ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр. дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ. за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВК БССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.​І.​Ляшук.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮД»

(«Lud», «Народ»),

польскі этнагр. часопіс; орган Польскага нарадазнаўчага т-ва. Засн. ў 1895 мовазнаўцам і этнографам А.​Калінай. Выдаецца як штогоднік (у 1907—38 штоквартальнік), спачатку ў Львове, пазней у Вроцлаве і Познані. Асвятляе актуальныя пытанні тэорыі і метадалогіі культуры, гісторыі этнаграфіі, стану і праблематыкі этнагр. даследаванняў і інш. Этнаграфіі Беларусі прысвечаны публікацыі: пад ініцыяламі B. J. K. «Ужыванне цымбалаў у музыцы і беларускіх песенек на польскіх дварах у 1710 г.» (1905, т. 11), В.​Брухнальскага «З «Помніка» М.​Маркса, віцябчаніна» (1922, т. 21), С.​Малевіча «Батлейка на Белай Русі» (1924, т. 22), Ю.​Галомбака «Беларускія дзяды» (1925, т. 24), Ч.​Пяткевіча «Гігіена ў жыцці палешукоў» (1931, т. 30), В.​Бандарчыка «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў XIX ст.» (1967, т. 51, ч. 1), «Этнаграфія Беларусі пасляваеннага перыяду» (1973, т. 57), Ф.​Сяліцкага «Беларускія народныя бяседна-радзінныя песні з вёскі Мікуліна гм. Даўгінава былога Вілейскага павета» (1979, т. 63), «Беларускія жніўныя і палявыя песні з ваколіц вёскі Мікуліна былой гміны Даўгінава Вілейскага павета» (1982, т. 66), «Легенды, прытчы і апавяданні аб з’явах на Вілейшчыне ў міжваенны перыяд» (1983, т. 67), «Вясеннія і летнія гадавыя звычаі ў былым Вілейскім павеце» (1985, т. 69). Апублікаваў рэцэнзіі на працы А.​Багдановіча, М.​Доўнар-Запольскага, М.​Федароўскага, Ч.​Пяткевіча, К.​Машынскага, Я.​Карскага, М.​Чурак, М.​Раманюка, А.​Лакоткі, на тамы серыі «Беларуская народная творчасць», кнігі «Беларускае народнае мастацтва» (1956, т. 42, ч. 2), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1987, т. 71) і інш., энцыклапедыю «Этнаграфія Беларусі» (1992, т. 75). Выйшла 80 тамоў (1996).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

старажытнарускае княства, утворанае ў 1199 у выніку аб’яднання князем Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў вярхоўях Днястра, Віслы, Нарава і Прыпяці, у канцы 13 ст. ўключала больш за 80 гарадоў. Пасля смерці Рамана Мсціславіча ў 1205 распалася на ўдзелы, але да 1240 кн. Даніла Галіцкі зноў аб’яднаў іх. У далейшым князі Галіцка-Валынскага княства браты Даніла і Васілька Раманавічы праводзілі палітыку падначалення сваёй уладзе Тураўскага, Пінскага і Новагародскага (Навагрудскага) княстваў, Берасцейскай зямлі і летапіснай Літвы (Верхняе Панямонне), якія выкарыстоўваліся імі як плацдарм для паходаў на Польшчу (1219, 1237) і на яцвягаў (1229, 1248, 1250, 1256). Князі Галіцка-Валынскага княства былі гал. знешнімі праціўнікамі ўтварэння ВКЛ, у 1248—49, 1251 і 1253 яны зрабілі 3 паходы на сталіцу дзяржавы — Новагародак. У 1254 новагародскі князь Войшалк аддаў сваю зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам правёў 3 гады ў манастыры. У 1264 з дапамогай Галіцка-Валынскіх князёў Войшалк заваяваў літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву, а ў 1267 перадаў велікакняжацкі пасад сыну Данілы Галіцкага Шварну. Пры вял. князю ВКЛ Трайдзеню Галіцка-Валынскія князі ў саюзе з татарамі ў 1274 і 1277 зрабілі спусташальныя паходы на Новагародак і Гародню (Гродна). Князі ВКЛ Будзікід і Будзівід аддалі ў 1289 валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір. У далейшым у выніку міжусобнай барацьбы Галіцка-Валынскае княства распалася. У 1340-я г. за землі былога Галіцка-Валынскага княства ваявалі ВКЛ і Польшча. Паводле пагаднення 1352 Галіцкая зямля падначалена Польшчы, а Валынская ўвайшла ў склад ВКЛ.

Літ.:

Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;

Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫ пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,

установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.​Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар. навук. канферэнцый, у т. л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук. зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.​С.​Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.

