метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.
Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.
Літ.:
Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;
Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;
Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. атаксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.
Літ.:
Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;
Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;
Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,
рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач.жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст. садружнасці і яе крушэнне, атаксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.
Літ.:
Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;
Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;
Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ ДЭМАКРА́ТЫ,
у Расіі прадстаўнікі рэв. руху, ідэолагі сял. дэмакратыі. Іх ідэалогія зарадзілася ў 1840-я г. і стала вызначальнай у грамадскім руху 1860—70-х г. Паводле сац. становішча Р.д. — гал. чынам разначынцы, хоць сярод іх былі і дваране. Адзін з першых Р.д. — В.Р.Бялінскі. У 1850—60-я г. Р.д. на чале з М.Г.Чарнышэўскім, М.А.Дабралюбавым, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і інш. прапагандавалі свае ідэі на старонках час.«Современник» і «Колокол». Р.д. спалучалі ідэю сял. рэвалюцыі з ідэямі утапічнага сацыялізму; сялянства яны разглядалі як гал.рэв. сілу ў краіне; меркавалі, што Расія пасля знішчэння прыгоннага права шляхам сял. рэвалюцыі, мінаючы капіталізм, прыйдзе праз сял. абшчыну да сацыялізму. Р.д. стварылі тайныя рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г., «Зямля і воля» 1870-х г. і інш. (гл.Народніцтва), Рас. сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры сваімі папярэднікамі лічылі Р.д.
На Беларусі Р.д. — прадстаўнікі радыкальнага кірунку ў нац.-вызв. руху, сац.-філас. думцы, маст. л-ры і публіцыстыцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Іх ідэалогія адлюстроўвала істотныя тэндэнцыі працэсу фарміравання бел. нацыі і нац. культуры, стала яскравым сведчаннем развіцця нац. самасвядомасці беларусаў. Іх светапогляд фарміраваўся пад уплывам рас. Р.д. і народніцтва, атаксама польскага нац.-вызв. руху. Станаўленне рэв.-дэмакр. ідэй у грамадскай думцы Беларусі пачалося ў 1830—40-я г. (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі). Як самаст.ідэалаг. плынь аформіліся ў перыяд паўстання 1863—64, што было звязана з дзейнасцю Каліноўскага і яго прыхільнікаў. Найб. поўна дэмакр.-вызв. тэндэнцыі адлюстраваны ў пач. 20 ст. ў творчасці Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, дзейнасці публіцыстаў бел. друку. Р.д. змагаліся за карэннае пераўтварэнне грамадскага ладу ў інтарэсах прац. мас шляхам сял. рэвалюцыі. Яны выступалі ад імя ўсяго народа, але былі выразнікамі пераважна інтарэсаў прац. сялянства. Аснову грамадскай паэзіі Р.д. складалі ідэі гіст. прадвызначэння прац. народа, тэндэнцыі наіўна-ўраўняльнага сял. сацыялізму, рашучае адмаўленне бурж.-памешчыцкага ладу. Іх грамадска-паліт. праграма ўключала патрабаванні ліквідацыі самадзяржаўя, дэмакратызацыі грамадскага жыцця, скасавання памешчыцкага землеўладання, надзялення сялян зямлёй, свабоднага развіцця нац. культуры. Ідэалы Р.д. ў пэўнай ступені ўвайшлі ў ідэалогію бел.паліт. партый левага кірунку пач. 20 ст.: Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТЭМІ́ЗМ,
комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.
Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.
У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), атаксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).
Літ.:
Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯ́САВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), трыяс (ад грэч. trias тройца, траістасць),
першая (ніжняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае ранняму перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду), папярэднічае юрскай сістэме (перыяду). Пачалася каля 250 млн.г. назад, доўжылася каля 50 млн.г. Адклады Т.с.(п.) упершыню вылучаны ням. геолагам А. фон Альберці ў 1834 у Альпах. Падзяляецца на 3 аддзелы і 7 ярусаў (індскі і алянёцкі — ніжні аддзел; анізійскі і ладзінскі — сярэдні аддзел; карнійскі, нарыйскі і рэцкі — верхні аддзел). У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме трыясавых адкладаў Беларусі вылучаны таксама світы і падсвіты.
