яўляюцца пашырэнне рэсурснай базы, павышэнне капіталізацыі банкаў, паляпшэнне якасці паслуг і пашырэнне аперацый, што выконваюцца банкамі.
Грашова-крэдытная палітыка. Пачатак рэалізацыі самастойнай грашова-крэдытнай палітыкі (ГКП) Беларусі звязаны з увядзеннем у 1992 у абарот бел. рубля, які ў першы час абарачаўся паралельна з рублём былога СССР і выкарыстоўваўся толькі ў наяўных разліках. З сак. 1993 ён пачаў каціравацца на валютнай біржы, а ў жн. 1994 бел. рубель абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам на тэр. краіны. З 1996 да вер. 2000 эканоміка і банкаўская сістэма Беларусі дзейнічалі ва ўмовах «множнасці валютных курсаў», калі адхіленні рыначных каціровак ад афіц. курсу складалі ад 20—30 да 100—200% і болей (максімальна ў кастр.—ліст. 1998 — каля 250%). У агульнаэканам. плане такая сістэма курсаўтварэння з’яўлялася па сутнасці своеасаблівай формай схаванага субсідзіравання «крытычнага імпарту» (гал. чынам, энерганосьбітаў, збожжа, некаторых сацыяльна значных тавараў). Такая сістэма абумоўлівала значныя скажэнні эканам. інфармацыі. Яна рэалізоўвалася за кошт дадатковага падатку на экспарцёраў, якіх прымушалі абавязкова прадаваць валюту дзяржаве па заніжаным афіц. курсе; была элементам падтрымання неэфектыўных вытворцаў, суправаджалася вельмі мяккай ГКП.
У 2000 памеры крэдытнай эмісіі Нац. банка былі значна абмежаваны — яна накіроўвалася выключна на крэдытаванне дэфіцыту дзярж. бюджэту. Гэта дазволіла, пачынаючы з крас. 2000, істотна знізіць тэмпы дэвальвацыі рыначных каціровак рубля (з 205% у сярэднім за месяц да 0,5—1,5%), а ў маі пачаць паскораную карэкціроўку яго афіц. курсу. 14.9.2000 здзейснены пераход да адзінага валютнага курсу. Ліквідацыя сістэмы множных валютных курсаў і пашырэнне сферы выкарыстання бел. рубля ў знешнім гандлі сфарміравалі ўмовы для знешнеэканам. дзейнасці бел. прадпрыемстваў. Важнае значэнне мела лібералізацыя валютнага рынку, зняцце мноства абмежаванняў на наяўным і на безнаяўным сегментах, у т. л. ў адносінах нерэзідэнтаў. У кастр. 2001 Беларусь далучылася да арт. XIII Статута Міжнар. валютнага фонду, у якім сфармуляваны крытэрыі канверсоўнасці нац. грашовай адзінкі па бягучых аперацыях.
У наступныя гады працягвалася манетарная палітыка, накіраваная на паглыбленне фінансава-эканам. стабільнасці, падтрыманне павольных і прадказальных тэмпаў дэвальвацыі бел. рубля. Паводле «Канцэпцыі развіцця банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2001—10 гады» зніжэнне курсу бел. рубля да 2005 павінна быць даведзена да ўзроўню 5% за год, што адпавядае міжнар. стандартам.
Страхаванне. Страхавая дзейнасць на Беларусі рэгулюецца Законам «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і «Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Для правядзення дзярж. палітыкі ў сферы страхавання пры Мін-ве фінансаў створаны Савет па страхаванні.
