ЧЭЛІ́НІ (Cellini) Бенвенута (3.11.1500, г. Фларэнцыя, Італія — 13.2.1571),
італьянскі скульптар, ювелір, пісьменнік; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў ювеліра М.Бандынелі, зазнаў уплыў Мікеланджэла. З 1532 працаваў у Фларэнцыі, Пізе, Балонні, Венецыі, Рыме, з 1540 — у Парыжы і Фантэнбло пры двары Францыска I. У сваіх творах увасабляў вытанчаныя, празмерна выцягнутыя фігуры, часта ў складаных паваротах (сальніца караля Францыска I, 1539—43; «Нарцыс», 1540-я г.; «Укрыжаванне», 1562, у касцельным комплексе Эскарыял, Іспанія), вырашаў праблемы абсалютна круглай скульптуры (статуя «Персей», 1545—54, Лоджыя дэі Ланцы, Фларэнцыя). Аўтар мемуараў «Жыццё Бенвенута, сына маэстра Джавані Чэліні фларэнцінца, напісанае ім самім у Фларэнцыі» (не завершаны, прадыктаваны ім паміж 1558 і 1565; выд. 1728), якія вылучаюцца непасрэднасцю аповеду, ігнараваннем норм літ. стылю, правіл граматыкі; у ёй мова вуліцы, ярка ўвасоблены характар чалавека позняга італьян. Адраджэння. Тэарэт. праца «Два трактаты пра ювелірнае мастацтва і скульптуру» (1568).
Тв.:
Рус.пер. — Жизнь... 2 изд. М., 1958.
Літ.:
Виппер Б.Р. Бенвенуто Челлини // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДА́, аксід вадароду,
найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх 1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл.Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.
Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH−), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.
Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт.Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,
пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл.Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.
Цеплавыя К.с. — полымя, эл.лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл.Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́НКА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, формула Планка,
закон размеркавання энергіі ў спектры раўнаважнага выпрамянення пры пэўнай т-ры; адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення. Тэарэтычна выведзены М.Планкам (1900) на аснове гіпотэзы квантавання энергіі выпрамянення.
Паводле П.З.В. выпрамяняльная здольнасць uv,Tабсалютна чорнага цела ў залежнасці ад частаты ϴ і абс. т-ры T вызначаецца формулай
, дзе h — Планка пастаянная, k — Больцмана пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Пры высокіх частотах (hv ≫ kT) з П.з.в. вынікае Віна закона выпрамянення, пры нізкіх частотах (hv ≪ kT) — Рэлея—Джынса закон выпрамянення, пасля інтэгравання па частотах ад 0 да ∞ атрымліваецца Стэфана—Больцмана закон выпрамянення. На аснове П.з.в. вызначаны фіз. пастаянныя h і k, распрацаваны метады вызначэння т-ры нагрэтых цел (напр., паверхняў Сонца і зорак), ім карыстаюцца пры разліках энергет. характарыстык крыніц святла. П.з.в. — асобны выпадак Бозе—Эйнштэйна размеркавання часціц з нулявой масай спакою (фатонаў), ён стаў адной з перадумоў стварэння квантавай механікі. Гл. таксама Кірхгофа закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІГІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. annihilatio знішчэнне, знікненне),
працэс узаемадзеяння элементарнай часціцы з яе антычасціцай, у выніку якога яны ператвараюцца ў інш.элементарныя часціцы. Адбываецца ў адпаведнасці з захавання законамі. Анігіляцыя электронна-пазітроннай пары (e− — e+) у 2 або 3 фатоны і адваротны працэс нараджэння яе фатонамі былі прадказаны англ. фізікам П.Дзіракам (1931), выяўлены эксперыментальна франц. фізікамі І. і Ф.Жаліо-Кюры (1933) і дакладна апісаны ў квантавай электрадынаміцы. У фізіцы высокіх энергій анігіляцыя — адзін з імаверных каналаў (прамежкавых стадый) працэсаў узаемадзеяння часціцы з антычасціцай, што ажыццяўляецца за кошт электрамагн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Напр., пры сутыкненнях высокаэнергет. (e− — e+) пучкоў акрамя анігіляцыі ў фатоны магчымы пругкае і няпругкае рассеянне, ператварэнне ў інш. пары (μ− — μ+, ν — ν̃, π — π+і г.д.), утварэнне звязаных недаўгавечных сістэм (пазітроній, кварконій і інш.) або абсалютна нейтральных часціц (γ, p, η0 → ), а ў канчатковым выніку — множнае нараджэнне часціц, пераважна адронаў. Сучасныя паскаральнікі на сустрэчных пучках даюць магчымасць атрымаць усе вядомыя элементарныя часціцы, у т. л. самыя масіўныя, напр. слабыя базоны w(-), w(+), z(0).
