фізічная велічыня, роўная адносінам асветленасці відарыса прадмета, утворанага аптычнай прыладай, да яркасці прадмета; характарыстыка аптычнай прылады. Часам за С. прымаюць лікавае значэнне адноснай адтуліны — адносін дыяметра найб. дыяфрагмы аб’ектыва да яго фокуснай адлегласці. Для аб’ектыва С. прымаецца роўнай τS/f2, дзе τ < 1 — каэфіцыент прапускання аб’ектыва, залежны ад страт, звязаных з адбіццём святла і паглынаннем святла, S — плошча адтуліны апертурнай дыяфрагмы, f — фокусная адлегласць аб’ектыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛІ́ЦА,
светлы чысты пакой, прызначаны звычайна для прыёму гасцей. Здаўна вядомы ў Расіі, Польшчы і інш. краінах Еўропы. На Беларусі дакумент. звесткі пра С. вядомы з 16 ст. С. існавалі ў жылых дамах і замках, верхніх ярусах брам, лазнях, корчмах і аўстэрыях. Гэта былі вял. жылыя пакоі з кафлянымі грубкамі і камінамі, часам афармляліся шпалерамі. У сял. жыллі вядомы з 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
злучэнні серы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы сернага жыўлення раслін. Да іх належаць сульфаты амонію, калію, магнію, таксама гіпс, фосфагіпс, арган. ўгнаенні. Уносяць С.ў. ў глебы з нізкім утрыманнем серы (саланцы, саланчакі), эфектыўныя на падзолістых пясчаных глебах. Асабліва неабходныя для вырошчвання крыжакветных, бабовых культур, сланечніку, бульбы. Нейтралізуюць шчолачнасць глебы (гл.Гіпсаванне глебы), павышаюць засваяльнасць цукарастваральных фасфатаў, павялічваюць растваральнасць кальцыю, калію, жалеза, магнію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДЗЕ́ЛЬНІКАВА (Галіна Феліксаўна) (н. 25.10.1927, Мінск),
бел. дыктар радыё. Засл. арт. Беларусі (1975). Вучылася ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1948—50). Працавала ў газ. «Мінская праўда» (з 1950). У 1958—93 дыктар Бел. радыё (у 1980—83 кіраўнік дыктарскай групы). Вяла перадачы разнастайнага жанру: літ.-драм. радыёкампазіцыі, радыёпастаноўкі. Удзельнічала ў трансляцыях урачыстых маніфестацый, вечароў і інш. Вяла перадачу для дзяцей «Загадкі лясной палянкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОРАГАВО́РКА,
фальклорны твор, пабудаваны на спалучэнні гукаў, якія перашкаджаюць хутка і выразна вымаўляць словы; жанр народна-паэтычнай творчасці. Пашырана ў дзіцячым фальклоры і выкарыстоўваецца для трэніроўкі дыкцыі. Напр.; «Лавіў рыбак судака, судзіў судак рыбака: лоўка, рыбак, ловіш, судаку сорам робіш», «Рапартаваў ды не дарапартаваў, стаў дарапартоўваць ды зарапартаваўся», «Пекар Пётр пёк пірог» і інш.Зб.бел.нар. С. «Мама Мышка сушыла шышкі» (1983) склаў І.У.Саламевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПЛІ́ЦА вадасховішча ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Скрыпліца. Створана ў 1981. Пл. 0,73 км², даўж. 1 км, найб.шыр. 1 км, найб.глыб. 5 м, аб’ём вады 1,4 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 1,1 км. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Добасна па водападвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, воднага добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́ТЭР (англ. scooter ад scoot імчацца),
аднамеснае гоначнае судна з падвесным маторам адвольнай канструкцыі, але з поршневым рухавіком і без наддуву. Мае ў плане форму трох- ці чатырохвугольніка, днішча плоскае з рэданам (уступ для стварэння пад’ёмнай сілы, пад уздзеяннем якой судна пачынае слізгацець па паверхні вады — глісіраваць). Тэрмін «С.» быў прыняты толькі ў СССР; з’явіўся ў 1928 пасля пабудовы моталодкі па замежным праекце, што меў назву «Scooter».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл.Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб.стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.
Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).
На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.
Літ.:
Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ.Л., 1978;
Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ГА,
спецыяльна падрыхтаваная паласа на зямной паверхні, надземнае або падземнае збудаванне для перамяшчэння трансп. і інш.тэхн. сродкаў, людзей, грузаў. Адрозніваюць Д.: бязрэйкавыя (аўтамабільныя дарогі, трактарныя, веласіпедныя, длягужавога транспарту, прагону жывёлы, падвесныя канатныя дарогі і інш.); рэйкавыя наземныя (чыгунка), падземныя (метрапалітэн), навясныя або падвесныя манарэйкавыя дарогі, наземныя канатныя (для перамяшчэння ваганетак з грузам па вузкакалейных пуцях з дапамогай канатнай цягі). На Д. будуюць масты, тунэлі, пуцеправоды, ставяць агароджы, знакі дарожныя і інш. сродкі тэлекамунікацый.
Сетка Д. (звычайна без пакрыццяў) пачала складвацца ў Еўразіі ў 5-м тыс. да н.э. Хеты і асірыйцы будавалі Д. значнай працягласці, часта з каменнымі пакрыццямі. У Стараж. Рыме ў канцы 4 ст. да н.э. пабудавана першая брукаваная Апіева дарога. З 2 ст. да н.э. наладжаны караванны Вялікі шаўковы шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. На тэр. Беларусі сетка грунтавых Д. пачала складвацца ў 7—9 ст. З 9 ст. наладжаны водны шлях з «варагаў у грэкі» з выкарыстаннем паміж рэкамі прасцейшых сухапутных Д. З 11—12 ст. паступова будуецца і набывае значэнне Д. Масква—Смаленск—Мінск—Брэст (наз. «Вялікая Смаленская», або «Пасольская»). Пашырыліся паштовыя дарогі са станцыямі, корчмамі. мытнямі, ямской службай. У 19 ст. праз Беларусь пракладзены 2 важнейшыя шашэйныя Д. Расійскай імперыі — Масква—Варшава і Санкт-Пецярбург—Кіеў. У пач. 19 ст. вынайдзена дарожнае адзенне з суцэльнага слоя ўтрамбаванага друзу, што выклікала інтэнсіўнае буд-ва ва ўсіх краінах Д. з цвёрдым (пераважна друзавым) пакрыццём. Са з’яўленнем аўтамабіляў пачалося буд-ва Д. з асфальтавым пакрыццём. Развіццё дарожнага буд-ва стымулявала стварэнне спец.дарожных машын, вытв-сцьдарожна-будаўнічых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій дарожна-будаўнічых работ.
І.І.Леановіч.
Да арт.Дарога. Дарожны вузел (развязка) э мостам цераз раку.