У 2004 на Беларусі дзейнічалі 6 абавязковых відаў страхавання і каля 30 добраахвотных, якія па галінах страхавання падзяляюцца на асабістае (жыцця і ад няшчасных выпадкаў), маёмаснае (фізічных асоб і юрыд. асоб), страхаванне адказнасці. Да абавязковай формы страхавання адносяцца: асабістае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў (з 1.1.2004); мед. страхаванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца на Беларусі (з 1.10.2004); абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў асобных катэгорый дзярж. служачых; страхаванне будынкаў грамадзян (з 1.1.1998); страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў (з 1.7.1999); страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі (з 1.4.2002). Добраахвотнымі відамі страхавання з’яўляецца страхаванне: жыцця; дадатковых пенсій; ад няшчасных выпадкаў, што не падлягаюць абавязковаму страхаванню; добраахвотнае страхаванне будынкаў грамадзян; хатняй маёмасці грамадзян; аўтатранспартных сродкаў; жывёлы грамадзян і інш. маёмасці фізічных асоб; маёмасці юрыд. асоб; авіясуднаў юрыд. асоб; будаўніча-мантажных рызык юрыд. асоб; прадпрымальніцкай рызыкі юрыд. асоб; інш. віды маёмаснага страхавання юрыд. асоб; грамадзянскай адказнасці арганізацый, што ствараюць павышаную небяспеку для наваколля; грамадзянскай адказнасці за нанясенне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафес. дзейнасці; грамадзянскай адказнасці перавозчыка і экспедытара; грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветр. суднаў; інш. віды страхавання адказнасці.
Страхавы рынак Беларусі пачаў фарміравацца ў 1990, калі была адменена дзярж. манаполія на страхаванне. Да сярэдзіны 1990-х г. у дзярж. рэестры зарэгістравана каля 100 страхоўшчыкаў; у пач. 2004 дзейнічалі 33 страхавыя арганізацыі розных арганізацыйна-прававых форм, у т. л. 3 дзяржаўныя: Белдзяржстрах, Белэксімгрант і даччыная кампанія Белдзяржстраха, якая займаецца страхаваннем жыцця — «Стравіта». Самай буйной страхавой кампаніяй Беларусі з’яўляецца Белдзяржстрах (да 1991 — адзіная страхавая арг-цыя ў рэспубліцы), доля якога ў агульнай страхавой прэміі складае 60%. Страхавыя арг-цыі сканцэнтраваны ў асноўным у Мінску, а ў іншых гарадах маюць структурныя падраздзяленні.
Найб. развітым відам страхавання на Беларусі з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў, уведзенае 1.7.1999; з 1.7.2002 Бел. бюро па трансп. страхаванні стала транзітным членам міжнар. сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта» (44 краіны-члены).
Заканадаўства краіны забараняе продаж полісаў замежных страхавых кампаній у Рэспубліцы Беларусь. Страхавая дзейнасць замежных кампаній дазваляецца толькі ў сумесных прадпрыемствах з бел. кампаніямі. Максімальная доля замежнага капіталу абмяжоўваецца 49% укладу ва ўстаўны фонд. На бел. страхавым рынку працуе 10 кампаній з удзелам замежнага капіталу. Партнёрамі з’яўляюцца рэзідэнты Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Аўстрыі, Бельгіі і інш.
Штогадовы збор страхавых прэмій усімі страхоўшчыкамі Рэспублікі Беларусь да 2000 складаў у эквіваленце 50 млн. долараў ЗША. З 2000 памер паступленняў страхавых прэмій штогод нарастаў і ў 2004 дасягнуў 200,8 млрд. рублёў, ці каля 100 млн. долараў ЗША. Расходы на страхаванне ў Беларусі вельмі нізкія: 0,5—0,7% ад ВУП (у 1990—1,8%).
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в БССР. Мн., 1970;
Шмарловская Г.А. Теория налогов: закономерности формирования и государственного регулирования. Мн., 1996;
Корякина О.А. Финансы в национальной экономике. Мн., 1998;
Совершенствование финансово-кредитного механизма в условиях трансформации экономики Республики Беларусь. Мн., 2000;
Лученок А.И. Актуальные проблемы финансовой политики (респ. и региональный аспекты). Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ.
