ФА́ЛЬСКІ Усевалад Сцяпанавіч (7.3.1886 ці 8.3.1887, в. Лошыца, цяпер у межах Мінска — ?),
бел. грамадска-паліт., дзярж. і культ. дзеяч, акцёр; адзін са стваральнікаў бел.прафес.т-ра. Скончыў 3 курсы Ляснога ін-та ў Пецярбургу. У 1906 далучыўся да бел. руху. На працягу 1915—18 удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Мінскага т-ва працаўнікоў мастацтва. Выканаўца вядучых роляў у спектаклях «Паўлінка» Я.Купалы, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Бязвінная кроў» У.Галубка і інш. Быў членам Мінскага аддзела Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, нам. старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, прадстаўніком Бел. рады на Дэмакр. нарадзе 1917. На Усебеларускім з’ездзе 1917 адзін з лідэраў фракцыі левай плыні. Са жн. 1918 у Маскве, удзельнічаў у стварэнні маск. бел. секцыі РКП(б). Узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (студз. 1919). У 1919 двойчы арыштаваны сав. ўладамі. У час польскай акупацыі Беларусі (1919—20) нам.нач. раёна эксплуатацыі лясоў. Ў 1921 нам.заг. аддзела мастацтваў, вучоны сакратар Акад. цэнтра Наркамата асветы БССР. 3.9.1921 арыштаваны і прыгавораны ЧК Беларусі да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зняволення ў смаленскай катаржнай турме. З 1923 справавод рабфака пры Смаленскім ун-це. З 1925 жыў у Кіеве, працаваў дырэктарам драм.т-ра імя М.Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Ваен. пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6.8.1996.
Літ.:
Селяменеў В., Скалабан В. Тры лісты Усевалада Фальскага // Тэатр. творчасць. 1996. №6;
Гесь А. «Выслаць за межы Беларусі...» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.Мн., 1998;
Скалабан В. Беларусь і Украіна: разам да незалежнасці // Спадчына. 1998, №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ КАМПА́НІЯ,
наступальныя дзеянні германскіх войск супраць Францыі 10.5—24.6.1940 у часдругой сусветнай вайны 1939—45. Мэта — разграміць англа-франка-бельг. войскі, акупіраваць Нідэрланды, Бельгію, Люксембург, прымусіць Францыю да капітуляцыі, а Вялікабрытанію — да падпісання выгаднага для Германіі міру. Германія сканцэнтравала групы армій «Б», «A» і «Ц» (усяго 136 дывізій, 2580 танкаў, 7378 гармат, 3824 самалёты). Саюзныя войскі налічвалі 147 дывізій, каля 3100 танкаў, больш за 14 500 гармат, каля 3800 самалётаў. 10 мая ням. войскі, у парушэнне нейтралітэту Нідэрландаў, Бельгіі і Люксембурга; пачалі наступленне, і, скончыўшы т.ч.«дзіўную вайну», прарвалі фронт франц. войск на паўн. флангу, дзе буд-ва«Мажыно лініі» не было завершана. 14 мая капітулявала нідэрл. армія. 21 мая ням. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Ла-Манша і адрэзалі 50 дывізій саюзнікаў ад асн. сіл (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940); акружаныя войскі былі эвакуіраваны ў Англію. 28 мая капітулявала бельг. армія. Ням. войскі пайшлі ў глыб Францыі і 14 чэрв. без бою занялі Парыж. 22 чэрв. Францыя капітулявала. У выніку Германія акупіравала Нідэрланды, Бельгію, Люксембург і ч. Францыі. У абарончых баях на тэр. Францыі прымалі ўдзел грамадзяне Польшчы, у т. л. беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Страты франц. войск склалі 84 тыс.чал. забітымі і 1,5 млн. палоннымі (у баях з ням. войскамі на «Мажыно лініі» загінула некалькі дзесяткаў беларусаў). Ням. войскі страцілі 44 тыс.чал. забітымі і прапаўшымі без вестак і 111 тыс. параненымі.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939-1945. Т. 3. М., 1974;
Ратиани Г.М. Конец Третьей республики во Франции. М., 1964;
