прадукт перапрацоўкі нафты — сумесь вуглевадародаў рознай будовы. Бясколерная лятучая вадкасць, мае характэрны пах, tкіп 30—205 °C, шчыльн. 700—780 кг/м³, вогненебяспечны. Атрымліваюць дыстыляцыяй (прамагонны бензін), каталітычным крэкінгам газа-газойлевых і цяжкіх дыстылятных ці каталітычным рыформінгам бензінавых фракцый нафты. Асн. выкарыстанне — паліва для рухавікоў унутранага згарання. Прадпрыемствы па вытв-сці бензіну на Беларусі ёсць у Мазыры, Наваполацку.
У бензіне прамагонным 3—10% араматычных, 12—30% нафтэнавых, 60—80% нармальных парафінавых, 1—2% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне крэкінгу 12—60% араматычных, 12—30% нафтэнавых, да 50% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне рыформінгу ёсць араматычныя і ізапарафінавыя вуглевадароды, практычна няма ненасычаных і серы. Таварныя прадукты — сумесь бензіну з рознай сыравіны, іх маркі вызначаюцца актанавым лікам, эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюцца пры ўвядзенні алкілату, ізаактану, талуолу, некаторых прысадак (гл. таксама Антыдэтанатар). Вырабляюць бензін летні, зімовы, неэтыліраваны і этыліраваны (афарбаваны, мае да 1 мл этылавай вадкасці на 1 кг, ГДК 100 мг/м³). Бензін газавы (нафтавы) — вадкая сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць са спадарожных газаў, якія вылучаюцца пры здабычы нафты і яе стабілізацыі, ахаладжэннем ці паглынаннем мінер. маслам з наступнай перагонкай. Газавыя бензіны дабаўляюць да інш. бензіну (у т. л. зімовага) для паляпшэння «пускавых» характарыстык. Бензін з малой колькасцю араматычных вуглевадародаў (не больш як 3%) і серы выкарыстоўваюцца як растваральнікі і прамывачныя вадкасці. Уайт-спірыт — растваральнік і экстрагент для тлушчаў, смолаў, каўчукоў; Бензін «галош» выкарыстоўваецца ў вытв-сці гумавых клеяў.
Літ.:
Гуреев А.А., Жоров Ю.М., Смидович Е.В. Производство высокооктановых бензинов. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ВА,
слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).
Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.
Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́ННЕў вытворчасці,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).
У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.
Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ БІЯЛАГІ́ЧНАЕ,
біяхімічны працэс, сукупнасць акісляльна-аднаўляльных рэакцый. Адбываецца ва ўсіх жывых клетках (пераважна ў мітахондрыях), складае аснову тканкавага дыхання і браджэння. Асн. функцыя акіслення біялагічнага — забеспячэнне арганізма энергіяй, якая паступова вызваляецца з арган. рэчываў пры перадачы аднаўляльных эквівалентаў (АЭ) — пратонаў і электронаў (ці толькі электронаў) ад донара да акцэптара (з прычыны рознасці іх акісляльна-аднаўляльных патэнцыялаў) і назапашваецца пераважна ў форме багатых энергіяй сувязяў адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ) і інш. макраэргічных злучэнняў. У аэробаў (большасць жывёл і раслін, многія мікраарганізмы) канчатковы акцэптар АЭ — кісларод. Пастаўшчыкі АЭ — арган. і неарган. рэчывы. Найб. значэнне мае акісленне біялагічнае, якое адбываецца пры гліколізе, акісленні α-кетаглутаравай к-ты і пры пераносе АЭ у ланцугу акісляльных (дыхальных) ферментаў (гл.Акісляльнае фасфарыліраванне). У разліку на 1 малекулу глюкозы гліколіз дае 2, акісляльнае фасфарыліраванне ў дыхальным ланцугу — 34 малекулы АТФ. У працэсе дыхання адбываецца паслядоўнае многаступеньчатае акісленне вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, што прыводзіць да аднаўлення асн. пастаўшчыкоў АЭ для дыхальнага ланцуга, якое ў значнай ступені ажыццяўляецца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Мяркуюць, што гліколіз, цыкл трыкарбонавых кіслот і дыхальны ланцуг функцыянуюць у клетках усіх эўкарыётаў. Рэакцыі акіслення біялагічнага ў клетках каталізуюць аксідарэдуктазы. Акісляльныя рэакцыі, аднак, не заўсёды суправаджаюцца назапашваннем энергіі. Яны таксама нясуць функцыі пераўтварэння рэчываў (напр., пры ўтварэнні жоўцевых к-т, стэроідных гармонаў, на шляхах метабалізму амінакіслот і інш.). Акісленнем абясшкоджваюцца многія чужародныя і таксічныя для арганізма рэчывы (араматычныя злучэнні, недаакісленыя прадукты дыхання і інш.). Такое акісленне біялагічнае наз. свабодным акісленнем і суправаджаецца ўтварэннем цяпла. Мяркуюць, што сістэма пераносу электронаў, якая ажыццяўляе акісляльнае фасфарыліраванне, здольная пераключацца на свабоднае акісленне пры павелічэнні патрэбнасці ў цяпле.
Вывучэнне працэсаў акіслення ў арганізме пачалося ў 18 ст. з прац А.Лавуазье. Вял. заслуга ў даследаванні акіслення біялагічнага належыць У.І.Паладзіну (разглядаў акісленне біялагічнае як ферментацыйны працэс). Значны ўклад зрабілі таксама сав. вучоныя А.М.Бах, У.А.Энгельгарт, У.А.Беліцэр, С.Я.Севярын, У.П.Скулачоў, ням. О.Варбург, Г.Віланд, англ. Д.Кейлін, Х.Крэбс, П.Мітчэл, амер. Д.Грын, А.Ленінджэр, Б.Чанс, Э.Рэкер і інш. (лакалізацыя акіслення біялагічнага ў клетцы, сувязь з інш. працэсамі абмену рэчываў, механізмы ферментацыйных акісляльна-аднаўляльных рэакцый, акумуляцыя і пераўтварэнне энергіі і інш.). Гл. таксама Біяэнергетыка.
На Беларусі розныя аспекты акіслення біялагічнага вывучаюць у ін-тах біяарганічнай хіміі, фотабіялогіі, фізіялогіі, біяхіміі (Гродна) АН, БДУ.
Літ.:
Кривобокова С.С. Биологическое окисление: Ист. очерк М., 1971;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),
вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш.арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл.Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл.Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).
Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл.Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.
Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн.км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн.км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн.км²); гл.Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн.т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн.т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.
На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл.Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн.ч.Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б.«Беларусьгеалогія») і ВА«Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел.дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел.н.-д. геолага-разведачны ін-тВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».
Літ.:
Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;
Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.