У трыясавы перыяд пашырылася пл. сушы мацерыкоў Лаўразіі ў Паўн. і Гандваны ў Паўд. паўшар’ях, на якіх пераважалі кантынентальныя ўмовы асадканамнажэння з утварэннем адкладаў: стракатакаляровых пясчана-гліністых (Усх.-Еўрапейская платформа), гіпсаносных (Сярэдняя Еўропа), саляносных (Паўн. Афрыка), вугляносных (Аўстралія, Паўд. Амерыка). Вулканічныя ўтварэнні былі пашыраны на Урале, у Казахстане, Сярэдняй Азіі, на Сібірскай платформе (трапавая фармацыя). Марскія вадаёмы з карбанатным асадканамнажэннем існавалі пераважна ў геасінклінальных абласцях; акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), басейны Паўн. Амерыкі (Кардыльеры), Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыкі. З адкладамі трыясу звязаны радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, гіпсу, каменнай солі, баксітаў, кааліну, медзістых пясчанікаў, уранавых руд і інш. Клімат у раннім і сярэднім трыясе быў пераважна гарачы, сухі, у познім трыясе — вільготны. Арганічны свет характарызуецца росквітам жывёльнага свету сушы, асабліва паўзуноў (дыназаўры), земнаводных (стэгацэфалы), насякомых (жукі. стараж. прамакрылыя); у канцы перыяду — касцістых рыб і прымітыўных млекакормячых (яйцародныя і сумчатыя). У прэснаводных вадаёмах былі членістаногія (астракоды, філаподы), у марскіх басейнах — разнастайныя малюскі, асабліва галаваногія (цэратыты). У расл. свеце на ўсіх кантынентах былі пашыраны дзеразападобныя. у канцы перыяду — голанасенныя (бенетытавыя, цыкадавыя, гінкгавыя і інш.), у морах — рыфаўтваральныя водарасці, у прэснаводных вадаёмах — харавыя.
На тэр. Беларусі адклады Т.с.(п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне. У Прыпяцкім прагіне яны (магутнасцю 300—500 м, месцамі больш за 1000 м) прадстаўлены ніжняй пясчанай і верхняй гліністай тоўшчамі. У ніжняй тоўшчы вылучаны выступовіцкая (пяскі, гліны, кангламераты) і каранёўская (пяскі, пясчанікі з аалітамі) світы ніжняга аддзела. Верхняя тоўшча падзяляецца (знізу ўверх) на мазырскую (алеўраліты, гліны, мергелі) світу ніжняга аддзела, калінкавіцкую (гліны, пяскі) і нараўлянскую (стракатакаляровыя гліны з праслоямі пясчаніку і алеўраліту, месцамі вапняку) світы сярэдняга аддзела; валаўскую (каалінізаваныя гліны і пяскі) світу верхняга аддзела. У Брэсцкай упадзіне трыясавыя адклады (магутнасцю 40—50 м) прадстаўлены воўчынскай (цагельна-чырвоныя гліны) і новагалянскай (гліны, пяскі, пясчанікі) світамі ніжняга аддзела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРФО́Р (тур. farfur, fagfur ад перс. фегфур),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, атаксама вырабы з яго; разнавіднасць керамікі. Вызначаецца вода- і газанепранікальнасцю, мех. трываласцю, высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, тэрмічнай і хім. устойлівасцю (устойлівы ў кіслотах, акрамя плавікавай).
Паводле складу сыравіны (асн. кампаненты — пластычная вогнетрывалая гліна, каалін, кварц, палявы шпат) і рэжыму абпалу адрозніваюць Ф. цвёрды і мяккі. Атрымліваюць абпальваннем фармаваных вырабаў. Фармаванне ажыццяўляюць паўсухім або вільготным прасаваннем, ліццём у гіпсавыя формы і інш. Паверхню Ф. звычайна пакрываюць белай або каляровай палівай, без палівы Ф. наз. бісквітам. Выкарыстоўваюць цвёрды Ф. для вырабу вузлоў і дэталей хім. апаратуры, эл. ізалятараў, санітарна-тэхн. абсталявання, труб, мяккі — быт. і маст. вырабаў.
