кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл.Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр. Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.
Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІГІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. annihilatio знішчэнне, знікненне),
працэс узаемадзеяння элементарнай часціцы з яе антычасціцай, у выніку якога яны ператвараюцца ў інш.элементарныя часціцы. Адбываецца ў адпаведнасці з захавання законамі. Анігіляцыя электронна-пазітроннай пары (e− — e+) у 2 або 3 фатоны і адваротны працэс нараджэння яе фатонамі былі прадказаны англ. фізікам П.Дзіракам (1931), выяўлены эксперыментальна франц. фізікамі І. і Ф.Жаліо-Кюры (1933) і дакладна апісаны ў квантавай электрадынаміцы. У фізіцы высокіх энергій анігіляцыя — адзін з імаверных каналаў (прамежкавых стадый) працэсаў узаемадзеяння часціцы з антычасціцай, што ажыццяўляецца за кошт электрамагн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Напр., пры сутыкненнях высокаэнергет. (e− — e+) пучкоў акрамя анігіляцыі ў фатоны магчымы пругкае і няпругкае рассеянне, ператварэнне ў інш. пары (μ− — μ+, ν — ν̃, π — π+і г.д.), утварэнне звязаных недаўгавечных сістэм (пазітроній, кварконій і інш.) або абсалютна нейтральных часціц (γ, p, η0 → ), а ў канчатковым выніку — множнае нараджэнне часціц, пераважна адронаў. Сучасныя паскаральнікі на сустрэчных пучках даюць магчымасць атрымаць усе вядомыя элементарныя часціцы, у т. л. самыя масіўныя, напр. слабыя базоны w(-), w(+), z(0).
Літ.:
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПРЫВО́Д,
сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл.Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).
Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш.Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),
амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
з’ява скачкападобнага знікнення эл. супраціўлення ў некаторых праводзячых матэрыялах пры ахаладжэнні іх ніжэй за т.зв. крытычную тэмпературу. Адкрыта нідэрл. фізікам Г.Камерлінг-Онесам (1911).
Крытычныя т-ры Tk традыцыйных звышправаднікоў знаходзяцца ў інтэрвале 0,1—23 К. Вынікам адсутнасці супраціўлення з’яўляецца існаванне незатухальных токаў: у замкнутым току, наведзеным у кольцы са звышправадніка, доўгі час адсутнічаюць прыкметы затухання. З. суправаджаецца ідэальным дыямагнетызмам: магн. поле не пранікае ў тоўшчу звышправадніка, калі напружанасць поля не перавышае некаторае крытычнае значэнне (эфект Майснера). Адваротны пераход са звышправоднага стану ў нармальны (з канечным значэннем эл. супраціўлення) адбываецца пры павелічэнні т-ры або пры накладанні магутнага магн. поля. З. абумоўлена звышцякучасцю электронаў праводнасці, якая ўзнікае пры нізкіх т-рах дзякуючы ўтварэнню звязаных пар электронаў з процілеглымі спінамі — купераўскіх пар. Такія пары маюць нулявы спін і падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Пры T<Tk адбываецца т.зв. бозе-кандэнсацыя купераўскіх пар. Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Купера эфект.
Літ.:
Буккель В. Сверхпроводимость: Пер. с нем. М., 1975;
Вонсовский С.В., Изюмов Ю.А., Курмаев Э.З. Сверхпроводимость переходных металлов, их сплавов и соединений. М., 1977;
Дмитренко И.М. В мире сверхпроводимости. Киев, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. piezō цісну, + электрычнасць),
сукупнасць з’яў у некаторых дыэлектрычных крышталях, абумоўленых узаемасувяззю паміж іх палярызацыяй (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў) і мех. дэфармацыяй. Пры дэфармацыі прамавугольнай пласцінкі з п’езаэл. крышталя на яе процілеглых гранях узнікаюць эл. зарады рознага знака (прамы п’езаэл. эфект — ПЭЭ) і наадварот — пад уздзеяннем знешняга эл. поля ў пласцінцы ўзнікаюць дэфармацыі расцяжэння, сціскання ці зруху (адваротны ПЭЭ). П. адкрыў у 1817 франц. вучоны Р.Ж.Гаюі, даследавалі ў 1880 на крышталях кварцу браты Ж. і П. Кюры.
П. характэрна для анізатропных дыэлектрыкаў з дакладнай крышталічнай структурай, якая не мае цэнтра сіметрыі. Дыэлектрыкі, якім уласціва П., наз.п’езаэлектрыкамі. З іх найб. пашыраны: монакрышталічныя — кварц (п’езакварц), сегнетава соль, п’езакерамічныя — палярызаваныя сегнетаэлектрыкі і інш.п’езаэлектрычныя матэрыялы. ПЭЭ выяўляюцца і ў некаторых высакаомных паўправадніках, якія наз. п’езапаўправаднікамі. Эфекты пераўтварэння эл. энергіі ў пругкую мех. энергію і наадварот выкарыстоўваюць для генерацыі, стабілізацыі частаты і фільтрацыі эл. сігналаў, выпрамянення і прыёму акустычных хваль у розных п’езаэлектронных, акустаэлектронных і інш. прыстасаваннях.
Літ.:
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).
Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл.Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл.Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.
Літ.:
Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;
Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш.спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.
Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.
Літ.:
Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АНСССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПА,
адно з асноўных паняццяў сучаснай матэматыкі, выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. навуках пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі. Узнікненне выклікана неабходнасцю выконваць пэўныя дзеянні (складанне, множанне) не толькі над лікамі, але і над вектарамі, мноствамі, матрыцамі, пераўтварэннямі і інш.матэм. аб’ектамі. Паняцце групы пачало фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. незалежна ў алгебры ў выглядзе канечных груп падстановак пры рашэнні алг. ураўненняў у радыкалах (Ж.Лагранж, Н.Абель, Э.Галуа; апошні прапанаваў і тэрмін «група»), у геаметрыі пры з’яўленні неэўклідавых геаметрый і ў праектыўнай геаметрыі, а таксама ў тэорыі лікаў (Л.Эйлер, К.Гаўс) пры вывучэнні параўнанняў і класаў рэштаў.
Групай наз. непустая сукупнасць элементаў (мноства) G, на якой зададзена алг. аперацыя *, што задавальняе ўмовам: аперацыя асацыятыўная a*(b*c)=(a*b)*c для ўсіх a*b*c з G; для любога элемента a з G існуе нейтральны элемент n, для якога a*n=n*a=a; для любога элемента a з G існуе адваротны элемент x, для якога a*x=x*a=n. Напр., мноства ўсіх цэлых лікаў адносна аперацыі складання; сукупнасць падстановак мноства X, калі пад здабыткам 2 падстановак разумець вынік іх паслядоўнага выканання для любога x з X. Частка элементаў групы G, што сама ўтварае групу адносна групавой аперацыі ў G, наз. падгрупай (напр., мноства ўсіх цотных лікаў — падгрупа групы цэлых лікаў). Група наз. канечнай (бясконцай), калі мноства G мае канечную (бясконцую) колькасць элементаў. Гл. таксама Груп тэорыя.