Грыбоўскі Ю. Беларускія салдаты на заходніх франтах Другой сусветнай вайны // Армия. 2001. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў. Афіц. мова Францыі, Манака, Бельгіі (разам з нідэрландскай і ням. мовамі), Швейцарыі (разам з ням. і італьян.), Канады (разам з англ.), Люксембурга (разам з ням.), Андоры (разам з ісп. і каталанскай), Вануату (разам з англ.); адзіная ці адна з афіц. моў у шэрагу краін Афрыкі. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае дыялекты: франсійскі (дыялект Іль-дэ-Франса, гіст. аснова сучаснай Ф.м.), паўночныя (нармандскі, пікардскі, валонскі ў Бельгіі), заходнія (анжуйскі, гало і інш.), паўд.-заходнія (пуацевінскі і інш.), цэнтральныя, паўд.-ўсходнія (латарынгскі, шампанскі), франка-правансальскія (займаюць прамежкавае становішча паміж Ф.м. і аквітанскай). У наш час назіраецца распад дыялектаў і фарміраванне рэгіянальных мадыфікацый агульнафранц. мовы. У Ф.м. набылі крайнюю ступень выражэння многія агульныя гіст. тэндэнцыі раманскіх моў. Ф.м. ўласцівы: у фанетыцы — проціпастаўленне галосных паводле пад’ёму, рада, лабіялізацыі, назалізацыі; адсутнасць дыфтонгаў; сістэма зычных бяднейшая, чым у інш. раманскіх мовах (менш палаталізаваных фанем, няма афрыкат); націск заўсёды на апошнім складзе; у марфалогіі — аналітызм, тэндэнцыя да марфал. нязменнасці слова, шырокае ўжыванне службовых слоў; у сінтаксісе — тэндэнцыя да двухсастаўнасці сказа, дзеяслоўнасці выказніка, фіксаванага і прагрэс. парадку слоў; у лексіцы — большасць слоў лац. паходжання, ёсць запазычанні з герм., англ., грэч. і інш. моў. На аснове Ф.м. ўзніклі некат. крэольскія мовы (на Гаіці, у штаце Луізіяна ЗША, на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх а-вах). Мае нац. варыянты ў Бельгіі, Швейцарыі, Канадзе, а таксама асаблівасці, якія датычацца пераважна фанетыкі і лексікі ў краінах Афрыкі. Першыя пісьмовыя сведчанні Ф.м. — «Рэйхенаўскія глосы» (8 ст.), першы звязны тэкст — «Страсбургскія клятвы» (842). Пісьменства на аснове лац. алфавіта (з дадаткам дыякрытычных знакаў і лігатур).
Літ.:
Гак В.Г. Введение во французскую филологию. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́МАН (Schumann) Роберт (8.6.1810, г. Цвікаў, Германія — 29.7.1856),
нямецкі кампазітар і музычны крытык. У 1834—44 рэдактар і гал. аўтар заснаванага ім час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). У 1843 праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1846 кіраўнік хароў у Дрэздэне, у 1850—53 гар. музік-дырэктар у Дзюсельдорфе. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў муз. рамантызму. Развіваў рэаліст., дэмакр. тэндэнцыі рамант. мастацтва, узбагаціў музыку новымі формамі, прыёмамі меладычнага і гарманічнага пісьма, стварыў своеасаблівы фартэпіянны стыль. Творчасць Ш. адметная парывістасцю, палкасцю, псіхал. паглыбленасцю, яркай характарыстычнасцю. Яго песням часткова аб’яднаным у цыклы на аснове сюжэтнага, псіхал. або маст.-паэт. адзінства, уласцівы праўдзівасць, глыбіня лірычнага выказвання, тонкая перадача своеасаблівасцей паэт. тэксту. Аўтар праграмных фартэпіянных цыклаў «Матылькі» (1831), «Карнавал» (1835), «Танцы давідсбюндлераў» (1837) і інш.; лірыка-драм. цыклаў «Каханне паэта», «Кола песень», «Каханне і жыццё жанчыны» (усе 1840). Паўплываў на развіццё рамант. фартэпіяннай санаты і варыяцый («Сімфанічныя эцюды»; 2-я рэд. 1852). Творы для фп. вылучаюцца ідэйна-эмацыянальнай насычанасцю і маштабнасцю. Сярод інш. твораў: опера «Генавева» (1838), 4 сімфоніі (1841—51), канцэрты для фп. (1845), віяланчэлі (1850), скрыпкі (1853) з аркестрам, камерныя і хар. творы, музыка да драм. паэмы «Манфрэд» Дж.Байрана (1849) і інш. Займаўся гастрольнай дзейнасцю, у т. л. з жонкай, піяністкай К.Шуман. Аўтар муз.-крытычных і літ. артыкулаў.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. статьи о музыке. М., 1956; Жизненные правила для музыкантов. М., 1959: Письма. Т. 1—2. М., 1970—82.