2) У мастацтве посуд, дробная пластыка і інш.маст. вырабы з белай абпаленай пры высокай тэмпературы масы са спец. дамешкамі, якая вызначаецца няпорыстай будовай і прасвечваецца ў тонкім слоі.
Найстараж. вырабы з Ф. вядомы з 4—6 ст. у Кітаі. Своеасаблівыя варыянты вытв-сці Ф. вядомы ў Японіі і Карэі. Пазней Ф. пашырыўся ў інш. краінах Азіі. У Зах. Еўропе ў 16—18 ст. вырабляўся мяккі фарфор з легкаплаўкай сілікатнай масы, знешне падобны да Ф. (гл.Сеўрскі фарфор); яго разнавіднасць — касцяны Ф. з перапаленай косцю (Вялікабрытанія, 18 ст.). У Германіі паўнацэнны Ф. атрымаў у 1709 І.Ф.Бётгер пры садзеянні Э.В.Чырнгаўза; у выніку засн.вытв-сцьмайсенскага фарфору. Склад і тэхналогію Ф. ў Расіі распрацаваў у 1740-я г. Дз.Вінаградаў. У сав. час набыў вядомасць агітацыйны Ф.
На Беларусі Ф. вырабляюць з 1951 на Мінскім фарфоравым заводзе, з 1978 — і на Добрушскім фарфоравым заводзе. У аздабленні выкарыстоўваюць падглазурную і надглазурную размалёўку, дэколі, штамп, аэраграфію і інш.Бел. мастакі-керамісты ствараюць узоры для масавай вытв-сці чайна-кававых сервізаў, сталовага посуду, ваз, набораў для спецый, чайнікаў, статуэтак, сувеніраў і інш. Вылучаюцца работы Р.Алёшынай, Л.Багданава, М.Бяляева, І.Гагалушкі, М. і Л. Гатальскіх, В.Гаўрылава, В.Данчук, В.Кірыленкі, В.Леантовіча, Г.Літвіненкі, М.Міхалапа, І.Прохарава, Л.Рыжкоўскага, А.Федуся, Э.Фокінай. З Ф. ствараюць пластычна выразныя дэкар. станковыя кампазіцыі, выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў (Бяляеў, У.Васюк, В.Іванькова, В. і Л. Кавальчукі, Л.Малышаў і інш.).
Літ.:
Мороз И.И. Технология фарфоро-фаянсовых изделий. М., 1984.
В.Г.Гаўрылюк (у мастацтве).
