БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,

парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б. СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.

Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ

(Columba livia),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (С.l. livia).

Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СТАЎКІ, ластаўкавыя (Hirundinidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, 79 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. На Беларусі 3 віды: Л. берагавая, або беражанка (Riparia riparia), Л. вясковая, або касатка (Hirundo rustica), і Л. гарадская, або варанок (Delichon urbica). 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 28 см, маса да 60 г. Апярэнне шчыльнае, пераважна цёмнае з метал. бляскам зверху і светлае знізу. Крылы доўгія, вузкія. Дзюба кароткая, сплюшчаная. Хвост выемчаты. Ногі кароткія. Кормяцца насякомымі, Л. дрэвавая амерыканская (Tachycineta bicolor) — ягадамі ядлоўцу. Гнёзды паўшарападобныя або ў выглядзе плоскай біклажкі, робяць з грунту, змешанага са слінай, прымацоўваюць іх да скал і пабудоў; у некат. відаў гнёзды ў норах і дуплах. Часта гняздуюцца калоніямі.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГІ

(Somateria),

род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.

Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).

Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЫ,

некалькі блізкіх відаў птушак сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. вядомая варона шэрая (Corvus cornix) — шматлікая аселая (у некат. мясцінах часткова пералётная); зрэдку з Зах. Еўропы залятае варона чорная (Corvus corone). Некаторыя вучоныя лічаць іх падвідамі аднаго віду (Corvus corone). Летам варона шэрая трымаецца ўзлескаў, палёў, поймаў рэк, зімой — бліжэй да жылля.

Даўж. цела ў сярэднім 47 см. У вароны шэрай апярэнне на спіне і брушку шэрае, крылы, хвост, галава і грудзі чорныя, у вароны чорнай — усё чорнае. На межах арэалаў гэтых відаў трапляюцца гібрыды пераходнай афарбоўкі. У гнездавы перыяд трымаюцца парамі, у астатні час — чародамі. Гняздуюць у лясах, парках, на дрэвах, зрэдку ў зарасніках чароту. Усёедныя. Часам разбураюць гнёзды інш. птушак, у т. л. Паляўніча-прамысловых.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СІ СВО́ЙСКІЯ,

вадаплаўныя птушкі сям. качыных атрада гусепадобных. Паходзяць пераважна ад дзікай шэрай гусі (Anser anser), пашыранай у Еўразіі. Гусі свойскія вызначаюцца інтэнсіўным ростам, высакаякасным мясам, скараспеласцю. На Беларусі гадуюць пераважна гусей рэйнскай пароды, таксама буйных шэрых, італьянскіх, кітайскіх, кубанскіх, ландскіх, роменскіх, халмагорскіх і інш.

Тулава гусі свойскай лодкападобнае, падоўжаная шыя мае 17—18 пазванкоў. Над дзюбай у некат. парод (напр., кітайскай, халмагорскай) ёсць касцяны выраст (гуз). Апярэнне белае і шэрае рознага адцення: дзюба і плюсны аранжавыя. Пуховае покрыва шчыльнае. У прамысл. гаспадарках гусей свойскіх гадуюць 3—4 гады, у племянных — да 5 гадоў. Гуска нясецца 4—5 месяцаў, дае ў сярэднім 25—30 і больш яец; у прамысл. гаспадарках яйцаноскасць 50—80 яец і больш за год. Жывая маса дарослых гусакоў 5—8, гусак 4—7 кг.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАІ́

(Botaurus),

птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (В. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЫ́

(Aquila),

род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ

(Columbiformes),

атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; С. rupestris), буры (С. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.

Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)