Літ.:
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. irrationalis неразумны),
1) філасофская плынь, якая абмяжоўвае або адмаўляе магчымасці розуму, мыслення ў працэсе пазнання, асновай пазнання прызнае інтуіцыю, пачуццё, інстынкт. І. не тоесны агнастыцызму, прадстаўнікі якога ў метадалагічным плане зыходзяць з прынцыповай немагчымасці пазнання свету. У вузкім сэнсе да І. адносяць філас. плыні 18—19 ст., якія выступалі антыподамі філасофіі эпохі Асветніцтва і Новага часу («філасофія пачуцця і веры» Ф.Г.Якобі, «філасофія адкрыцця» Ф.Шэлінга, валюнтарысцкія канцэпцыі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ, тэалагічныя вучэнні С.К’еркегора, «філасофія бессвядомага» Э.Гартмана і інш.), а таксама канца 19—20 ст. («філасофія жыцця» В.Дзільтэя, «інтуітывізм» А.Бергсона, «філасофія існавання» М.Хайдэгера, неатамісцкія канцэпцыі Ж.Марытэна і Э.Жыльсона і інш.).
2) У этыцы І. — метадалагічны прынцып тлумачэння прыроды маральнасці, які аб’ядноўвае шэраг шкал (экзістэнцыялізм, неапратэстантызм, «гуманістычная» этыка, этыка самарэалізацыі і інш.). Лічыцца, што «сапраўдная» мараль, як і быццё чалавека ўвогуле, не паддаюцца ніякім вызначэнням і абагульненням, знаходзяцца па-за законамі прыроды і грамадства; у ёй чалавек сцвярджае сябе як абсалютна свабодная істота.
Літ.:
Исторические типы философии М., 1991;
Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990.
адна з тэмпературных шкал, якая грунтуецца на другім законе тэрмадынамікі і добра ўзнаўляецца. Прапанавана У.Томсанам (лордам Кельвінам). Т-ра ў гэтай шкале (абсалютная тэмпература) вымяраецца ў кельвінах.
Вызначаецца на аснове ідэальнага Карно цыкла: калі рабочае цела, якое ажыццяўляе цыкл, атрымлівае цеплату Q1 пры т-ры T1 і аддае цеплату Q2 пры т-ры T2, то суадносіны Q1/Q2 = T1/T2 не залежаць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага (рабочага) цела, што дазваляе па суадносінах вымераных колькасцей цеплаты ўстанаўліваць адносныя змены т-ры. Для вызначэння абсалютных значэнняў т-ры ўстанаўліваюць асн. інтэрвал т-р (велічыню градуса). Першасна асн. інтэрвал Т.т.ш. супадаў з асн. інтэрвалам Цэльсія шкалы і градус быў роўны 0,01 гэтага інтэрвалу. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах устанавіла Т.т.ш. з адзіным рэперным пунктам — трайным пунктам вады (273,16 К дакладна), дзе 1 К прыняты роўным 1/273,16 тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта. Т.т.ш. рэалізуецца з дапамогай працэсаў, звязаных з тэрмадынамічнай т-рай: у шырокім дыяпазоне т-ра вымяраецца з дапамогай газавага тэрмометра, нізкія т-ры вызначаюць паводле тэмпературнай залежнасці магн. успрымальнасці парамагнетыкаў, высокія — паводле інтэнсіўнасці выпрамянення абсалютна чорнага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛІЗА́ЦЫЯ,