Адбыўся 9—15.1.1924 у Мінску. Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам. Парадак дня: аб міжнар. і ўнутр. становішчы СССР (В.А.Багуцкі), зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А.Х.Гетнер), раянаванні Беларусі і рэарганізацыі сав. апарату; справаздачы ўрада БССР (А.Р.Чарвякоў), аб выкананні дзярж. і мясц. бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 (С.Я.Талунціс); даклады Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 і аб с.-г. крэдыце (А.С.Славінскі, Н.Л.Аксючыц), Наркамасветы БССР (У.М.Ігнатоўскі, А.В.Баліцкі); выбары чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Ўсебел. з’езды Саветаў; бягучыя справы. З’езд ухваліў дзейнасць СНКБССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНКБССР аб уступленні Бел. ССР у Саюз ССР, ухваліў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці ў адпаведнасць Канстытуцыю БССР з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губ. уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю бел. насельніцтва. Зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—24, разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, ветэрынарыі, землеўпарадкавання, меліярацыі, лясной гаспадаркі. Прыняў рашэнне аб плане ўвядзення ўсеаг. навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Беларусі. Паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У.І.Леніну. З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебел. з’езда Саветаў, выбраў 4 чал. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР (адно месца пакінуў Віцебскай губ.), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебел. з’езды Саветаў.
Літ.:
Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: Сб. док. Т. 5. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т БССР (ЦВКБССР),
вышэйшы заканадаўчы, распарадчы і кантрольны орган дзярж. улады БССР паміж Усебел. з’ездамі Саветаў у 1919—38. Выбіраўся на з’ездах Саветаў і быў падсправаздачны ім. Першы ЦВКБССР сфарміраваны на Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў у Мінску (2—3.2.1919).
Усяго адбылося 11 скліканняў ЦВКБССР. ЦВК вызначаў агульны кірунак дзейнасці рабоча-сял. ўрада і ўсіх органаў сав. улады ў рэспубліцы, аб’ядноўваў і ўзгадняў работу па заканадаўстве і кіраванні, наглядаў за выкананнем Канстытуцыі, пастаноў з’ездаў Саветаў і цэнтр. органаў сав. улады, разглядаў і зацвярджаў праекты дэкрэтаў і інш. прапановы, што ўносіліся асобнымі ведамствамі, выдаваў дэкрэты і распараджэнні, склікаў з’езды Саветаў, уносіў частковыя змяненні ў Канстытуцыю з далейшым зацвярджэннем іх з’ездам Саветаў, утвараў цэнтр. органы дзярж. улады і кіравання, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва палітыкай і нар. гаспадаркай рэспублікі, устанаўліваў рэсп.бюджэт, заключаў дагаворы на знешнія і ўнутр. пазыкі, прымаў кодэксы законаў БССР, аб’яўляў агульную і прыватную амністыю, устанаўліваў адм.-тэр. падзел БССР, адмяняў пастановы акр. з’ездаў Саветаў і дзярж. органаў БССР, калі яны супярэчылі Канстытуцыі; меў права вырашаць любыя пытанні, што не адносіліся да кампетэнцыі Саюза ССР і выключнага вырашэння на Усебел. з’ездах Саветаў. ЦВКБССР фарміраваў урад рэспублікі — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Паводле Канстытуцыі Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусь 1919 ЦВК выбіраў Вялікі і Малы Прэзідыумы ЦВК. Вялікі Прэзідыум выконваў функцыі ўрада, Малы Прэзідыум з’яўляўся агульным аператыўным выканаўчым органам для ЦВК і Вялікага Прэзідыума. З 1920 ЦВКБССР пачаў выбіраць адзіны Прэзідыум. У сувязі з вял. аб’ёмам работы ЦВК і Прэзідыум ЦВК стваралі дапаможныя органы; Сакратарыят Прэзідыума ЦВК і яго аддзелы, пастаянныя і часовыя камісіі ЦВК. Сесіі ЦВКБССР павінны былі склікацца Прэзідыумам ЦВК штомесячна, нечарговыя, або надзвычайныя, сесіі ЦВК — па ініцыятыве Прэзідыума ЦВК, прапанове СНКБССР або патрабаванні 1/3 членаў ЦВК. Апошняя сесія ЦВК 11-га склікання праведзена 13.11.1937. ЦВК апошняга 11-га склікання быў сфарміраваны Адзінаццатым Усебеларускім з’ездам Саветаў (14—22.1.1935) і дзейнічаў да выбрання Вярх. Савета БССР (гл.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь).