Да арт.Фарфор. Ваза «Шампальён». Горад Сеўр. Францыя. 18 ст.Да арт.Фарфор. Л.Багданаў. Анімалістычная пластыка.Да арт.Фарфор. Я.Малышаў. Набор «Супрэматычныя мелодыі». 1999.Да арт.Фарфор. В.Леантовіч. Набор «Слуцкі». 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМ-ЗАПО́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1582,
дагавор аб 10-гадовым перамір’і паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй; адзін з дыпламат. дакументаў, які завяршыў Інфлянцкую вайну 1558—82 (гл.Лівонская вайна 1558—83). Падпісаны 15.1.1582 у в. Ківерава Гара каля Яма-Запольскага на Пд ад Пскова. Перагаворы вяліся з 13.12.1581 да 6.1.1582. З боку Рэчы Паспалітай у іх удзельнічалі ваявода брацлаўскі Я.М.Збаражскі, маршалак надворны ВКЛА.Радзівіл, пісар ВКЛ М.Гарабурда; з боку Маскоўскай дзяржавы — князь Дз.П.Ялецкі, Р.В.Алфер’еў, дзяк М.М.Верашчагін; старшынстваваў папскі легат А.Пасевіна. Гал. спрэчкі на перагаворах разгарэліся з-за Інфлянтаў (Лівоніі). Маскоўская дзяржава хацела захаваць за сабой г. Дэрпт (Тарту), але цар Іван IV імкнуўся хутчэй перакінуць свае сілы супраць Швецыі, таму адмовіўся ад заваяваных інфлянцкіх зямель. Дэлегацыя Рэчы Паспалітай хацела ўтрымаць г. Себеж і інш. занятыя гарады. Паводле падпісанага дагавора Маскоўская дзяржава адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад заваяваных раней інфлянцкіх і бел. зямель і ад уладанняў сваіх васалаў і саюзнікаў: 40 гарадоў у Інфлянтах, Курляндыі, Полацкага ваяв. і Веліжа з акругай. Рэч Паспалітая вярнула Івану IV занятыя ў апошнія гады вайны пскоўскія, наўгародскія і цвярскія землі. Узаемная перадача замкаў і абмен ваеннапалоннымі павінны былі адбыцца на працягу 8 тыдняў. Рэч Паспалітая адмовілася ад першапачатковых прэтэнзій: накладання кантрыбуцыі на Маскоўскую дзяржаву і ад інш. кампенсацый страт ад вайны. Яна адмовілася таксама ад вызначэння прыналежнасці прыбалт. гарадоў, падлеглых рус.-шведскім перагаворам (скончыліся падпісаннем Плюскага перамір’я 1583). Кампрамісна вырашана спрэчнае пытанне аб царскім тытуле Івана IV. У рус. тэксце дагавора тытул «цар» прысутнічаў, у польскім ён не ўпамінаўся. У рус. экзэмпляры Іван IV наз. «ўладаром лівонскім і смаленскім», у польскім — «уладаром Інфлянтаў» названы кароль польскі і вял. князь ВКЛСтафан Баторый, а тытул «смаленскі» не належаў нікому. У дадатак да дагавора летам 1582 падпісаны яшчэ 3 пратаколы. Яны вызначалі ўмовы абмену і выкупу ваеннапалонных, прадугледжвалі ненапад бакоў на спрэчныя інфлянцкія і наўгародскія гарады да сканчэння перамір’я. Дагавор быў ратыфікаваны ў Маскве царом Іванам IV і Збаражскім. Пацвярджаўся і прадаўжаўся ў 1584, 1585, 1586, 1587, 1591, 1601.
Літ.:
Успенский Ф. Переговоры о мире между Москвой и Польшей // Зап. Новороссийского ун-та. Одесса, 1887. Т. 45;
Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитою (1570—1582). СПб., 1904;
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Флоря Б. Россия, Польша и конец Ливонской войны // Сов. славяноведение. 1972. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ЎНІК,
даведачнае выданне, у якім даецца апісанне групы слоў (марфем, словазлучэнняў і інш.), размешчаных у пэўным парадку. С. часам называюць лексіку якой-н. мовы або яе асобныя лексічныя пласты (гл.Лексікаграфія). Асн. грамадскія функцыі С.: інфармацыйная (лінгвістычныя слоўнікі і энцыклапедычныя слоўнікі), камунікацыйная (перакладныя С., або двухмоўныя слоўнікі), нарматыўная (лексікаграфічныя працы кадыфікацыйнага характару пры дапамозе стыліст. памет стабілізуюць лексічныя і інш. нормы мовы).
