ГІДРАБАРАЦЫ́Т (ад гідра... + позналац. borax буракс),
мінерал, водны барат кальцыю і магнію CaMg[B3O4(OH)2]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя, агрэгаты пласцінкава-валакністыя, шчыльныя і тонказярністыя масы. Бясколерны, белы. Бляск шкляны да шаўкавістага. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,167 г/см³. Пашыраны мінерал галагенна- і вулканагенна-асадкавых радовішчаў борных руд. Радовішчы ў Казахстане, Германіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),
мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАІ́Т (ад грэч. krokos шафран),
мінерал класа храматаў, храмат свінцу, Pb(CrO4). Прымесі серабра, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя; характэрны крышт. друзы. Бывае таксама зярністым. Колер аранжава-чырвоны. Бляск алмазны. Паўпразрысты. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 5,9—6,1 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення гідратэрмальных радовішчаў, якія змяшчаюць сульфіды свінцу і залягаюць сярод ультраасноўных парод. Каштоўны калекцыйны мінерал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),
мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФВЕДСАНІ́Т (ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),
мінерал, манаклінны шчолачны амфібол NaNa2Fe24+Fe3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРЭ́Н (ад лац. vitrum шкло),
састаўная частка вуглёў выкапнёвых, характэрная для гумалітаў. Паводле хім. уласцівасцей падобны на гумусавыя рэчывы тарфоў. Колер чорны, мае моцны бляск, ракавінны або згладжаны злом. Крохкі. Утвараецца пры змене лігнінава-цэлюлозных тканак раслін у выніку раскладання ва ўмовах абводненых тарфяных балот пры недахопе кіслароду. У вуглях утварае лінзы і слаі. Асн. носьбіт спякаючых уласцівасцей выкапнёвых вуглёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТА́З,
мінерал падкласа простых вокіслаў, адна з трох паліморфных мадыфікацый рутылу (TiO2); прымесі жалеза, цынку, ніобію. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер зеленавата-жоўты, буры, чорны. Бляск алмазны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,9 г/см³. Пры награванні да 620—650 °C пераходзіць у рутыл. Другасны акцэсорны мінерал: адзінкавыя зерні ў пегматытах, сланцах, у россыпах, баксітах і інш.