дакумент, дзе вызначана сума грошай, якая павінна быць заплачана за пастаўку пэўнай прадукцыі, выкананую работу ці паслугу; уліковы дакумент, у якім адлюстроўваюцца фін. разлікі і абавязацельствы, фіксуецца наяўнасць грашовых сродкаў (напр., Р. у банку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТАНАВО́З,
аўтамабіль для перавозкі бетоннай сумесі. Мае кузаў каўшовага або бункернага тыпу. Кузаў бетанавоза можа быць тэрмаізаляваны ці мець прыстасаванне для абагравання. Бетанавоз з бетонамяшалкамі, якія бесперапынна дзейнічаюць у час перавозкі, наз. аўтабетонамяшалкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСТУПЛЕ́ННЕ, адыход,
дзеянні войскаў з мэтай выхаду з-пад удараў праціўніка і заняцця больш выгаднага становішча для далейшых баявых дзеянняў. Можа быць наўмыснае і вымушанае (калі немагчыма наяўнымі сіламі ўтрымаць заняты раён і ствараецца рэальная пагроза акружэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НАВАЯ ВА́РТАСЦЬ,
паводле марксісцкай эканам. дактрыны, магчымасць тавару быць абмененым на іншы тавар у пэўнай прапорцыі, што знаходзіць сваё выражэнне ў грашовай вартасці, у цане тавару. Адрозніваецца ад спажывецкай вартасці, якая характарызуе тавар як прадмет спажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́Л (ад лац. potentia сіла),
магчымасці, сродкі, энергет. і інш. рэсурсы, якія могуць быць выкарыстаны для вырашэння якой-н. задачы, дасягнення пэўнай мэты; магчымасці канкрэтнай асобы, грамадства, дзяржавы ў пэўнай галіне дзейнасці (напр., творчы П., эканамічны П.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЗНІЦА,
у хрысціянскіх храмах памяшканне для захоўвання рыз (адзенне святара пры богаслужэнні) і царк. начыння. Найчасцей знаходзіцца ўнутры храма (напр., у адным з алтароў), можа быць у выглядзе прыбудовы або (у манастырах) асобнага будынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КАў крымінальным праве,
аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быцьпаліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. implicatio спляценне, перапляценне),
лагічная аперацыя, якая з двух выказванняў утварае складанае выказванне з дапамогай лагічнай звязкі, аналагічнай сэнсу злучніка, «калі..., то» (сімвалічны запіс A→B ці A⊃B; чытаецца «калі A, то B», «з A вынікае B» і інш.). Імплікатыўнае выказванне складаецца з антэцэдэнта (выказванне, перад якім падаецца слова «калі») і кансеквента (выказванне, якое ідзе за словам «то»). Адрозніваюць розныя віды І.: матэрыяльную, строгую, рэлевантную і інш. У вылічэннях класічнай логікі найб. шырока выкарыстоўваецца матэрыяльная І. (гл.Матэматычная логіка). Пры яе вызначэнні не ўлічваецца сувязь па сэнсе антэцэдэнта і кансеквента, наяўнасць якой характэрна для сказаў са злучнікам «калі..., то» ў паўсядзённай мове. Антэцэдэнт і кансеквент разглядаюцца толькі з боку іх прыкметы быць або не быць ісціннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРПРАПАГА́НДА (ад контр... + прапаганда),
пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.
Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.
П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.