О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),

бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.​Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.​Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.​Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб. газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Сов. славяноведение. 1971. № 2;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 144—212;

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292.

Г.​В.​Кісялёў.

А.І.Вярыга-Дарэўскі.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз. чл. Інбелкульта (1922). Канд. гіст. н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал. ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АН БССР. У Вял. Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.

Тв.:

Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г. Мн., 1927;

Вічынскія паляне. Мн., 1928;

Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;

Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.​А.​Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.

В.​С.​Вяргей.

І.​А.​Сербаў.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НЬ,

горад, цэнтр Разанскай вобл. ў Расіі, прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Трубеж. Размешчаны на Сярэднярускім узвышшы. 530 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (буйнейшыя прадпрыемствы: «Цяжпрэсмаш», «Камбайн», «Цеплапрыбор»; з-ды: станкабуд., аўтамаб. агрэгатаў, аўтамаб. апаратуры, радыёзавод, электронных прыбораў, выліч.-аналітычных машын і інш.); нафтаперапр., хім. (ВА «Хімвалакно», з-д «Разаньколермет»), харч., лёгкая і інш. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ, 3 тэатры. Цырк. Музеі: маст., гіст.-арх. музей-запаведнік, паветрана-дэсантных войск, дом-музей І.​П.​Паўлава, непадалёку ад Р., у с. Канстанцінава, літ.-мемарыяльны музей-запаведнік С.​Ясеніна.

Першапачатковы горад Р., цэнтр Разанскага княства, размяшчаўся за 50 км ад сучаснай Р. У 1237 ён разбураны ханам Батыем і заняпаў. У сярэдзіне 14 ст. цэнтр княства перанесены ў Пераяслаўль-Разанскі (згадваецца ў летапісе пад 1095). У 1365 і 1379 ён таксама спалены татарамі, але адбудаваны Пры князю Алегу Іванавічу [1350—1402] горад умацаваны, развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1521 далучаны да Маскоўскай дзяржавы. З 1708 уваходзіў у Маскоўскую губ., з 1719 гал. горад Пераяслаўль-Разанскай правінцыі. У 1778 названы Р. З 1796 цэнтр Разанскай губ. У 2-й пал. 19 ст. Р. — буйны трансп. вузел. У 1929 цэнтр акругі (аб’ядноўвала 27 раёнаў) у складзе Маскоўскай вобл., з 1930 раённы цэнтр. З 1937 цэнтр Разанскай вобл.

Стараж. ядро Р. — крэмль (закладзены ў 1095) — знаходзіцца на паўн. мяжы горада на высокім мысе пры зліцці рэк Трубеж і Лебедзь. На тэр. крамля — саборы Раства Хрыстова (15 ст., перабудаваны ў 1826 у формах класіцызму), Архангельскі (16 ст., надбудаваны ў 1647), Успенскі (1693—99, арх. Я.​Бухвостаў, нарышкінскае барока, выш. 60 м) з асобна пастаўленай званіцай (1789—1840, арх. І.​Руско, Н.​Вараніхін і інш., класіцызм, выш. 83,2 м), царква Святога Духа (1642, арх. В.​Зубаў), архірэйскія палаты (т.зв. Палац Алега; 1653—92, арх. Ю.​Яршоў, Г.​Мазухін). Паводле генплана 1780—82 Р. набыла рэгулярную планіроўку з трызубцам вуліц, што сыходзіліся да цэнтр. плошчы (б. Саборнай). Горад забудоўваўся ў стылі класіцызму: будынак б. дзярж. ўстановы (1796), дамы Марозава (канец 18 ст.), дваранскага сходу (канец 18 — пач. 19 ст.), гандл. рады (1-я пал. 19 ст.), гімназія (1808—15), семінарыя (1812—16), бальніца (1816) і інш., а таксама драўлянымі жылымі дамамі, багата аздобленымі дэкар. разьбой і каменнымі будынкамі ў псеўдарус. стылі.

Літ.:

Рязань: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;

Вагнер Г.К., Чугунов С.В. Рязанские достопамятности. 2 изд. М., 1989.