мысленнае канструяванне з дапамогай абсалютызацыі паняццяў і вобразаў аб’ектаў, якія не існуюць у рэчаіснасці, але для якіх ёсць правобразы ў рэальным свеце; наданне каму-н. ці чаму-н. такіх рысаў, якіх яны не маюць. Паняцці, атрыманыя ў выніку І., наз. ідэалізаванымі або ідэальнымі (гл.Ідэальнае). Яны або нездзяйсняльныя (напр., «кропка», «абсалютна чорнае цела»), або іх здзяйсняльнасць недаказальная рацыянальным шляхам (напр., бясконцае жыццё). З ідэалізаванымі аб’ектамі ў навуцы аперыруюць як з рэальнымі прадметамі і ствараюць абстрактныя мадэлі рэальных рэчаў у іх «чыстым выглядзе», што дазваляе больш глыбока зразумець іх сутнасць (напр., «прамая лінія» ў матэматыцы, «ідэальны газ» у фізіцы, «абсалютная свабода» ў сацыялогіі і інш.). У мастацтве І. як метад маст. абагульнення і канструявання ў вобразнай форме даводзіць станоўчыя або адмоўныя бакі рэчаіснасці да поўнай дасканаласці або недасканаласці. Мастацкія ідэалізаваныя аб’екты ўмоўна нарматыўныя і выконваюць функцыю каштоўнаснага арыенціра («Дон-Кіхот», «Несцерка», «Паўлінка» і інш.). Сац. І. выкарыстоўваецца для арг-цыі грамадскага жыцця, дзе ідэалізаваныя аб’екты — розныя культы і антыкульты, утопіі і антыутопіі і інш. Яны маюць форму індывід. каштоўнасных вобразаў (напр., І. каханага чалавека) і грамадска значымых І. (камунізм).
Літ.:
Горский Д.П. Вопросы абстракции и образование понятий. М., 1961;
Пойа Д. Математика и правдоподобные рассуждения. 2 изд. М., 1975;
Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЛЕ́ННЕ,
катэгорыя этыкі, якая ахоплівае праблемы маральнага самакантролю асобы; здольнасць чалавека фармуляваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і ажыццяўляць самаацэнку сваіх учынкаў; форма маральнай самасвядомасці. Можа выяўляцца і ў рацыянальнай форме ўсведамлення асобай маральнага значэння сваіх дзеянняў, і ў форме эмацыянальных перажыванняў.
У стараж.-грэч. міфалогіі С. адлюстравана ў выглядзе эрыній — божастваў помсты і пакарання, якія праследуюць злачынцаў. У этыцы праблему С. ўпершыню паставіў Сакрат, які лічыў самапазнанне крыніцай маральнасці чалавека. У хрысц. этыцы С. разглядалася як унутр. ўсведамленне Божай волі. Філосафы-матэрыялісты 17—18 ст. (Дж.Лок, Б.Спіноза, Т.Гобс), звязвалі С. з грамадскім выхаваннем і адмаўлялі прыроджаны характар С. Індывідуалістычную трактоўку С. прапанавалі Ж.Ж.Русо, І.Кант, І.Фіхтэ, якія лічылі С. прыроджанай уласцівасцю кожнага чалавека. Л.Феербах наз. С. «другім Я» чалавека, а вытокі С. бачыў у грамадскіх маральных нормах. Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. дэтэрмінуецца ўмовамі жыццядзейнасці чалавека і яго грамадскай пазіцыяй. У экзістэнцыялізме С. разглядалася як адзіны крытэрый маральнасці, стымул да ажыццяўлення абсалютна свабоднага выбару без уліку аб’ектыўных фактараў (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Ням. філосаф В.Віндэльбанд акрамя этычнага вылучаў С. лагічнае і эстэт. як формы самакантролю не толькі ўчынкаў, але і мыслення і пачуццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАК,
1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССРнайб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.
2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.