МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ПАХО́Д УПІАКО́ВА 1798—1800 Адбыўся ў час вайны Расіі ў складзе 2-й кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і Каралеўствы абедзвюх Сіцылій) супраць Францыі. 26.7.1798, пасля пачатку Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801ген. Н.Банапарта, тур. ўрад звярнуўся да Вялікабрытаніі і Расіі з просьбай аб дапамозе. 24.8.1798 рас. эскадра Чарнаморскага флоту на чале з віцэ-адм. Ф.Ф.Ушаковым выйшла з Севастопаля; 20 вер. да яе далучылася тур. эскадра віцэ-адм. Кадыр-бея. Аб’яднаныя сілы (10 лінейных караблёў, 13 фрэгатаў, 21 інш. судна) пад агульным кіраўніцтвам Ушакова (ён прапанаваў план баявых дзеянняў па вызваленні Іанічных а-воў) рушылі ў Міжземнае м. У ходзе баявых дзеянняў дэсанты аб’яднанай эскадры авалодалі шэрагам Іанічных а-воў, у т. л. Корфу (Керкіра). Пасля пачатку Італьянскага паходу Суворава 1799 эскадра Ушакова нанесла ўдары па франц. камунікацыях і базах у Паўд.Італіі, маракі і дэсантнікі сумесна з італьян. апалчэнцамі садзейнічалі поспеху сухапутных войск. Караблі эскадры ўдзельнічалі ў сумесных баях з англ. эскадрай Г.Нельсана. У кастр. 1800 рас. эскадра вярнулася ў Севастопаль.
Літ.:
Тарле Е.В. Адмирал Ушаков на Средиземном море (1798—1800 гт.). М., 1948;
История военно-морского искусства. Т. 3. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ (Milloss; сапр.Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл
(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т. л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.Влада, «Народныя забавы» на муз. А.Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд.Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Матчын дар» А.Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́І (Pompei),
горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс.ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.
У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр. Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана 3/5тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.
літоўскі спявак (лірыка-драм. тэнар), муз. дзеяч. Брат М.Пятраўскаса. Нар.арт.СССР (1950). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911). У 1898—1901 разам з братам працаваў арганістам у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Як саліст дэбютаваў у 1906 у оперы «Бірутэ» М.Пятраўскаса ў Вільні. З 1911 саліст Марыінскага т-ра. З 1920 адзін з арганізатараў і саліст першага літ. опернага т-ра (г. Каўнас). У 1925—28 з Ф.Шаляпіным гастраліраваў у Германіі, Іспаніі, Францыі, Італіі. У 1944—58 саліст Літ.т-ра оперы і балета, з 1949 адначасова выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1951 праф.). Выканаў каля 80 партый, сярод іх: Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Грышка («Паданне пра нябачны горад Кіцеж» М.Рымскага-Корсакава), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Тангейзер («Тангейзер» Р.Вагнера), Іонтак («Галька» С.Манюшкі), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Дзмітрый («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Лютаўрас, Іонушас («Гражына», «Радвіла Пяркунас» Ю.Карнавічуса), Жыльвінас («Эгле — каралева вужоў» Пятраўскаса і І.Дамбраўскаса). Сярод вучняў В.Нарэйка, В.Адамкявічус, Э.Саўлявічутэ. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НУЯ (Genova),
горад у Паўн.Італіі. Адм. ц. вобласці Лігурыя і прав. Генуя. 659,8 тыс.ж., разам з прыгарадамі (Вял.Г.) больш за 1 млн.ж. (1993). Порт на беразе Лігурыйскага м. (грузаабарот каля 50 млн.т штогод). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл., прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйнейшыя ў Італіі суднаверфі, вытв-сць самалётаў, авіяц. і суднавых рухавікоў, турбін, катлоў, лакаматываў, трактароў, электраабсталявання; ваен.прам-сць, дакладная механіка, металургія, нафтаперапрацоўка. Развіты таксама хім., лёгкая, харч. (пераважна мукамольная, вытв-сць аліўкавага алею) прам-сць. Ун-т (з 15 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў. Т-ры. Бат. сад. Штогадовая міжнар. Марская выстаўка. Турызм. Радзіма Х.Калумба. Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя Паганіні. У наваколлі Генуі па ўзбярэжжы Лігурыйскага м. — курорты Італьянскай Рыўеры (Рыўера-Лігурэ).