Старшыні ЦВКБССР: А.Р.Чарвякоў (1920—37), М.В.Стакун (7.7—13.11.1937), Н.Я.Наталевіч (в.а., 14.11.1937—38).
Літ.:
Широков А.Т. ЦИК Белорусской ССР в 1919—1936 гг.Мн., 1979;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕДЖМЕНТ (англ. management кіраванне),
дзейнасць па рацыянальнай арг-цыі і кіраванні вытв-сцю, якая ажыццяўляецца наёмнымі і прафес. работнікамі — менеджэрамі. Распрацоўкай навук. асноў М. ў канцы 19 — пач. 20 ст. займаліся вучоныя розных краін (Адамецкі, А.А.Багданаў, М.Вебер, Г.Эмерсан і інш.). Уведзеная амер.інж. Ф.Тэйларам рацыяналізацыя працы і вытв-сці зрабіла пераварот у арганізацыі і кіраванні, спрыяла значнаму павышэнню эфектыўнасці вытв-сці. М. прадугледжвае: уменне дакладна дзейнічаць у адпаведнасці з канкрэтным становішчам спраў у фірме і знешніх умовах яе функцыянавання; блізкасць да спажыўца і канкурэнцыю за яго; улік навацый і іх практычнае выкарыстанне; рацыянальнае выкарыстанне вытв., прац. і фін. рэсурсаў; імкненне да атрымання макс. выніку пры мінімізацыі сукупных затрат; спалучэнне свабоды і жорсткага кантролю. Вылучаюць 5 функцый М.: маркетынгавае планаванне, арг-цыя, распарадчая дзейнасць, каардынацыя (узгадненне), кантроль. Маркетынгавае планаванне прадугледжвае распрацоўку доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновых вытв.планаў, фін. плана, які ўключае каштарысы даходаў і расходаў, затрат часу і матэрыялаў, капітальных расходаў, касавы бюджэт і балансавы каштарыс. Арганізац.-кіраўніцкая функцыя М. прадугледжвае стварэнне аптымальнай структуры прадпрыемства, дзе дасягаецца ўзаемадзеянне ўсіх элементаў сістэмы, здольнае ахапіць усе віды работ і падраздзяленні розных узроўняў. Існуюць розныя віды арганізац. структур: лінейная (у невял. фірмах з аднароднай і нескладанай прадукцыяй); лінейна-штабная (утварэнне спец. службаў-штабоў для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў); дывізійная (пабудаваная па відах прадукту, рынках або групах спажыўцоў) і матрычная (у фірмах, прадукцыя якіх мае адносна кароткі жыццёвы цыкл, і фірмах, што займаюцца даследчымі і доследна-канструктарскімі работамі). Распарадчая функцыя характэрна для органаў кіравання фірмы або карпарацыі, якія будуюцца паводле прынцыпу піраміды (аднаступеньчатая, шматступеньчатая). Каардынацыйная функцыя ўключае забеспячэнне зладжанай работы вытв. калектыву, эфектыўнае выкарыстанне вытв. і фін. рэсурсаў, выкарыстанне аператыўнай інфармацыі для ўстанаўлення дакладнага ўзаемадзеяння паміж элементамі сістэмы. Кантрольная функцыя прадугледжвае вызначэнне дакладных стандартаў дзейнасці арг-цыі (праектаў), вызначэнне адпаведнасці рэальнай дзейнасці ўстаноўленым стандартам, выяўленне адхіленняў ад прынятых планаў і стандартаў і карэкціроўкі дзеянняў. Важнае месца ў М. займаюць праблемы кіравання працай, што арганізуецца на прынцыпах яе падзелу, спецыялізацыі работнікаў, выкарыстання эканам. форм стымуляцыі працы. Паспяховае функцыянаванне прадпрыемства ў многім залежыць ад добрай арганізацыі фін. сферы і грашовага абарачэння, аптымізацыі фін. патокаў і структуры капіталу, дэталёвага аналізу розных паказчыкаў фін.-гасп. дзейнасці фірм, кампаній і карпарацый.
