1) частка ручной кідальнай зброі, якая мацавалася на канцы дрэўка дзіды, кап’я, стралы, суліцы і інш.Найб.стараж. вядомы з эпохі палеаліту, часцей трапляюцца на помніках эпох мезаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў і ў часы сярэднявечча. Рабілі з каменю, косці, дрэва, металу; мацавалі да зброі смалой, бярозавым варам і інш.Формы і памеры Н. залежалі ад таго, у які час іх выраблялі і да якой культуры яны належалі.
2) Элемент канструкцыі гал. часткі артыл. снарада, што павышае яго баявыя ўласцівасці. Адрозніваюць Н. балістычны і бранябойны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),
сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял. пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.
Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІК (Ірына Аляксандраўна) (н. 17.5.1937, Мінск),
бел. матэматык і педагог. Д-рпед.н. (1991), праф. (1993). Скончыла БДУ (1959). З 1974 у Бел.пед. ун-це (у 1978—89 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах выкладання матэматыкі ў навуч. установах. Распрацавала перспектыўныя кірункі ў галіне тэорыі і методыкі выкладання матэматыкі; змест, метады, формы і сродкі фарміравання метадычнай культуры выкладчыка матэматыкі ў пед.ВНУ. Аўтар навуч. дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.
Тв.:
Алгебра и начала анализа. Мн., 1980 (разам з А.А.Дадаянам);
Практыкум па методыцы выкладання матэматыкі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, існаваў да канца 1930-х г.Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19 — пач. 20 ст. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння: глякі (бунькі), збанкі, міскі, гладышы, макатры, гаршкі з вушкамі, формы, кубкі, фігурныя кветнікі. Вырабы вызначаюцца буйнымі лаканічнымі формамі, суцэльна глянцаванай паверхняй, коса зрэзанымі венчыкамі місак і макатроў.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Чорнаглянцаваная пагост-загародская кераміка. Брэсцкая вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́Н,
1) слабаразвітыя парасткі збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю і інш.), якія ўтвараюцца з вузла кушчэння пазней за асн. парасткі. Адстае ў развіцці, выспявае пазней, дае дробнае зерне або зусім не ўтварае суквеццяў (недагон або падсед); узнікае двух’яруснасць пасеваў. Гэта абцяжарвае збор ураджаю, зніжае яго якасць.
2) Ніжні ярус травастою на лугах і пашах, пустазелля збожжавых культур.
3) Сукупнасць дрэвавых і кустовых раслін, якія ўводзяць у дрэвастой лесу для паскарэння росту ў вышыню і паляпшэння формы ствалоў асн. пароды. На П. выкарыстоўваюць хуткарослыя расліны (бярозу, ляшчыну і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯ́ЦЦЕ ТЭКТАНІ́ЧНАЕ,
змена становішча асобных участкаў зямной паверхні або кары ў выніку дадатных тэктанічных рухаў, дадатныя тэктанічныя структуры розных памераў і форм да высвятлення іх морфагенетычнага тыпу. Найб. шырока назва ўжываецца ў дачыненні да лакальных падняццяў, якія сфарміраваліся на платформавым этапе развіцця зямной кары ў рэльефе фундамента і платформавым чахле. Маюць пераважна купалападобную акруглую або авальную формы, з пакатымі схіламі (1—2°), пл. 20—200 км², даўж. 3—20 км, амплітуду да соцень метраў. Вылучаюць П.т. ўнаследаваныя, новаўтвораныя, інверсійныя, скразныя, пахаваныя, навешаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАСА́ ПРАПУСКА́ННЯ,
дыяпазон частот для забеспячэння перадачы сігналу з дапушчальнымі скажэннямі яго формы. У межах П.п. амплітудна-частотная характарыстыка (АЧХ) акустычнай, радыётэхн. ці аптычнай прылады дастаткова раўнамерная, а яе фазава-частотная характарыстыка (ФЧХ) лінейная. Асн. параметры: шырыня П.п., нераўнамернасць АЧХ і нелінейнасць ФЧХ. Патрабаванні да П.п. пэўнага апарата (канала сувязі) вызначаюцца яго прызначэннем. Напр., для тэлеф. сувязі дастаткова П.п. (па нізкай частаце) 300—3400 Гц, для высакаякаснага ўзнаўлення муз. твораў 30—15 000 Гц, для радыёканалаў наземнага тэлевізійнага вяшчання — шырыня П.п. 6,7 ці 8 МГц у залежнасці ад стандарта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́Р ВЕРШАВА́НЫ,
спосаб арганізацыі гукавога складу асобнага вершаванага твора ці яго ўрыўка (у выпадку паліметрыі). У метрычным вершаскладанні вызначаецца раўнамерным чаргаваннем доўгіх і кароткіх складоў, у сілабічным вершаскладанні — колькасцю складоў (8-складовік, 10-складовік), у танічным вершаскладанні — колькасцю націскаў (верш 3-націскны, 4-націскны), у сілаба-танічным вершаскладанні — колькасцю і якасцю асобных складоў у стапе (2-складовыя — харэй і ямб, 3-складовыя — дактыль, амфібрахій, анапест). Функцыянальна П.в. непасрэдна звязаны з агульным выяўл. патэнцыялам верша, арыгінальнасцю і навізной яго паэт.формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦЕРКІ,
дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛЯДЗЬ, сырок (Coregonus peled),
рыба роду сігаў сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў вадаёмах паўн. Еўразіі. Мае 3 экалагічныя формы: рачная хуткарослая, азёрная звычайная і азёрная карлікавая (з прыгнечаным ростам). Чародная рыба. Акліматызавана ў некат. краінах Еўропы. У азёрах Беларусі (Віцебская вобл.) з 1957.
Даўж. да 55 см, маса да 3 (зрэдку да 5) кг. Цела падоўжанае, высокае, цёмна-серабрыстае. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. На галаве і спінным плаўніку невял. чорныя плямы. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі ёсць тлушчавы плаўнічок. Корміцца зоапланктонам (пераважна ракападобнымі). Аб’ект промыслу і гадоўлі.