ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв. нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 500.
т. 12, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СЫ АБАРО́НА 1941,
вялася войскамі Асобнай Прыморскай арміі (ген.-лейт. Г.П.Сафронаў, з 5 кастр. ген.-м. І.Я.Пятроў), сіламі Адэскай ваенна-марской базы (контр-адм. Г.В.Жукаў) і Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) пры актыўным удзеле насельніцтва горада супраць войск 4-й рум. арміі (ген. Н.Чуперка) 5 жн. — 16 кастр. ў Вял. Айч вайну. З 5 жн. адрэзаная ад гал. сіл Паўд. фронту Асобная Прыморская армія (2 стралк. і кав. дывізіі) стрымлівала націск 5 пях., 2 кав. дывізій і матарызаванай брыгады 4-й рум. арміі на подступах да Адэсы. 13 жн. вораг выйшаў да ўзбярэжжа і поўнасцю блакіраваў горад з сушы. 19 жн. створаны Адэскі абарончы раён (узначаліў контр-адм. Жукаў), які меў 4 дывізіі супраць 14 (у вер. 17) дывізій і 2 брыгад праціўніка. З 20 жн. вяліся актыўныя баявыя дзеянні на апорных рубяжах шматпалоснай абарончай сістэмы, створанай насельніцтвам горада і войскамі, якія падтрымліваліся артыл. агнём караблёў Чарнаморскага флоту, 8 берагавых батарэй і авіяцыяй. 22 вер. 2 рум. дывізіі былі разбіты і праціўнік адкінуты на 5—8 км. 30 вер. ў сувязі з пагрозай прарыву ням. войскаў у Крым была арганізавана эвакуацыя войск Адэскага р-на на Крымскі п-аў. Адэсы абарона 1941 скавала 18 дывізій праціўніка, было выведзена са строю 20 самалётаў і каля 100 танкаў.
т. 1, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.
Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.П.Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.—кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.
т. 12, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1659.
Адбывалася ў маі—снежні 1659 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 супраць рас. войска. У пач. 1657 пасля 18-месячнай аблогі рас. войскі з казакамі І.Нячая штурмам захапілі Быхаў. У 2-й пал. 1658 Нячай здрадзіў цару і перайшоў на бок Яна II Казіміра. Сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў Стары Быхаў. Войска рас. ваявод Змеева і Лабанава-Растоўскага 14.5.1659 падышло да горада і пачало яго новую аблогу, якая працягвалася да 4 снеж. і скончылася начным штурмам. Поспеху штурму садзейнічала здрада членаў гар. магістрата і каменданта Быхаўскага замка немца Шульца. Шмат было забіта абаронцаў замка, у т. л. Нячай, знішчана палонная шляхта. У адбудаваным замку размясціўся рас. гарнізон.
т. 3, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,
баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.
т. 3, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.
Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-м. В.М.Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».
В.І.Мялешка.
т. 10, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл. Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
т. 3, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)