МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

тэорыя матэм. мадэлей фіз. з’яў. Займае асаблівае становішча ў матэматыцы і фізіцы і знаходзіцца на іх стыку. Уключае матэм. метады, якія выкарыстоўваюцца для пабудовы матэм. мадэлей, што апісваюць вял. класы фіз. з’яў.

Метады М.ф. распрацоўваў І.Ньютан пры стварэнні асноў класічнай механікі, тэорыі прыцягнення, тэорыі святла. Далейшае іх развіццё звязана з працамі Ж.Л.Лагранжа, Л.Эйлера, П.С.Лапласа, Ж.Б.Ж.Фур’е, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. Асн. задача М.ф. — вызначэнне пэўнай фіз. велічыні (ці сукупнасці велічынь) па вядомых умовах, у якіх знаходзіцца дадзены фіз. аб’ект. Для гэтага на падставе заканамернасцей, якім падпарадкоўваецца аб’ект, складаецца, напр., дыферэнцыяльнае ўраўненне (гл. Ураўненні матэматычнай фізікі), у якім шуканая велічыня залежыць ад часу і прасторавых каардынат. Ураўненне і зададзеныя дадатковыя ўмовы, якія вызначаюць карціну фіз. працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы) і рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы), ствараюць матэм. мадэль фіз. з’явы. Задачы М.ф. рашаюцца на аснове метадаў матэм. аналізу, тэорыі функцый камплекснага пераменнага, спец. функцый, інтэгральных пераўтварэнняў, лікавых метадаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах М.ф. пачаты ў канцы 1950-х г. у АН Беларусі і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі, Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН, БДУ і інш. Распрацаваны метады рашэння задач цеплаправоднасці ў слаістых асяроддзях, матэм. тэорыя дыфракцыі эл.-магн. хваль на складаных перашкодах, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі, газа- і гідрадынамікі, даследавана вырашальнасць задач хвалевай тэорыі мех. ўдару.

Літ.:

Тихонов А.Н., Самарский А.А. Уравнения математической физики. 4 изд М., 1972;

Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;

Гайдук С.И. Математическое рассмотрение некоторых задач, связанных с теорией продольного удара по конечным стержням // Дифференц. уравнения. 1977. Т. 13, № 11.

С.​І.​Гайдук.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),

левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.​Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.​Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.—кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.​Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМ Ігар Яўгенавіч (8.7.1895, г. Уладзівасток, Расія — 12.4.1971),

расійскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1961) і АН інш. краін. Герой Сац. Працы (1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Выкладаў у ВНУ Сімферопаля і Адэсы. У 1924—41 і 1954—57 у Маскоўскім ун-це (з 1930 праф., заг. кафедры). З 1934 у Фіз. ін-це АН СССР (заг. аддзела). У 1948—53 удзельнічаў у стварэнні першай вадароднай бомбы ў СССР. Навук. працы па квантавай механіцы, тэорыі цвёрдага цела, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў і інш. Стварыў квантавую тэорыю рассеяння святла ў крышталях (1930). Заклаў асновы квантава-мех. тэорыі фотаэфекту ў металах (1931; з С.​П.​Шубіным). Прадказаў існаванне звязаных энергет. станаў электрона на паверхні крышталя (узроўні Т.; 1932). Заклаў асновы палявой тэорыі парных ядз. сіл (1934; адначасова з Дз.​Дз.Іваненкам). Прадказаў наяўнасць у нейтрона магн. моманту (1934; з С.А.Альтшулерам). Стварыў тэорыю Чаранкова—Вавілава выпрамянення (1937; з І.М.Франкам). Даказаў суадносіны невызначальнасці «энергія—часу» нерэлятывісцкай квантавай механіка (1945; з Л.Л.Мандэльштамам). Распрацаваў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара (1950; з А.​Дз.Сахаравым). Нобелеўская прэмія 1958 (з Франкам, П.А.Чаранковым). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1953. Вялікі залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР 1967.

Тв.:

Нобелевские лекции. М., 1960 (разам з П.​А.​Чаранковым, І.​М.​Франкам);

Собр. научных трудов. Т. 1—2. М., 1975;

Основы теории электричества. 10 изд. М., 1989.