Літ.:
Житомирский Д.В. Роберт Шуман. М., 1964;
Яго ж. Роберт и Клара Шуман в России. М., 1962;
Амброс А.В. Роберт Шуман: Жизнь и творчество: Пер. с нем. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУ́ЧЫНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
сярэдняя навуч. ўстанова ў 1718—1832 у г. Шчучын Гродзенскай вобл. У 1718 у Шчучын піяраў запрасіў гаспадар мястэчка Ю.Глябецкі, які перадаў ім мясц. парафіяльны касцёл і ахвяраваў 23 735 злотых. Калі маёнтак перайшоў да яго дачкі Тэрэзы, яна пацвердзіла фундацыю бацькі; тое ж у 1726 зрабіў і сойм. Калегіум пры кляштары св. Георгія засн. ў 1718 (пры ім пэўны час дзейнічалі семінарыя для ордэнскай моладзі, дзе выкладаліся нават усх. мовы, і аптэка). Існаваў на прыватныя ахвяраванні, падпарадкоўваўся Літоўскай навуч. акрузе. Меў 3 класы і 5 выкладчыкаў. У 1783 Адукацыйная камісія рэарганізавала калегіум у падакруговае вучылішча (у 1785 у ім было 119, у 1789—69 вучняў; у 1803 было 5 класаў і 7 выкладчыкаў). У 1804 з Гродзенскай дамініканскай школы сюды пераведзены фундуш у 40 тыс. злотых гродзенскага старосты А.Храптовіча для ўтрымання 10 юнакоў са збяднелай шляхты, а калегіум пераўтвораны ў 6-класнае пав. вучылішча з гімназічным курсам навучання (выпускнікі мелі права паступаць ва універсітэты). У 1817 было 7 выкладчыкаў і 201 вучань, у 1822—152 вучні, у 1823—73 вучні. 19.2.1823 тут утворана нелегальнае вучнёўскае т-ва (філіял віленскіх філаматаў), якое было раскрыта паліцыяй. У 1825 калегіум ператвораны ў звычайнае 4-класнае пав. вучылішча, у 1832 скасаваны. У ім выкладаў прыродазнавец С.Юндзіл, вучыліся філосаф К.Нарбут, гісторык-археограф М.Догель, геолаг І.Дамейка, паэт Ю.Корсак і інш.