Разань. Комплекс крамля.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПІН (Ілья Яфімавіч) (5.8.1844, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 29.9.1930),

расійскі жывапісец і графік, педагог. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у І.​Крамскога (1863), Пецярбургскай АМ (1864—71); у 1873—76 стыпендыят у Італіі і Францыі. У 1894—1907 выкладаў у Пецярбургскай АМ (у 1898—99 рэктар). Чл. т-ва перасоўных маст. выставак (з 1878; гл. Перасоўнікі). У творчасці Р. ўвасобіліся лепшыя дасягненні дэмакр. мастацтва яго часу. У шматлікіх палотнах адлюстраваў супярэчнасці грамадскага жыцця паслярэформеннай Расіі, выкрываў эксплуатацыю народа, сцвярджаў скрытую ў ім сілу і наспяванне пратэсту («Бурлакі на Волзе», 1870—73; «Хрэсны ход у Курскай губерні», 1880—83), стварыў шэраг станоўчых вобразаў, ярка і праўдзіва адлюстраваў сілу і слабасць разначынскага рэв.-дэмакр. руху («Адмова ад споведзі», 1879—85; «Не чакалі», 1884; «Арышт прапагандыста», 1880—92). У гіст. карцінах імкнуўся паказаць трагічныя перапляценні чалавечых пачуццяў, моцныя драм. характары («Царэўна Соф’я», 1879; «Іван Грозны і сын яго Іван», 1885), раскрыць вальналюбны дух народа («Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану», 1878—91). Стварыў шматгранныя вобразы прадстаўнікоў розных слаёў рас. грамадства («Мужык з ліхім вокам», «Протадыякан*. абедзве 1877), партрэты У.​Стасава (1873), М.​Мусаргскага (1881), П.​Стрэпетавай (1882), Л.​Талстога (1887), Э.​Дузе (1891), В.​А.​Сярова (1901), І.​Паўлава (1924), групавы партрэт «Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета» (1901—03; з Б.​Кустодзіевым і І.​Куліковым), малюнкі «Неўскі праспект» (1887) і інш. У 1892—1904 перыядычна працаваў ва ўласным маёнтку Здраўнёва (Віцебская вобл). Тут створаны карціны «Беларус», «Асенні букет», «Паляўнічы з ружжом» (усе 1892), «Касец-літвін» (1894), «Дуэль», «Месячная ноч. Здраўнёва», «Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома» (усе 1896) і інш., шэраг эцюдаў, эскізаў («На Заходняй Дзвіне. Усход сонца», 1892; «Казанне Язафата Кунцэвіча», 1893, і інш.). Творам уласціва гарманічнае спалучэнне каларыту і святло-паветранага асяроддзя, строга прадуманая кампазіцыя, арганічная цэласнасць пластычнай формы і колеру, малюнка і жывапісу. Р. карыстаўся чыстымі светлымі фарбамі, якія ў яго палотнах аб’ядноўваліся ў адзіную колеравую гаму. У б. маёнтку Здраўнёва адкрыты Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва». З 1993 праводзіцца Міжнар. дзіцячы пленэр імя Р. Іл. гл. таксама да арт. Рэалізм, Расія.

Тв.:

Далекое близкое. 7 им. М., 1964.

Літ.:

Грабарь И. Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;

Новое о Репине. Л., 1969;

Лясковская О.А. И.​Е.​Репин. [3 изд.]. М., 1982;

Чуковский К.И. И.​Репин. 2 изд. М., 1983;

И.​Репин: Живопись, графика: Альбом. Л., 1985;

гл. таксама да арт. Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».

І.Я.Рэпін.
І.Рэпін Бурлакі на Волзе. 1870—73.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ МУ́ЗЫКА музыка, адрасаваная дзіцячай аўдыторыі або прызначаная для выканання дзецьмі. Дз. м. ўласцівы вобразная дакладнасць. канкрэтнасць, інстр. творам — праграмнасць. Яе тэмы часцей за ўсё звязаны з казачнасцю, сюжэтамі ці сцэнкамі з дзіцячага жыцця. замалёўкамі роднай прыроды. Сярод чыста муз. асаблівасцей твораў для дзяцей — абагульненне праз бытавыя жанры, выкарыстанне выяўл. прыёмаў, выразнасць і прастата формы, меладычнасць, нац. акрэсленасць муз. мовы. У Дз. м. прадстаўлены амаль усе муз. жанры, аднак, улічваючы выканальніцкія магчымасці дзяцей, кампазітары адмаўляюцца ад складаных прыёмаў інстр. і вак. тэхнікі.