С. вядомы з глыбокай старажытнасці. У б-цы асірыйскага цара Ашурбаніпала ў Ніневіі выяўлены гліняныя клінапісныя таблічкі, на якіх занатаваны тэматычна згрупаваныя словы шумерскай і акадскай моў 7 ст. да н.э. Першыя С. ў Еўропе створаны ў Стараж. Грэцыі ў 1 ст. да н.э. (збор грэч. слоў, выкарыстаных Гамерам. складзены філосафам Апалоніем). Першы С. лац. мовы — «De Verborum Siqnificate» («Значэнне слоў») В.Флакуса (1 ст.н.э.). Пасля 5 ст.н.э. з’явіліся першыя спец. С. па батаніцы, медыцыне. астраноміі на санскрыце, атаксама шматмоўныя С. (уключалі словы санскрыцкай. тыбецкай. манг. і кіт. моў). Першымі друкаванымі С. былі англ. «Свет слоў» (1598) Дж.Флорыя. у якім італьян. словы перакладзены на англ. мову, і «Алфавітны спіс» (1604) Р.Коўдры, дзе лац. і інш. запазычаныя тэрміны тлумачацца па-англійску. У 17—18 ст. у многіх краінах Еўропы выдадзены першыя акад. С. нац. моў. якія нармалізавалі (кадыфікавалі) слоўнікавы склад літ. мовы: італьян. «Слоўнік Акадэміі Круска» (1612). франц. (1694). ісп. «Слоўнік Аўтарытэтаў» (1739). рус. «Словавытворны слоўнік» (т. 1—6. 1789—94).
Першыя ўсх.-слав. С. бяруць пачатак ад ананімных рукапісных даведнікаў. што дадаваліся да сербскіх рэліг. твораў, якія з’явіліся ў Стараж. Русі з прыняццем хрысціянства. Ў такіх даведніках звычайна тлумачыліся незразумелыя словы грэч. і стараж.-яўр. моў («Речь жидовского языка преложена на русскую, неразумно на разум и в Евангелиях и Апостолах, и в Псалтыри и Паремии и в прочих книгах» у Ноўгарадскай кормчай 1282; Ноўгарадскі слоўнік 1431, які дадаваўся да твора Іаана Лесвічніка «Тлъкование неудобь познаваемом в писанных речем, понеже положены суть речи в книгах от начальных преводних ово Словенскы и ино Сръбскы и другая Блъгарскы и Гръчьскы их же неудоволишася преложити на Рускыи»). Усх.-слав.азбукоўнікі паслужылі крыніцамі пры стварэнні першых друкаваных С. усх. славян. Л.Зізаній надрукаваў як дадатак да царк.-слав. буквара перакладны слоўнік «Лексис, сиречь речения вкратце собраны и из словенского языка на просты русский диялект истолкованы» (Вільня, 1596), у якім перакладзена і растлумачана 1061 слова з царкоўнаслав. і інш. моў. «Лексикон славеноросскій и именъ тлъкование» П.Бярынды (Кіеў, 1627; 2-е выд., 1653, Куцейна каля Оршы) змяшчае 6982 лексічныя адзінкі, у т. л. больш за 4 тыс. царкоўнаславянізмаў, каля 2 тыс. іншамоўных запазычанняў і некалькі соцень мясц. (старабел. і стараўкр.) слоў. Да ранняга перыяду развіцця С. на Беларусі адносяцца рукапісныя і друкаваныя азбукоўнікі, лексісы, лексіконы, атаксама створаныя на працягу 17—19 ст. С. бел. дыялектныя К.Ф.Калайдовіча, Ф.С.Шымкевіча, Я.Чачота, С.П.Мікуцкага, П.М.Шпілеўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш., гіст. С. старабел. мовы І.І.Грыгаровіча, І.П.Навіцкага. М.І.Гарбачэўскага, І.І.Насовіча і інш.Асн. іх функцыя — апісанне лексічных багаццяў нац. мовы. Складзены Насовічам «Слоўнік беларускай мовы» (1870) меў многія ўласцівыя для тагачасных акад. С. лексікаграфічныя параметры (нарматыўны, стылістычны, дэфініцыйны, ілюстрацыйны, грамат. і інш.). З пач. 20 ст. на Беларусі пачаўся перыяд навук. лексікаграфіі. Выдаваліся тэрміналагічныя С., універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі; распрацаваны лексікаграфія дыялектная, гіст., перакладная, энцыклапедычная, тэрмінаграфія і інш., у рамках якіх створана па некалькі дзесяткаў С. розных тыпаў. Існуюць і інш. лексікаграфічныя кірункі: лексікаграфія грамат., камп’ютэрная. лінгвакраіназнаўчая, тэалагічная, ідэаграфія, канцэптаграфія і г.