Літ.:
Белецкий А.В. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа за первый период его существования, 1803—1832. Отд. 3. Вильна, 1906;
Сборник материалов для истории просвещения в России. Т. 1. СПб., 1893;
Beauvois D. Szkolnictwo Polskie na ziemiach Litewsko-Ruskich, 1803—1832. T. 2. Rzym;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАНЮ́К Вадзім Лявонцьевіч (н. 22.3.1946, г. Гродна),
бел. вучоны ў галіне педагогікі, музыказнавец. Д-рпед.н. (1995), праф. (1992). Акад.Бел. акадэміі адукацыі (1998) і Міжнар.АН вышэйшай школы (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1969 у Мазырскім муз. вучылішчы. З 1972 у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага (у 1975—83 заг. кафедры фартэпіяна). З 1983 прарэктар Бел. акадэміі музыкі, адначасова ў 1986—96 заг. кафедры муз. педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва. Навук. працы па праблемах метадалогіі прафес.муз. дзейнасці, рэформы муз. адукацыі ў кантэксце еўрап. інтэграцыі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Аўтар нотных выданняў «Я іграю на раялі. Альбом 1—2» (1994, 1996; з Г.М.Вагнерам), «Спадчына: 100 урокаў піяніста-пачаткоўца. Сш. 1—2» (1994). Распрацаваў канцэпцыю прафес. адукацыі ў галіне мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь (1999). Навук. кіраўнік Дзярж.навук.-тэхн. праграмы «Культура» (з 1997). Прэзідэнт Бел. і віцэ-прэзідэнт Еўрап. асацыяцыі педагогаў фартэпіяна. Гал.рэд.час. «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (з 2001). Ген. дырэктар 1-га міжнар. конкурсу піяністаў «Мінск-96», чл. журы міжнар. конкурсаў выканаўцаў у Мінску, Рызе, Кішынёве, Варшаве, Нікасіі і інш. Аўтар тэле- і радыёперадач пра бел. кампазітараў М.Аладава, Г.Вагнера, Я.Глебава, Г.Лукшу, П.Падкавырава, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., сцэнарыя мюзікла «Мес-Менд» паводле аднайм. рамана М.Шагінян (муз. А.Мдывані).
Тв.:
Развитие интереса к профессии учителя музыки. Мн., 1979;
Развивающее обучение в классе фортепиано. Мн., 1985;
Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1993;
Рэформа вышэйшай музычнай адукацыі як навуковая праблема // Весці Бел.дзярж.пед. ун-та. 1995. № 1;
Проблемы глобализации музыкального образования: Взгляд в XXI век // Музычная і тэатральная адукацыя: Праблемы выкладання. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФРЭ́МАЎ Алег Мікалаевіч (1.10.1927, Масква — 24.5.2000),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1969). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст.акад.т-ра (1949). З 1949 акцёр, рэжысёр Цэнтр. дзіцячага т-ра. З 1956 арганізатар і кіраўнік т-ра «Сучаснік», з 1970 акцёр, гал. рэжысёр Маскоўскага Маст.акад.т-ра (з 1989 імя А.Чэхава). Акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і шчырасцю, іроніяй і лірызмам, дэтальнай распрацоўкай ролі і адначасова псіхалагічна дакладна пабудаваным вобразам: Барыс Гадуноў, Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Астраў («Дзядзька Ваня» Чэхава), Мальер («Кабала святош» М.Булгакава), Аляксей («У добры час!» В.Розава) і інш. Як рэжысёр адметны вострым адчуваннем часу, імкненнем зрабіць гледача таксама творцам спектакля. Паставіў: «Вечна жывыя» Розава (1957, і роля Барыса), «Пяць вечароў» А.Валодзіна (1959, з Я.Еўсцігнеевым, роля Ільіна), «Нарадавольцы» А.Свабодзіна (1967), «Чайка» (1970, з В.Салюком; 1980, з В.Сергачовым), «Іванаў» (1976, з С.Дзясніцкім), «Дзядзька Ваня» (1985, з М.Скорыкам) Чэхава, «Апошнія» М.Горкага (1971), «Качынае паляванне» (1978, з А.Мягковым, роля Зілава), «Так пераможам!» М.Шатрова (1981), «Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай (1988, абодва з Р.Сіратой), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1992, з І.Уласавым), «Барыс Гадуноў» (1994, з А.Беларучавым), «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана (2000, са Скорыкам). З 1956 здымаўся ў кіно: танкіст Іваноў («Жывыя і мёртвыя», 1964), следчы Падбярозавікаў («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), шафёр таксі Саша («Тры таполі на Плюшчысе», 1968), Палынін («Выпадак з Палыніным», 1971). Сярод інш. фільмаў: «Гары, гары, мая зорка», «Вайна і мір», «Дні хірурга Мішкіна», «Інспектар ДАІ» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1969, 1974, 1983. Дзярж. прэмія Расіі 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н Аляксей Міхайлавіч (н. 12.1.1951, в. Сямігосцічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (2003). Скончыў БДУ (1973). З 1975 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, з 1987 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (заг. аддзела гісторыі Беларусі перыяду Вял.Айч. вайны, з 1991 — аддзела ваен. гісторыі Беларусі). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду 1-й і 2-й сусв. войнаў, падп. і партыз. барацьбу, ваен.буд-ва на Беларусі, праблемы калабарацыянізму ў час войнаў, пытанні міжнац. адносін. Адзін з аўтараў выдання «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1, 1983) і складальнікаў зб. дакументаў і матэрыялаў «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941—ліпень 1944)» (т. 3, 1982), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: Праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» (1999).