Узоры Дз.м. былі вядомы ўжо ў Стараж. Грэцыі (песенькі, творы для навучання ігры на аўласе і інш.). У розных народаў свету існуе дзіцячы фальклор. Уклад у развіццё Дз.м. зрабілі многія кампазітары-класікі, у т. л. І.​С.​Бах, І.​Гайдн («Дзіцячая сімфонія»), Р.​Шуман («Альбом для юнацтва» для фп.), П.​Чайкоўскі («Дзіцячы альбом» для фп.), а таксама зах.-еўрап. кампазітары 20 ст. [«Мікракосмас» Б.​Бартака (6 сшыткаў фп. п’ес, у якіх юныя музыканты далучаюцца да сучасных сродкаў выразнасці), песні і хары З.​Кодая, прызначаныя для рэалізацыі яго метаду муз. выхавання, «Музыка для дзяцей» у 5 тамах К.​Орфа, што дае аснову для калектыўнага музіцыравання дзяцей, оперы «Мы будуем горад» П.​Хіндэміта, «Маленькі трубачыст» і «Ноеў каўчэг» Б.​Брытэна, дзе шэраг роляў выконваюць дзеці]. Класікамі Дз.м. сталі С.​Пракоф’еў (фп. цыкл «Дзіцячая музыка». сімф. казка «Пеця і воўк», вак.-сімф. сюіта «Зімовы касцёр») і Дз.​Кабалеўскі (дзіцячыя лірычныя песні, 3 сшыткі фп. п’ес, кантата «Песні ранку, вясны і міру», трыяда юнацкіх канцэртаў); шырока вядомы песні Ю.​Чычкова, У.​Шаінскага, музыка да дзіцячых кінафільмаў Я.​Крылатава і інш.