Літ.:

Воспоминания о И.​Е.​Тамме. 2 изд М., 1986;

Фейнберг Е.Л. И.​Е.​Тамм // Успехи физ. наук. 1995. Т. 165, вып. 7;

Капица. Тамм. Семенов: В очерках и письмах. М., 1998.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Я.Там.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСПРЫМА́ННЕ,

працэс адлюстравання прадметаў і з’яў рэчаіснасці пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў; наглядны пачуццёвы вобраз, які ўзнікае ў выніку гэтага працэсу. Ажыццяўляецца ў выніку дзейнасці сістэмы аналізатараў, якая ўключае ўвесь адчувальны нервовы апарат ад перыферычных утварэнняў (рэцэптараў) да адпаведных аддзелаў галаўнога мозга. Адну і тую ж інфармацыю людзі ўспрымаюць па-рознаму, суб’ектыўна, у залежнасці ад вопыту, патрэбнасцей, схільнасцей і інтарэсаў чалавека (гл. Аперцэпцыя). Асн. ўласцівасці У.: цэласнасць (стварае цэласны вобраз прадмета ў адрозненне ад адчуванняў, якія адлюстроўваюць яго асобныя ўласцівасці); канстантнасць (навакольныя прадметы ўспрымаюцца як адносна пастаянныя па форме, колеры, велічыні і інш.); структурнасць (дазваляе ўспрымаць абагульненую структуру з розных адчуванняў); асэнсаванасць (звязана са складанай аналітыка-сінт. дзейнасцю мозга, разуменнем сутнасці назіральных прадметаў і з’яў); выбіральнасць (пераважнае вылучэнне адных аб’ектаў у параўнанні з інш.). У залежнасці ад таго, які з аналізатараў з’яўляецца вядучым у дадзеным акце, адрозніваюць У. зрокавыя, слыхавыя, рухальныя, смакавыя, нюхальныя і іншыя. Важнае значэнне маюць У. прасторы (велічыні, формы, аддаленасці, узаемнага размяшчэння і руху прадметаў), часу (працягласці, хуткасці і паслядоўнасці з’яў), складаных гукаў (прыродных, тэхн. аб’ектаў, муз., маўленчых і інш.), чалавека чалавекам (знешні выгляд, здольнасці, рысы характару, узаемаадносіны з інш. людзьмі, сац. групамі і супольнасцямі). Як неабходны этап пазнання У. апасродкавана мысленнем і звязана з памяццю, увагай, накіроўваецца матывацыяй і мае пэўную афектыўна-эмацыянальную афарбоўку (гл. Эмоцыі). Навук. даследаванні сутнасці, структуры і ўласцівасцей У. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сістэм адлюстравання інфармацыі, у тэхн. эстэтыцы і маст. канструяванні, у педагогіцы, спорце і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Принципы порождающего процесса восприятия. М., 1992;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. М., 1982;

Скотт Д. Сила ума: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 16, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛЬСКІ Усевалад Сцяпанавіч (7.3.1886 ці 8.3.1887, в. Лошыца, цяпер у межах Мінска — ?),

бел. грамадска-паліт., дзярж. і культ. дзеяч, акцёр; адзін са стваральнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў 3 курсы Ляснога ін-та ў Пецярбургу. У 1906 далучыўся да бел. руху. На працягу 1915—18 удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Мінскага т-ва працаўнікоў мастацтва. Выканаўца вядучых роляў у спектаклях «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Бязвінная кроў» У.​Галубка і інш. Быў членам Мінскага аддзела Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, нам. старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, прадстаўніком Бел. рады на Дэмакр. нарадзе 1917. На Усебеларускім з’ездзе 1917 адзін з лідэраў фракцыі левай плыні. Са жн. 1918 у Маскве, удзельнічаў у стварэнні маск. бел. секцыі РКП(б). Узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (студз. 1919). У 1919 двойчы арыштаваны сав. ўладамі. У час польскай акупацыі Беларусі (1919—20) нам. нач. раёна эксплуатацыі лясоў. Ў 1921 нам. заг. аддзела мастацтваў, вучоны сакратар Акад. цэнтра Наркамата асветы БССР. 3.9.1921 арыштаваны і прыгавораны ЧК Беларусі да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зняволення ў смаленскай катаржнай турме. З 1923 справавод рабфака пры Смаленскім ун-це. З 1925 жыў у Кіеве, працаваў дырэктарам драм. т-ра імя М.​Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Ваен. пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6.8.1996.

