МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,

навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад больш стараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).

т. 9, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПО́КРЫЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

вырошчванне дадатковай падсяўной культуры на адной плошчы з асноўнай. Падпокрыўная культура застаецца расці на полі пасля ўборкі асн. культуры (убіраюць на павышаным зрэзе), якая мае больш кароткі перыяд вегетацыі і менш зацяняе падпокрыўныя расліны. П.п. даюць магчымасць атрымліваць 2 ураджаі з адной плошчы за вегетацыйны перыяд. На Беларусі ў якасці падпокрыўных культур выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя травы (сырадэля, райграс аднагадовы, канюшына чырвоная, люцэрна пасяўная, цімафееўка і аўсяніца лугавыя), якія добра пераносяць зацяненне ў першай палове вегетацыі і не прыгнечваюць асн. культуру.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЯ ЧА́СТКА (МСЧ),

комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед.сан. дапамогі тым, хто працуе на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Бывае закрытага тыпу (абслугоўвае толькі тых, хто працуе) і адкрытага (абслугоўвае і іх сем’і). Ствараюцца на буйных прадпрыемствах ці ў групе галіновых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 4 тыс. і больш; урачэбныя пункты аховы здароўя — з колькасцю працуючых 1,2 тыс. і больш; фельчарскія пункты — менш за 1 тыс. У МСЧ уваходзяць: бальнічна-паліклінічны комплекс з паліклінікай, стацыянарам, пунктамі аховы здароўя, лячэбна-дыягнастычнымі аддзяленнямі, кабінетамі, дзённымі стацыянарамі, санаторыямі-прафілакторыямі і інш. Забяспечвае мед.-сан. дапамогу працуючым пры захворваннях і траўмах (у т. л. дома), плануе і ажыццяўляе сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы па аздараўленні ўмоў працы, зніжэнні агульнай захворваемасці, праводзіць дыспансерызацыю і інш. Узначальвае МСЧ гал. ўрач.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз. петрагеннымі.

Я.​І.​Аношка.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v ≪ c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА, негрыцянскае проса,

перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum),

гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.

Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.

Г.​У.​Вынаеў.

Афрыканскае проса.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДО́ВАЯ РАСА́,

выпат цукрыстай вадкасці ў выглядзе кропелек на лістах (часам на сцёблах) некат. лісцевых дрэў (напр., ліпы, дуба, вярбы, вяза, жоўтай акацыі) і ігліцы елак. Утвараецца пры рэзкіх сутачных зменах т-ры і вільготнасці (уначы і раніцай, найб. увосень) без удзелу нектараноснай тканкі. Паводле саставу падобная да нектару, але мае больш дэкстрынаў, к-т, бялковых і мінер. рэчываў і менш засваяльных пчоламі цукроў. Часам наз. паддзю расл. паходжання. Як і падзь, ператвараецца пчоламі ў падзевы мёд. Часам М.р. памылкова называюць цукрыстую вадкасць, што выдзяляецца канідыяльнай стадыяй спарынні для прываблівання насякомых.

В.​І.​Сапега.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЬ,

салодкія густыя выдзяленні насякомых, што жывяцца расл. сокамі: даўганосікаў, лістаблошак, тлей, чарвяцоў і інш. Паяўляецца звычайна на лісці дрэў, кустоў, пры багатым выдзяленні (найб. ў гарачае надвор’е) падае дробнымі кропелькамі (адсюль назва).

Свежавыдзеленая П. празрыстая, на паветры хутка цямнее і загусае. Мае 5—18% сухога рэчыва. 90—95% якога складаюць вугляводы: менш, чым у нектары, монацукрыдаў (глюкоза, фруктоза), больш алігацукрыдаў (цукроза, мелецытоза) і дэкстрынаў, астатняе — спірты (маніт, дульцыт), ферменты, амінакіслоты, аміды, арган. к-ты, мінер. рэчывы і інш. Як і мядовая раса, збіраецца пчоламі (пры недахопе меданосаў і інш.) і перапрацоўваецца імі ў падзевы мёд.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,

група відаў птушак, у якіх птушаняты ад моманту вылуплення да пачатку самастойнага жыцця больш-менш працяглы перыяд развіваюцца ў гняздзе або паблізу ад яго і першапачаткова выкормліваюцца бацькамі. Займаюць прамежкавае становішча паміж птушанятнымі птушкамі і вывадкавымі птушкамі, біялагічна блізкія да птушанятных, марфалагічна — да вывадкавых. У арнітафауне Беларусі да П.п. належаць дзённыя драпежнікі, чайкі, чаплі і інш.

Птушаняты П.п. выходзяць з яец з адкрытымі зрокавымі і слыхавымі праходамі, з развітым эмбрыянальным пухам, здольныя праз 20—30 гадз. трымаць галаву і стаяць на нагах, але яшчэ не могуць хадзіць за дарослымі птушкамі і самастойна карміцца.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТЫКУЛАЦЫ́ТЫ (ад лац. reticulum сетачка + kytos клетка),

бяз’ядзерныя постклетачныя структуры, якія папярэднічаюць утварэнню эрытрацытаў. У крыватоку за 24—28 гадз пераўтвараюцца ў спелыя эрытрацыты. Цытаплазма Р. амаль цалкам запоўнена гемаглабінам, мае ў сабе рэшткі полірыбасом і інш. арганел. У Р. ажыццяўляецца сінтэз бялку, пурынаў, ліпідаў і інш. У дарослага чалавека ў норме Р. у крыві 0,7—1% ад агульнай колькасці эрытрацытаў. Павелічэнне колькасці Р. (да 50% і больш) сведчыць пра недастатковасць пераносу кіслароду (бывае, напр., пры вял. стратах крыві). Р. менш за 0,5% ад агульнай колькасці эрытрацытаў — прыкмета прыгнечання іх утварэння.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)