Дзіцячы фальклор беларусаў побач з размоўнымі жанрамі, ўключае, калыханкі і песенькі для дзяцей старэйшага ўзросту. Нар. песні змешчаны ў найб. ранніх нац. зб-ках «Школьны спеўнік» (1920) і «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.​Грыневіча. Інтэнсіўна і разнастайна працуюць у галіне Дз.м. бел. кампазітары. Ствараецца нац. рэпертуар для муз. т-ра. Сярод муз.-сцэн. твораў для дзяцей першая дзіцячая опера «Марынка» Р.​Пукста (паст. 1955), першая муз. камедыя «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі (паст. 1979), шырока вядомы балет «Маленькі прынц» Я.​Глебава (паст. 1982). З канца 1980-х г. на Беларусі ўзнікаюць тэатр. калектывы з дзіцячымі трупамі, якія значна стымулююць паяўленне дзіцячых муз.-сцэн. твораў; сярод іх: мюзікл «Пітэр Пэн» А.​Будзько (паст. 1990; Дзіцячы муз. т-р-студыя пры Нац. т-ры оперы), опера «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.​Войціка (паст. 1993 і 1996, Дзіцячы муз. т-р-студыя «Казка» пры Дзярж. т-ры муз. камедыі), опера «Мілавіца» У.​Солтана (1991). Пачынаючы з оперы «Рукавічка» М.​Чуркіна (1941, паст. 1948), развіваецца жанр радыёоперы для дзяцей («Рак-вусач» Дз.​Лукаса паводле казкі Я.​Коласа, 1941, паст. 1960; «Тараканішча» Л.​Шлег паводле К.​Чукоўскага, паст. 1973; опера «32 волаты» Н.​Усцінавай 1983, Віцебская абл. студыя тэлебачання). Значнае месца адводзіцца музыцы для дзяцей у спектаклях драм. т-раў. З Бел. рэсп. т-рам юнага гледача актыўна супрацоўнічалі Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Дзярж. т-рам лялек Беларусі — А.​Залётнеў, І.​Кузняцоў, В.​Помазаў, К.​Цесакоў, з Брэсцкім абл. т-рам лялек — М.​Русін. Муз. афармленню дзіцячых тэле- і радыёперадач, мультфільмаў вял. ўвагу аддавалі Л.​Абеліёвіч, Г.​Вагнер, Глебаў, Зарыцкі, Л.​Захлеўны, У.​Кандрусевіч, С.​Картэс, А.​Мдывані, Семяняка. У жанры вак.-сімф. і харавой музыкі найб. значныя араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» Глебава і «Бай прыдумаў» Картэса, кантаты «Песня згоды» Помазава і «Упарты Фама» Р.​Суруса, сюіта «Званы» М.​Васючкова і харавыя гульні «Ладачкі» В.​Кузняцова. Дасціпнасцю муз. вырашэння адметныя вак. цыклы «Вясёлыя дзіцячыя песні» Картэса, «Пра дзяцей» П.​Падкавырава, «Містэр Кваклі і іншыя» Э.​Тырманд, разлічаныя на дарослых выканаўцаў. Багата пададзена ў бел. музыцы дзіцячая хар. песня. Далучэнню дзяцей да бел. фальклору спрыяюць хар. апрацоўкі бел. нар. песень Семянякі, Цесакова, Цікоцкага, папулярныя ў дзяцей кампазіцыі У.​Дамарацкага, Ш.​Ісхакбаевай, В.​Сярых. Камерна-інстр. жанр Дз.м. прадстаўлены цыкламі праграмных мініяцюр тыпу «Дзіцячых альбомаў», «Школьных сшыткаў» для розных інстр. складаў. У рэпертуар бел. школьнікаў трывала ўвайшлі п’есы Абеліёвіча, А.​Багатырова, Вагнера, Г.​Гарэлавай, Ісхакбаевай, В.​Карэтнікава, Л.​Мурашкі, Падкавырава, Суруса, Тырманд, Усцінавай, Цесакова і інш. Асобная галіна інструктыўнай музыкі — творы, звязаныя з фалькл. элементам у спалучэнні з сучаснымі сродкамі выразнасці, у т. л. сшытак эцюдаў-карцін для цымбалаў Войціка, «Карагоды» для фп. трыо, «25 беларускіх песень і танцаў» для скрыпкі і фп., «П’есы з эпіграмамі» для балалайкі і фп., «7 п’ес у ладах» для цымбалаў і фп. Гарэлавай, «поліфанічны сшытак» для фп., «Беларускія сшыткі школьніка» для баяна і домры, сюіта-казка «Кацігарошынка» для домры і фп., цыклы «Лубочак» для трубы і фп., «Дударачка» для кларнета і фп. Шлег. Развіццё Дз.м. стымулюецца павышэннем тэхн. ўзроўню выканальніцтва і агульнай муз. культуры дзяцей, што звязана з удасканаленнем сістэмы муз. адукацыі і муз. выхавання.

Літ.:

Асафьев Б. Русская музыка о детях и для детей // Сов. музыка. 1948. № 6;

Сосновская О. Советские композиторы детям. М., 1970;