д., што прадстаўлены адзінкавымі С. Ін-т мовазнаўства Нац.АН Беларусі падрыхтаваў акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84, больш за 105 тыс. слоўнікавых артыкулаў), 1-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996; 5-е выд. 2001, 65 тыс. слоў). Бібліяграфія бел. С. ўключае больш за 1 тыс. назваў. У залежнасці ад таго, якія адзінкі мовы ў С. апісваюцца, вылучаюцца С. марфем («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна, 1975; «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» Бардовіча, М.М.Круталевіча, А.А.Лукашанца, 2000, і інш.); уласна С., ці С. лексем (пераважная большасць айч. даведнікаў); С. паняццяў (тэрміналагічныя, энцыклапедычныя і інш. даведнікі); С. словазлучэнняў («Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» М.Пазнякова, 1988), фразеалагізмаў («Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава, т. 1—2, 1993), скарачэнняў, параўнанняў, перыфраз, асацыяцый і да т.п. Асобную групу складаюць парэміялагічныя С., у якіх падаюцца (часам з тлумачэннямі і ілюстрацыямі з маст., публіцыст., навук. і інш. твораў) завершаныя сказы на бел. мове. Да гэтай групы адносяцца С. прыказак і прымавак («Слоўнік беларускіх прыказак» Лепешава і М.А.Якалцэвіч, 1996), крылатых выразаў і афарызмаў («Крылатыя словы і афарызмы» Ф.М.Янкоўскага, 1960), цытат і да т.п. У залежнасці ад таго, якія ўласцівасці слоў апісваюць С., яны падзяляюцца на частотныя («Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна, вып. 1—5, 1976—92); арфаграфічныя (гл.Арфаграфічны слоўнік), у якіх падаецца напісанне і акцэнталагічная характарыстыка слоў бел. мовы; дыялектныя (гл.Дыялектны слоўнік); гістарычныя (гл.Гістарычны слоўнік); этымалагічныя (гл.Этымалагічны слоўнік); перакладныя, якія падаюць іншамоўныя адпаведнікі да бел. слоў; С. іншамоўных слоў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік); С. мовы пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка).
Асобную групу складаюць т.зв. сінанімічныя С. (гл.Сінонімаў слоўнік), у якіх уласцівасць слова апісваецца шляхам вызначэння яго суадносін з інш. словамі (сінонімамі, антонімамі, амонімамі, паронімамі, аднакарэннымі словамі, паралексамі і г.д.). Напр., у «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (2-е выд., 1993) апісана каля 1900 сінанімічных радоў з 11 тыс.бел. слоў; у «Слоўніку амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) тлумачыцца 2 тыс. пар ці груп амонімаў, аднолькавых па гучанні, але розных па значэнні. Слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў» (1977) і «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994) С.М.Грабчыкава праз тлумачэнні і ілюстрацыі высвятляюць узаемаадносіны паміж словамі-паронімамі. блізкімі па гучанні, але рознымі па значэнні.
Вылучаюць С. агульналітаратурнай мовы, у якія з кожнай галіны навукі і вытворчасці ўключаецца па некалькі дзесяткаў найб. вядомых тэрмінаў са спец. стыліст. паметамі абмежавальнага характару. Тэрміны і наменклатурныя назвы найб. поўна і сістэмна апісваюцца ў спец.тэрміналагічных С. У адпаведнасці з мэтамі, якія ставіць перад сабой карыстальнік, вылучаюцца бел. С. актыўнага тыпу (спрыяюць пабудове чытачом свайго тэксту); С пасіўнага тыпу (дапамагаюць зразумець чужы тэкст); універсальныя С. (разлічаны на ўсе катэгорыі чытачоў), аспектныя С., якія падаюць толькі пэўны тып інфармацыі пра слова (большасць С. бел. мовы) і інш.