Літ.:
Богданов А.А. Тектология: Всеобщая организационная наука. Т. 1—2. М., 1989;
Виханский О.С., Наумов А.И. Менеджмент. 2 изд. М., 1996;
Давыденко Л.Н. Предпринимательство без границ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),
спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.
Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».
Літ.:
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.
Л.В.Паўлава.
Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНАНСАВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Сістэму нарматыўных прававых актаў фін. заканадаўства складаюць Канстытуцыя, кодэксы і законы Рэспублікі Беларусь, указы і дэкрэты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэсп. органаў дзярж. кіравання, органаў мясц. кіравання і самакіравання. Яны рэгулююць грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе абарачэння, размеркавання і выкарыстання дзярж. грашовых сродкаў, г.зн. адносіны ў сферы бюджэту, падаткаў, фін. кантролю, дзярж. страхавання, грашовага абарачэння, разлікаў і валютнага рэгулявання.
Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 19.12.2002, устанаўлівае сістэму падаткаў, збораў (пошлін), якія паступаюць у бюджэт краіны, асн. прынцыпы падаткаабкладання, правы і абавязкі падаткаплацельшчыкаў і падатковых органаў, рэгулюе ўладныя адносіны па ўвядзенні, змяненні, спыненні дзеяння падаткаў, а таксама адносіны, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджвання рашэнняў падатковых органаў і дзеянняў іх службовых асоб. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 25.10.2000, рэгулюе як фін., так і грамадз.-прававыя адносіны. Спец. нормы фін. права рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем Нац. банкам Рэспублікі Беларусь і банкамі (і нябанкаўскімі крэдытна-фін. арг-цыямі) функцый фін. кантролю. Бюджэтныя адносіны рэгулююцца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэтнай класіфікацыі» (5.5.1998), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах» (4.6.1993, у рэдакцыі ад 15.7.1998), «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь» (прымаюцца штогод), падатковыя адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб падатках на даходы і прыбытак» (22.12.1991), «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі» (23.12.1991; экалагічны падатак), «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (19.12.1991, у рэдакцыі ад 16.11.1999), «Аб падатку на нерухомасць» (23.12.1991), «Аб плацяжах за зямлю» (18.12.1991), «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (21.12.1991, у рэдакцыі ад 9.3.1999) і інш.; фін. адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (22.7.2003), «Аб знешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (22.6.1998), «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (27.5 1993) і інш. У межах фін. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання аўдытарскай дзейнасці» (12.2.2004), «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» (27.1.2003); указы Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый» (15.11.1999, у рэдакцыі ад 6.12.2001, ад 12.11.2003 і ад 25.5.2004), «Аб мерах па ўмацаванні ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь» (25.5.2000, у рэдакцыі ад 28.1.2002) і інш.
Фінансава-прававыя нормы ўтрымліваюць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якімі ўстанаўліваюцца стаўкі падаткаў і пошлін, рэгулююцца пытанні выпуску дзярж. каштоўных папер, вызначаецца прававое становішча органаў фін. кантролю. Да іх адносяцца «Палажэнне аб Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь» (31.10.2001), «Аб стаўках акцызаў на падакцызныя тавары» (21.1.2003), «Аб зацвярджэнні асноўных умоў выпуску асобных дзяржаўных каштоўных папер Рэспублікі Беларусь» (13.2.2003). Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях фін. адносін у межах сваёй кампетэнцыі прымаюць мін-вы фінансаў, па падатках і зборах, Нац. банк і інш.рэсп. органы дзярж. кіравання, а таксама абл., гар. і раённыя выканаўчыя камітэты, Саветы дэпутатаў і інш. органы мясц. кіравання і самакіравання. Самаст. часткай дзеючага на Беларусі фін. заканадаўства з’яўляюцца міжнар. дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць адпаведныя прававыя нормы.
Літ.:
Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994;
Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1995;
Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein), Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.