Степанцевич К., Глущенко Г. Школьникам о музыке. Мн., 1962.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР МУЗЫ́ЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў Мінску ў 1970, адкрыты 17.1.1971 пастаноўкай муз. камедыі «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі. Напачатку ў рэпертуары пераважалі спектаклі паводле твораў сучасных рас. аўтараў: «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.​Сандлера, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава, «Вольны вецер» І.​Дунаеўскага, «Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна, «Хітрамудрая закаханая» А.​Рабава, «Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна і інш. Паступова фарміраваўся нац. рэпертуар. Пастаўлены яркі, жыццярадасны спектакль «Паўлінка» (паводле Я.​Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Семянякі, муз. камедыі «Несцерка» і «Судны час» Р.​Суруса, «Рэпартаж з пекла» і «Мільянерка» (паводле Б.​Шоу) Я.​Глебава, «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, «Джулія» (паводле С.​Моэма) і «Шклянка вады» У.​Кандрусевіча. Сярод класічных аперэт найб. вылучаюцца «Сільва», «Марыца», «Баядэра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара, «Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон» І.​Штрауса, а таксама творы сучасных рас. і замежных аўтараў — «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу, «Гора ад розуму» А.​Фельзера, «О, мілы друг» В.​Лебедзева, «Сірано» С.​Пажлакова, «Гуляем у Прынца і Жабрака» А.​Журбіна, «Халопка» М.​Стрэльнікава, «Хэло, Долі!» Дж.​Германа, «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса, камічная опера «Viva la mamma!, ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця» Г.​Даніцэці, фольк-опера «Клоп» (паводле У.​Маякоўскага) У.​Дашкевіча. З пач. 1990-х г. новага этапу развіцця дасягнула балетная трупа т-ра, абноўленая і павялічаная пераважна за кошт выпускнікоў Дзярж. харэаграфічнага каледжа. Пастаўлены шэраг балетаў, у т. л. «Штраусіяна» на муз. І.​Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (муз. народная), «Шэхеразада» на муз. М.​Рымскага-Корсакава, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса, «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрым, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» на муз. П.​Чайкоўскага. Вял. ўвагу калектыў т-ра аддае фарміраванню рэпертуару для дзяцей. Сярод дзіцячых спектакляў: «Зайка-зазнайка» і «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э.​Калманоўскага, «Трубадур і яго сябры» Г.​Гладкова, «Залатое кураня» У.​Уланоўскага, «Пэпі» Дашкевіча і інш. Гал. рэжысёр — маст. кіраўнік т-ра Б.​Лагода (з 1997), гал. дырыжор М.​Сінькевіч (з 1997), гал. мастак Я.Ждан (з 1995), гал. балетмайстар Н.Дзьячэнка (з 1993), гал. хормайстар С.​Пятрова (з 1997). У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.​Гайда, В.​Мазур, засл. арг. Беларусі А.​Ісаеў, Г.​Казлоў, П.​Рыдзігер, В.​Фаменка, засл. арт. Расіі А.​Кузьмін, Н.​Равінская, засл. арг. Украіны А.​Ранцанц, балетмайстры-рэпетытары нар. арт. Расіі М.​Подкіна, засл. арт. Беларусі Л.​Чахоўскі, артысты балета лаўрэаты міжнар. конкурсаў Ю.​Дзятко і К.​Кузняцоў.

У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры І.​Абраміс, П.​Кірыльчанка, А.​Лапуноў, балетмайстры С.​Дрэчын, В.​Бутрымовіч, артысты Дз.​Іванова, Ю.​Лазоўскі, К.​Лосеў, Р.​Харык, В.​Шаўкалюк, Л.​Рабушка, рэжысёры Б.​Утораў, В.​Цюпа, С.​Штэйн, А.​Барсегян, Р.​Вікцюк, Ю.​Аляксандраў, мастакі Я.​Чамадураў, А.​Марозаў, А.​Грыгар’янц, Б.​Герлаван, У.​Жданаў і інш. У 1991 на базе т-ра створаны дзіцячы муз. тэатр-студыя «Казка» (маст. кіраўнік Г.​Аляксандраў), сярод спектакляў якога найб. вылучыліся оперы «Гісторыя Кая і Герды» С.​Баневіча, «Дзіцячы альбом» на муз. Чайкоўскага, «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.​Войціка.

Будынак т-ра (адкрыты 15.10.1981, арх. А.​Ткачук, У.​Тарноўскі) мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы. У прыбудаваным аб’ёме размешчаны амфітэатр, зала на 800 месцаў, развітая група сцэнічных памяшканняў. Гал. ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульпт. групай «Музы» (бронза, скульпт. Л.​Зільбер). Інтэр’ер дэкарыраваны светлым мармурам, гіпсавымі ўстаўкамі, залацістым шклом, латунню. У глядзельнай зале габеленавая заслона (маст. А.​Кішчанка і А.​Бельцюкова), дэкар. рэльефы на партальнай сцяне і калонах (арх. Ткачук, скульпт Ю.​Якубовіч).

Літ.:

Государственный театр музыкальной комедии Белорусской ССР. Мн., 1991;

Юўчанка Н.А. Музычная камедыя і аперэта // Музычны тэатр Беларусі 1960—1990. Мн., 1996.