У старажытнасці Генуя — пасяленне лігураў. У 3 ст. да н.э заваявана рымлянамі, важны гандл. порт Рымскай рэспублікі. У раннім сярэдневякоўі прыйшла ў заняпад. З 641 цэнтр герцагства, з 9 ст. — маркграфства. У 10—11 ст. магутная марская дзяржава. У 12 ст. Генуя — камуна на чале з калегіяй консулаў, з 1211 яе ўзначальваў падэста, з 1257 — капітан народа, з 1339 — дож. У 13—14 ст. атрымала выхад у Эгейскае і Чорнае моры і засн. свае калоніі ў Сірыі, Палесціне, Крыме, на Каўказе. З 1396 неаднаразова трапляла пад уладу Францыі і Мілана. У 1528 адноўлена рэспубліка Генуя, якая залежала ад Іспаніі. У 15—16 ст. Генуя — цэнтр банкаўскай справы. У 1797—1805 у складзе Лігурыйскай рэспублікі, з 1815 — Сардзінскага каралеўства. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў рабочага руху, у 2-ю сусв. вайну — Руху Супраціўлення.
Горад маляўніча размешчаны ў выглядзе амфітэатра на схілах вакол бухты. Найб.стараж. помнікі архітэктуры — цэрквы Санта-Марыя ды Кастэла (11 ст.), Сан-Матэа (1125—1278) і сабор Сан-Ларэнца (11—16 ст.). Найб. цікавыя збудаванні — палацы і вілы 16—17 ст. (Палацца Пародзі, 1567, вілы Камб’яза, 1548, і Палавічына дэле Песк’ерэ, 1560—72, арх. Г.Алесі; Палацца Мунічыпале, або Дорыя-Турсі, 1564, арх. Р.Лурага; Палацца Дурацца-Палавічыні, 1618, і Палацца дэль Універсіта, 1634—36, арх. Б.Б’янка) з фантанамі, арачнымі галерэямі двароў, сходамі і тэраснымі паркамі, у кампазіцыі якіх эфектна выкарыстаны рэльеф мясцовасці. У цеснату старых кварталаў упісваюцца новыя будынкі і комплексы (тэр.Міжнар. выстаўкі, вышынны будынак Італьян.тэлеф. кампаніі). Раёны масавага жылога буд-ва пераважна па-за межамі горада. Музеі: Гар. музей лігурыйскай археалогіі (засн. ў 1892), Музей Лігурыйскай акадэміі прыгожых мастацтваў, падземны музей-скарбніца сабора Сан-Ларэнца (1956, арх. Ф.Альбіні), музей Н.Паганіні, галерэі Палацца Роса, Палацца Б’янка, Палацца Рэале, Нац. галерэя, Палацца Спінола.
Да арт.Генуя. Фасад царквы Сан-Матэа.Панарама Генуі. Гравюра 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),
трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст.царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл.Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал.ісп. інквізітар Т.Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл.Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.Бруна, Дж.Ваніні, Г.Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.
У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).
Літ.:
Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1911—12;
Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1936;
Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;
Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;
Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;
Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфахстараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц.нар. мастацтвам.
Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн.рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.Батычэлі, Дж.Беліні, П.Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.Чэліні ў Італіі, Х.Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.Кампена ў Нідэрландах, Л.Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр, Н.Пусэн у Францыі, В.Сяроў, Д.Веласкес у Іспаніі, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.Канова ў Італіі, І.Мартас, А.Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.Дэні ў Францыі, В.Сяроў, М.Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.Бурдэля, А.Маёля, П.Пікасо (Францыя), Д.Рыверы, Д.Сікейраса (Мексіка), Дж.Дэ Кірыка (Італія), С.Далі (Іспанія), Г.Каспара, Р.Кляйна (Германія), С.Канёнкава, А.Краўчанкі, М.Ульянава, С.Рамановіча (Расія) і інш.
На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц.нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.Ваньковіч, Я.Дамель, К.Ельскі, К.Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гараўскі, Г.Дмахоўскі, Б.Русецкі, Н.Сілівановіч, І.Трутнеў, І.Лавярэцкі, К.Каганец, Я.Драздовіч, Ю.Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.Вашчанка, Г.Гаравая, А.Зіменка, У.Кожух, А.Ксяндзоў, А.В.Кузняцоў, А.Марачкін і інш.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Міфалагічны жанр. Г.Вашчанка. Жыцень. 1990.Да арт.Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.