Тв.:
Армія Краёва на Беларусі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1, 4;
«Белые пятна» второй мировой: Пол.-нем. контакты на территории Беларуси и Виленщины в отражении нем. док. // Нёман. 1995. № 2;
Акупацыя Беларусі (1941—1944): пытанні супраціву і калабарацыі. Мн., 2000;
Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў другой сусветнай вайне: стан і перспектывы даследавання // Гіст. альм. 2001. № 4;
Революция 1917 г. и создание белорусских военных формирований // Реформы и революции в России в XX веке. М., 2001. К вопросу о количестве людских потерь Беларуси в годы Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.) // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;
Местная вспомогательная полиция на территории Беларуси (июнь 1941—июль 1944 гг.) // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2003. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАЛАГІЧНАЯ АНАТОМІЯ
Даследаванні па паталагічнай анатоміі на Беларусі вядуцца з 1923, з часу адкрыцця адпаведнай кафедры на мед. факультэце БДУ; яе заснавальнік — І.Т.Цітоў. Бел. вучоныя даследавалі паталагічную анатомію хвароб сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, з’явы перынатальнай і кішачнай паталогіі ў дзяцей і інш. Кафедры паталагічнай анатоміі ў 1934 створаны ў Віцебскім (загадчыкі Ю.В.Крылоў, А.А.Нікалаеў, І.Д.Хлопіна) і ў 1958 у Гродзенскім (В.А.Басінскі, Ю.Р.Бойка, Н.Ф.Сіляева) мед. універсітэтах, дзе вывучалі паталагічную анатомію і патагенез вострага панкрэатыту, змены злучальнай тканкі пры росце пухлін, тэраталогію і інш.Вял. колькасць высокакваліфікаваных спецыялістаў падрыхтаваў бел. паталагаанатам Ю.В.Гулькевіч і заснаваў навук. кірунак «Перынатальная паталогія». Па яго ініцыятыве ў 1967 пры кафедры паталагічнай анатоміі Мінскага мед. ін-та створана лабараторыя мед. генетыкі, якая з часам ператварылася ў Бел.НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў (дырэктар Г.І.Лазюк). З 1970 пачалася цэнтралізацыя паталагаанатамічнай службы Беларусі, з 1988 — арганізацыя абл. і Мінскага гар. паталагаанатамічных бюро. У 1991 створана кафедра паталогіі ў Гомельскім мед. універсітэце (Ю.І.Бандажэўскі, А.А.Голубеў). У наш час у Бел., Гродзенскім, Віцебскім мед. ун-тах вядуцца навук. даследаванні па пытаннях марфалогіі пухлін шчытападобнай залозы, павольных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы. У ліку вядучых спецыялістаў у гэтай галіне І.А.Кірылава, Г.І.Краўцова, В.П.Кулажанка, М.К.Недзьведзь, Л.А.Пашкевіч, Л.К.Суркова, Я.Д.Чарствой, І.А.Швед і інш.
Літ.:
Гулькевич Ю.В., Недзьведь М.К. О развитии и достижениях патологической анатомии в Белорусской ССР // Архив патологии. 1972. №12;
Струков А.И., Серов В.В. Патологическая анатомия. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.
Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пд ад р. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.
Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва ад р. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.
На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.
Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.Я.Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.
Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.В.Сядоў, Ю.У.Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.
Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У часКіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн.Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.
Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.
Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн.Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пд ад Турава і Пінска.
Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн.Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.
Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.
Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.
Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн.Уладзімірам не раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн.Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.
У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;
Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;
Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;
Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;
Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.
Г.В.Штыхаў.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.