Б.​Л.​Харкевіч.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.

Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.

Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВК БССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).

Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССР гл. ў арт. Ордэн, Медаль.

Г.​А.​Маслыка.

Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.​Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́РАЎ (Пётр Міронавіч) (26.2.1918, в. Шыркі Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.10.1980),

партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1939). У 1939—41 выкладчык фізікі і матэматыкі ў Расонскай СШ Віцебскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў жн. 1941 стварыў і ўзначаліў Расонскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 камандзір партыз. атрада імя Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім р-нах БССР, у суседніх раёнах РСФСР і Латв. ССР. З сак. 1943 камісар партыз. брыгады імя К.​К.​Ракасоўскага Віцебскай вобл. З вер. 1943 1-ы сакратар Вілейскага падп. абкома ЛКСМБ. З ліп. 1944 1-ы сакратар Маладзечанскага абкома ЛКСМБ, з ліп. 1946 сакратар, з кастр. 1947 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З ліп. 1954 2-і сакратар Мінскага, са жн. 1955 1-ы сакратар Брэсцкага абкомаў КПБ. З крас. 1959 сакратар, са снеж. 1962 2-і сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ з 1949; канд. у чл. Бюро ЦК з лют. 1949 да студз. 1956, чл. Бюро ЦК КЛБ з крас. 1959 да снеж. 1962 і з чэрв. 1966, чл. Прэзідыума ЦК КПБ са снеж. 1962 да чэрв. 1966. Канд. у члены ЦК КПСС з 1961, чл. ЦК КПСС з 1964.

Канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС з крас. 1966. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55 і з 1959, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1951—55 і з 1966. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—62 і з 1966, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1966. У перыяд яго дзейнасці Беларусь дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік былога СССР. Загінуў у аўтакатастрофе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У Віцебску ўстаноўлены помнік М. Яго імем названы праспект у Мінску, вуліцы ў Глыбокім, Давыд-Гарадку, Жыткавічах, Лідзе, Дзятлаве, Краснаполлі і інш. нас. пунктах Беларусі.

Тв.:

Советская Белоруссия. М., 1980;

Избр. речи и статьи. Мн., 1982.

Літ.:

Якутов В.Д. Петр Машеров: Худож-док. повесть. Мн., 1992;

Антонович С.В. Петр Машеров: Жизнь, судьба, память...: Док. повесть. Мн., 1998.

Ю.​П.​Смірноў.

П.М.Машэраў.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд. Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),

рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап. нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.​Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча і інш. бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш.кн. «Мастацкія творы», 1941).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—30. М., 1954—66.

Літ.:

Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;

Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;

Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;

Летопись жизни и творчества А.​И.​Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.

Н.​В.​Галаўко, У.​М.​Конан.

А.І.Герцэн.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,

сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.

Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.

З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.

Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМАЛА́І (ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),

найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс. км². Выш. да 8848 м, г. Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаі выш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс. км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш. крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх. ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Гімалаі.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.​Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.​Астроўскага, «Іспанцы» М.​Лермантава, «Улада цемры» Л.​Талстога, «У добры час!» В.​Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Юстына» Х.​Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.​Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.​Быкава, «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча, «Амністыя» М.​Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.​Астроўскага, «Акіян» А.​Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Мілы чалавек» К.​Крапівы, «Несцерка» В.​Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.​Горкага, А.​Вампілава, І.​Друцэ, А.​Арбузава, А.​Гельмана, Т.​Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.​Пракопчыка і Дз.​Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.​Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.​Набокава) Э.​Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.​Рудава (паводле твораў К.​Марашэўскага і Ф.​Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.​Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.​Булгакава, «Нора» Г.​Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.​Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.​Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.​Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.​Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.

Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.​Дубаў, Я.​Кімберг, Ю.​Сідараў, засл. арт. Беларусі С.​Аляксандраў, З.​Асмалоўская, М.​Астанкава, А.​Бірычэўскі, Г.​Глінаецкі, В.​Грачынскі, С.​Іванова, М.​Кавязіна, Н.​Караткевіч, У.​Мішанчук, Ю.​Нікіцін, Т.​Нікалаева, Г.​Панкрат, Л.​Сторажава, П.​Філіпаў, Т.​Шашкіна, засл. арт. Расіі А.​Лявонаў і Н.​Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.​Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.​Гайдуліс, Л.​Дзяменцьева, М.​Емяльянаў, А.​Марцінюк, В.​Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.​Рудой, засл. арт. Абхазіі У.​Шакала. Гал. рэжысёр М.​Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.​Розаў (з 1991).

Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.​Тызенгаўза (гл. ў арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.​Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).

Да арт. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дом на скале» Х.​Вуаліёкі.
Да арт. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Мілы чалавек» К.​Крапівы.
Да арт. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)