Літ.:
Словари, изданные в СССР: Библиогр. указ., 1918—1962. М., 1966;
Библиогр. указатель словарей изд-ва «Сов. Энциклопедия», 1928—1966. М., 1967;
Dictionaries: An International encyklopedia of lexicography. Vol. 1—3. Berlin; New York, 1989—91.
В.К.Шчэрбін.
Да арт.Слоўнік. Беларускія слоўнікавыя выданні 1980—90-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Такое раянаванне выконваюць па назіраемых гравітацыйных і магнітных анамальных палях або паводле комплексу геафізічных характарыстык для вырашэння тэктанічных задач. У 1937 рас. вучоны А.Дз.Архангельскі з групай геафізікаў устанавіў, што ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы, у т. л.тэр. Беларусі, распасціранне восей лінейных магнітных анамалій пераважна адпавядае напрамкам пашырэння метамарфічных тоўшчаў на ўзроўні дакембрыйскага эразійнага зрэзу, а буйныя блокі характарызуюцца аднароднай структурай магнітнага поля. Пазней таксама было высветлена, што разломы ў зямной кары прымеркаваны да ланцужкоў гравітацыйных і магнітных анамалій, да месцаў рэзкага зруху ізаліній геафізічных палёў, «зразання» аднаго поля другім, да градыентных палос і інш. Гэтыя заканамернасці выкарыстоўваюць пры геафізічным раянаванні і цяпер.
Геафізічнае раянаванне тэр. Беларусі паводле тыпаў зямной кары праведзена ў 1986 (удакладнена ў 2003) творчым калектывам у складзе Г.І.Каратаева (Інстытут геалагічных навук Нац.АН Беларусі), І.У.Данкевіча (Геафізічная экспедыцыя РУП «Белгеалогія») і І.К.Пашкевіч (Інстытут геафізікі Нац.АН Украіны). Напачатку на падставе аналізу комплексу геафізічных і геалагічных даных на тэр. Украінскага шчыта і суседніх абласцей была распрацавана паслядоўнасць тыпаў глыбіннай будовы зямной кары, якія адзначаліся пэўнымі прыкметамі геафізічных палёў; паводле комплексу гэтых прыкмет на тэр. Беларусі былі вылучаны геафізічныя тыпы глыбіннай будовы зямной кары, паводле якіх праведзена раянаванне. Паслядоўнасць геафізічных тыпаў будовы зямной кары ўключае 5 галоўных тыпаў A→B→C→D→E і 2 пазасістэмныя тыпы F і G.
Тып A характарызуецца параметрамі: магутнасць ніжняга слоя (b) значна большая за магутнасць сярэдняга (d) і верхняга (g) слаёў, b>>d, b>>g; магутнасць зямной кары большая за 55 км; паверхня Моха ўтварае вялікую ўпадзіну з амплітудай каля 15 км; высокая намагнічанасць рэчыва ніжняй часткі зямной кары больш за 4,5 А/м, шчыльнасць 2,95—3,05 г/см³. У магнітным полі назіраецца рэгіянальная інтэнсіўная дадатная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна дадатнае, насычана дробнымі анамаліямі рознай, зрэдку аднолькавай арыентацыі. Гравітацыйнае поле характарызуецца рэгіянальнымі інтэнсіўнымі дадатнымі або адмоўнымі анамаліямі, лакальнае — рознаарыентаванымі, радзей лінейнымі дадатнымі ці адмоўнымі анамаліямі. Аналагі — Гайсінскі і Вінніцкі блокі Украінскага шчыта.
Тып B: b>d, b>g; магутнасць зямной кары каля 55 км; паверхня Моха ўтварае ўпадзіну з амплітудай каля 10—12 км з горстападобнай лакальнай структурай у цэнтральнай частцы; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй частцы кары каля 4 А/м, шчыльнасць 3—3,15 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная дадатная анамалія ўмеранай інтэнсіўнасці, лакальнае поле рэзка дыферэнцыравана, пераважна дадатнае; гравітацыйнае рэгіянальнае поле расплывістае, лакальныя анамаліі рознай формы і арыентацыі дадатныя і адмоўныя. Аналаг — Наваград-Валынскі блок Украінскага шчыта.