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Хэло, Долі!» Дж.​Германа. 1992.
Будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Штраусіяна». 1992.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.​Кандрусевіча 1991.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Мільянерка» Я.​Глебава. 1987.

т. 6, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.​Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.​Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, зб-кі твораў А.​Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.​Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.​Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, П.​Нэруды, Н.​Гільена, А.​Міцкевіча, В.​Каратынскага, У.​Бранеўскага, С.​Нерыс, О.​Вацыеціса, С.​Паптонева, С.​Ясеніна, Я.​Еўтушэнкі, Б.​Акуджавы, Б.​Ахмадулінай, М.​Нагнібеды, Р.​Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.​Барсукоў, Г.​Вагнер, З.​Галубіцкая, Я.​Глебаў, У.​Журовіч, М.​Наско, Дз.​Смольскі, М.​Хаўхлянцаў і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Свята пчалы. Мн., 1975;

Белая яблыня грому. Мн., 1979;

Вечалле. Мн., 1980;

Паэмы прызвання. Мн., 1982;

Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;

Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;

Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;

Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;

Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;

Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;

Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;

Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр. тв. Мн., 1984. Т. 1;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.

Л.​М.​Гарэлік.

Р.І.Барадулін.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́ ЖАНР,

жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.

Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст. Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.​Венеў у Балгарыі, В.​Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.​Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).

У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.​Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.​Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.​Жукоўскага (гравюры ў кн. У.​Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.​Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.​Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.​Хруцкага («У пакоях»), Я.​Дамеля («Галоп»), К.​Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.​Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.​Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.​Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.​Альхімовіч («Дажынкі»), М.​Э.​Андрыёлі («Каляднікі»), Б.​Залескі («У юрце»), Н.​Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.​Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.​Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.​Гараўскі («Старая моліцца»), В.​Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.​Альпяровіча, Г.​Віеру, С.​Каўроўскага, Я.​Красоўскага, Я.​Кругера, Ю.​Пэна, Р.​Семашкевіча, М.​Сеўрука, М.​Станюты, М.​Філіповіча; графічныя С.​Богуш-Сестранцэвіча, А.​Каменскага, К.​Кастравіцкага, К.​Каганца, С.​Кудраўцава, Ю.​Фалата; скульптурныя — А.​Бембеля, А.​Грубэ, А.​Краснапольскага, Я.​Тышынскага). У перыяд Вял. Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.​Аракчэева, А.​Бархаткова, Г.​Бржазоўскага, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, А.​Гугеля, І.​Давідовіча, Ф.​Дарашэвіча, В.​Жолтака, К.​Касмачова, У.​Кудрэвіча, А.​Мазалёва, Л.​Рана, І.​Стасевіча, І.​Фяцісава, А.​Шаўчэнкі; графічныя — А.​Волкава, І.​Гембіцкага, Л.​Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.​Белагурава, Г.​Вашчанкі, У.​Гоманава, М.​Данцыга, Б.​Казакова, А.​Малішэўскага, У.​Стальмашонка, В.​Сумарава, Л.​Шчамялёва, А.​Шыбнёва; графічныя — Л.​Асецкага, М.​Бельскага, А.​Дзямарына, Ю.​Зайцава, А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Г.​Паплаўскага, У.​Пашчасцева; скульптурныя — А.​Веліксонава, І.​Глебава, М.​Пушкара, М.​Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.​Казака, У.​Кожуха, А.​Марачкіна, В.​Маркаўца, У.​Сулкоўскага, В.​Тоўсціка, Ф.​Янушкевіча, В.​Яўсеева; графічныя — Э.​Агуновіча, А.​Лапіцкай, В.​Славука, В.​Цітовіча; скульптурныя — А.​Гвоздзікава, У.​Слабодчыкава, У.​Церабуна, А.​Фінскага).

Літ.:

Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;

Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;

Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Бытавы жанр. В.​Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.
Да арт. Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.

т. 3, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н (Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.​Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.​Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.​Віньёла, Дж. дэла Порта, К.​Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.​Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.​Перуджына, С.​Батычэлі, Д.​Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.​Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.​К.​Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

Герб і сцяг Ватыкана.
Да арт. Ватыкан. Плошча св. Пятра.
Да арт. Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)