«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,
вайсковая газета. Выдавалася ў крас. — снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.
т. 5, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКІ,
група стаянак каменнага веку каля в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Датуецца 8—4-м тыс. да н.э. Ёсць стаянкі эпохі мезаліту, большасць належыць да нёманскай культуры. Знойдзены мікралітычныя вырабы, прылады працы з крэменю, у т. л. шліфаваныя сякеры, дробныя кавалкі і фрагменты ляпных гаршкоў. Выяўлены рэшткі жытлаў.
т. 11, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕР’Я́ДРЫ ў фізіцы,
ядрападобныя сістэмы, якія складаюцца з нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) і аднаго або некалькіх гіперонаў (Λ, Σ і інш.). Утвараюцца пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з нуклонамі ядраў або пры захопе ядром павольнага K−-мезона; выяўляюцца па прадуктах распаду. Вывучэнне ўласцівасцей гіпер’ядраў з’яўляецца адным з найб. важных кірункаў ядз. фізікі, дазваляе высветліць сувязі паміж фундаментальнымі барыён-барыённымі ўзаемадзеяннямі і ядз. структурай.
Λ-гіпер’ядры адкрыты эксперыментальна ў 1953 польскімі вучонымі М.Данышам і Е.Пнеўскім; у 1963 выяўлены гіпер’ядры з двума Λ-гіперонамі (падвойныя гіпер’ядры), у 1979 — Σ-гіпер’ядры. Большасць уласцівасцей гіпер’ядраў эксперыментальна вызначана пры ўзаемадзеянні K−-мезонаў з ядром: гіпер’ядры маюць ненулявую дзіўнасць; іх структура вызначаецца моцным узаемадзеяннем нуклонаў і гіперонаў, час жыцця гіпер’ядраў — часам жыцця гіперона; большасць гіпер’ядраў могуць знаходзіцца ў некалькіх станах (асн. і ўзбуджаным) з пэўнымі значэннямі поўнага вуглавога моманту і цотнасці.
А.В.Берастаў.
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́Д (ням. Allod),
свабодна адчужальная індывід.-сямейная зямельная ўласнасць у раннефеад. дзяржавах Зах. Еўропы. Прыйшоў на змену абшчынным формам уласнасці. З развіццём феад. адносін большасць дробных алодаў ператварылася ў залежныя сял. дзяржанні, а буйныя і сярэднія — у бенефіцыі і феоды. Як перажытак алод існаваў і пры развітым феадалізме. На Беларусі алоду ў некаторай ступені адпавядала вотчына.
т. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,
віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл. Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),
асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.
т. 6, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,
хімічна індывід. рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл. Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.
т. 7, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗЫ,
органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розных фізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.
А.С.Леанцюк.
т. 6, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ І ПА́РТЫЙ Адбыўся 21—23.7.1917 у Мінску. Скліканы Беларускім нацыянальным камітэтам
(БНК) па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Прысутнічала каля 50 дэлегатаў. Асн. пытанне — нацыянальнае. Большасць дэлегатаў выказалася за паліт. аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. З’езд паслаў прывітальную тэлеграму Цэнтр. укр. радзе. Сярод дэлегатаў намецілася размежаванне паміж прадстаўнікамі БСГ і Беларускай народнай партыі сацыялістаў па пытанні выбараў новага прадстаўнічага органа бел. арг-цый. У выніку выбараў прадстаўнікі БСГ атрымалі большасць. Замест БНК абраны Выканаўчы к-т Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый [У.Галубок, Я.Лёсік, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш.),
А.Смоліч, У.Фальскі], да якой перайшло кіраўніцтва бел. нац. рухам. Дэлегаты выказалі пратэст супраць прэтэнзій Польскай дзярж. рады на бел. землі. Прыняты рэзалюцыі аб дапамозе бел. бежанцам, стварэнні арг. бюро беларусаў-вайскоўцаў. З’езд пастанавіў стварыць фонд і паскорыць адкрыццё ў Беларусі ун-та і с.-г. ін-та; даручыў упаўнаважаным у Петраградзе хадайнічаць перад Мін-вам нар. асветы аб асігнаваннях на выданне бел. падручнікаў.
В.Г.Мазец.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́Н I (?—1365),
першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)