ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ
Развіццё на Беларусі пачалося з утварэннем у 1840 Горы-Горацкага земляробчага ін-та (з 1925 Бел. сельскагаспадарчая акадэмія). У 1934—36 у заатэхн. аддзеле Ін-та біял. навук даследаваліся асобныя пытанні свінагадоўлі (М.М.Кулагін з супрацоўнікамі). У 1949 створаны Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Яго арганізатар і першы дырэктар — Х.С.Гарагляд. Ін-т каардынуе навукова-даследчую работу па заатэхніі, у ім створаны шэраг навук. школ. Заснавальнік школы селекцыянераў В.Ц.Горын, яго паслядоўнікі — І.І.Будзевіч, У.В.Горын, М.П.Грынь. Бел. навук. школа па селекцыі свіней заснавана У.В.Горыным і І.П.Шайко, малочнай жывёлы — М.П.Грынем, па кармленні свіней — В.М.Галушко, буйн. раг. жывёлы — М.А.Яцко, па прыватнай заатэхніі — А.А.Гайко. За час існавання ін-та выведзены бел. чорна-пярэстая парода свіней (З.Д.Гільман, У.Л.Дзенісевіч, Д.П.Зубкова), бел. мясная парода свіней (В.Ц.Горын, У.В.Горын, І.П.Шайко), бел. запражная парода коней (М.А.Гарбукоў, А.П.Гарбуноў, У.К.Гладзенка), бел. чорна-пярэстая парода буйн. раг. жывёлы (М.П.Грынь, Н.В.Клімец, А.М.Якусевіч). Распрацаваны тэхналогіі трансплантацыі эмбрыёнаў у малочнай і мясной жывёлагадоўлі (А.І.Будзевіч, І.І.Будзевіч, М.Ф.Жук), тэхналогія гібрыдызацыі ў свінагадоўлі (Л.А.Федарэнкава, І.П.Шайко), асновы прамысл. скрыжавання ў жывёлагадоўлі (А.А.Гайко), шэраг кармавых дабавак (В.М.Галушко, М.У.Пілюк, М.А.Яцко).
У галіне птушкагадоўлі выведзены кросы курэй з ранняй палавой спеласцю і высокай яйцаноскасцю. Атрыманы лініі качак з палепшанымі мяснымі якасцямі і здольнасцю да адкорму на тлустую печань. Вялікае пашырэнне атрымалі створаныя вучонымі Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкаводстве кросы курэй «Беларусь-9», качак «Тэмп» і інш.
У развіццё рыбаводства значны ўклад зрабілі вучоныя-іхтыёлагі і эколагі П.І.Жукаў, Л.В.Камлюк, В.У.Кончыц, У.П.Ляхновіч. У Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі выведзена лахвінская парода карпа, вядуцца працы па вывядзенні ізабелінскай пароды карпа. Створана інтэнсіўная тэхналогія вытв-сці сажалкавай рыбы, дадзена рыбагаспадарчая ацэнка вадаёмаў краіны, прапанавана схема іх рацыянальнага выкарыстання. Распрацоўваецца тэорыя мінер. ўгнаення сажалак, удасканальваюцца рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення рыб, лячэння і прафілактыкі іх хвароб. Вядуцца працы па акліматызацыі і інтрадукцыі каштоўных парод рыб у азёры Беларусі.
Літ.:
Слесарев И.К., Пилюк Н.В. Минеральные источники Беларуси для животноводства. Мн., 1995;
Федоренкова Л.А., Шейко И.П. Селекционно-генетические основы выведения белорусской мясной породы свиней Мн., 2001;
Кончиц В.В. Растительноядные рыбы как основа интенсификации рыбоводства Беларуси. Мн., 1999.
І.П.Шайко.
т. 18, кн. 2, с. 586