ДАВІДЗЮ́К ((Dawidziuk) Мікола) (н. 23.4.1944, в. Уснаршчына Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі жывапісец і графік. Па паходжанні беларус. Скончыў Вышэйшую школу пластычных мастацтваў у Лодзі (1969) і выкладае ў ёй (з 1993 праф.). Мастак імкнецца да пранікнення ва ўнутр. свет асобы, раскрываючы яго праз містычныя твары загадкавых персанажаў, у якіх відавочна сувязь з міфалагічнасцю, спалучэнне канонаў іканапісу з кірункам сучаснага заходнееўрап. мастацтва. Асн. працы: «Падвойны профіль» (1984), «Падбеластоцкі татэм» (1991), «Без назвы» (1992), «Блакітны квадрат» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗІЛЬ ((Musil) Роберт) (6.11.1880, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 15.4.1942),
аўстрыйскі пісьменнік. Вучыўся ў ваен. акадэміі ў Вене, скончыў вышэйшую тэхн. школу (1901), Берлінскі ун-т (1908). З 1938 у эміграцыі (Швейцарыя). Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантызму, рус. рэалізму, імпрэсіянізму, ням. мадэрну, філасофіі Ніцшэ. Самы значны яго твор — філас.-сатыр. раман «Чалавек без уласцівасцей» (кн. 1—3, 1930—43) — вострая сатыра на Аўстра-Венгрыю напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар рамана «Душэўныя пакуты выхаванца Цёрлеса» (1906, экранізацыя 1965), зб-каў навел «Злучэнні» (1911), «Тры жанчыны» (1924), драмы «Летуценнікі» (1921), кн. эсэ і мініяцюр «Прыжыццёвая спадчына» (1936) і інш. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам і стылявой дасканаласцю.
Тв.:
Рус.пер. — Человек без свойств: Роман. Кн. 1—2. М., 1984;
Малая проза: Избр. произв.: В 2 т.Т. 1. М., 1999.
Літ.:
Адмони В.Г. «Человек без свойств» Р.Музиля // Адмони В.Г. Поэтика и действительность. Л., 1975;
Белобратов А.В. Роберт Музиль: Метод и роман. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА... (ад грэч. apo з, ад, без),
першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае адмаўленне, страту, адсутнасць чаго-н., паходжанне з чаго-н., выдаленне, напр., апагамія, апаміксіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІЁН (кельцкае Albion),
старажытная назва Брытанскіх астравоў (без Ірландыі). Упершыню ўпамінаецца ў творах стараж.-грэч. пісьменнікаў 6 ст. да н.э. Ужываецца і цяпер як сінонім назвы Англіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.
У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.