Тып С: b≈d, b≈g; магутнасць зямной кары каля 50 км; паверхня Моха мае ступеньчаты характар з амплітудамі да 15 км; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй яе частцы каля 3 А/м, шчыльнасць 2,82—2,97 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная адмоўная анамалія сярэдняй інтэнсіўнасці, лакальнае поле выражана рэдкімі слабаінтэнсіўнымі дадатнымі і адмоўнымі анамаліямі; гравітацыйнае поле рэгіянальнае адмоўнае слабай інтэнсіўнасці, лакальныя анамаліі рознаарыентаваныя, рознай інтэнсіўнасці з пераменным знакам сілы цяжару. Аналаг — Прыдняпроўскі блок Украінскага шчыта.
Тып D: b<d, b<g; магутнасць зямной кары каля 45 км; паверхня Моха субгарызантальная, пакатая, магчымы ступені вышынёй да 5 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі ўмераная — каля 2 А/м, шчыльнасць 3—3,1 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная анамалія інтэнсіўна адмоўная (больш за 200 нТл), лакальнае поле выражана дадатнымі і адмоўнымі больш дробнымі анамаліямі слабай інтэнсіўнасці; гравітацыйнае поле — адмоўная рэгіянальная анамалія сілы цяжару, лакальнае поле — шмат адмоўных больш дробных анамалій. Аналаг — Кіраваградскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е: b<<d, b<<g; магутнасць зямной кары менш за 40 км; паверхня Моха ўтварае падняцце з амплітудай 8—10 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі слабая — да 0,5 А/м, шчыльнасць каля 3 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна адмоўныя і дадатныя больш дробныя анамаліі рознай формы, прымеркаваныя да перыферыі рэгіянальнай анамаліі; у гравітацыйным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — хаатычна раскіданыя адмоўныя анамаліі. Аналаг — Корасценскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е анамальнай кары са слоем «кора-мантыйнай сумесі». Характарызуецца блізкімі паводле значэння магутнасцямі верхняга, сярэдняга і ніжняга слаёў кары і дзвюма паверхнямі Моха, якія залягаюць на глыбінях 50—53 км (ранняга фарміравання) і 35—40 км (позняга фарміравання), Тып кары адпавядае палеарыфтавым структурам. Аналаг — Прыпяцкі прагін.
Тып G характарызуе зямную кару шыўных зон (напр., Заходне-Інгулецкай, Заходне-Прыазоўскай, Львоўскай). Магутнасць кары 40—55 км, магутнасці ніжняга і сярэдняга слаёў прыблізна аднолькавыя, ступені ў паверхні Моха з амплітудай 5—15 км; намагнічанасць яе ніжніх слаёў да 5 А/ м і больш; шчыльнасць 2,95—3,07 г/см³; рэчыўны састаў нізоў кары — базальтоідны.
Сейсмагеалагічнае раянаванне тэр. Прыпяцкага прагіну выконвалася калектывам геолагаў і геафізікаў пад кіраўніцтвам Р.Г.Гарэцкага з канца 1980-х г. на падставе расчлянення часавага сейсмічнага разрэзу на сейсмагеалагічныя комплексы, якія характарызуюцца літалагічнай аднароднасцю, пэўнымі значэннямі пластавых скарасцей сейсмічных хваль і спецыфічнай структурай хвалевай карціны. Беларускія сейсмаразведчыкі І.Дз.Кудравец і С.В.Клушын (РУП «Белгеалогія») вылучылі ў разрэзе платформавага чахла Прыпяцкага прагіну сейсмагеалагічныя комплексы: падсалявыя ніжні (тэрыгенны) і верхні, ніжнесалявы, міжсалявы, верхнесалявыя ніжні і верхні, надсалявы; даследавалі іх распасціранне на тэр. Прыпяцкага прагіну і звязаныя з імі карысныя выкапні.