Літ.:

Селяменеў В., Скалабан В. Тры лісты Усевалада Фальскага // Тэатр. творчасць. 1996. №6;

Гесь А. «Выслаць за межы Беларусі...» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст. Мн., 1998;

Скалабан В. Беларусь і Украіна: разам да незалежнасці // Спадчына. 1998, №1.

В.​Дз.​Селяменеў, В.​У.​Скалабан.

т. 16, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

З 1991 пачаўся пошук новых шляхоў і форм кіравання фіз. культурай і спортам. Створаны і дзейнічаюць Нац. алімпійскі камітэт, Саюз спартсменаў, Алімпійская акадэмія, асацыяцыі спарт. прэсы і студэнцкага спорту, Федэрацыя фіз. культуры і спорту інвалідаў, больш за 70 федэрацый па асобных відах спорту. Фіз. культура, спорт і турызм з’яўляюцца самаст. галіной нар.-гасп. комплексу краіны са сфарміраванай сістэмай кіравання, матэрыяльна-тэхн. і кадравым патэнцыялам, сістэмай спецыялізаваных фізкультурна-аздараўленчых, спарт., навуч. устаноў і арганізацый. Завершана распрацоўка асн. нарматыўных прававых актаў для паспяховага функцыянавання галіны. Прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце» (1993), «Аб турызме» (1999), «Дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму на перыяд 1997—2002 гг.» і інш. Павышэнне ролі і адказнасці дзяржавы за стан і развіццё фізкультуры і спорту ў краіне пацвярджаюць указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі фізічнай культуры і спорту», пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах павышэння эфектыўнасці фізічнага выхавання дашкольнікаў, навучэнцаў і студэнтаў», «Аб удасканаленні фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства ў гарадах і гарадскіх пасёлках рэспублікі», «Аб першачарговых мерах па будаўніцтве і рэканструкцыі спартыўных збудаванняў» і інш. Для іх рэалізацыі прынята канцэпцыя фіз. выхавання дашкольнікаў, вучняў і студэнтаў, распрацаваны і ўкараняюцца Дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Праграма маладзёжнага фізкультурна-спарт. руху «Алімпійскія надзеі Беларусі», прыкладны фізкультурна-спарт. комплекс «Абаронца Айчыны»; у гарадах і раёнах вядзецца работа па стварэнні клубаў і цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы. Мін-ва спорту і турызму распрацавала Дзярж. праграму па фарміраванні здаровага ладу жыцця на 2002—06, ухваленую Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Каб заняткі фіз. культурай, масавым спортам і турызмам сталі даступнымі для ўсіх катэгорый насельніцтва, функцыянуюць 226 стадыёнаў, 26 спарт. манежаў, 231 плавальны басейн, 4778 спарт. залаў, 715 міні-басейнаў у дзіцячых дашкольных установах, базы алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», «Раўбічы», «Ратамка», палацы спорту, тэніса, лядовыя палацы шматфункцыянальнага прызначэння, больш за 9,6 тыс. адкрытых спарт. пляцовак. У краіне працуюць больш за 23 тыс. спецыялістаў фіз. культуры і спорту, у іх ліку каля 7,5 тыс. настаўнікаў фіз. культуры, больш за 5,5 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, 1,4 тыс. выкладчыкаў вышэйшых і 500 — сярэдніх спец. навуч. устаноў, каля 2,3 тыс. інструктараў-метадыстаў на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах; больш за 1,4 тыс. спецыялістаў працуюць у пазашкольных установах.

На 1.1.2004 па-за дзярж. праграмамі займаюцца фіз. культурай па месцы вучобы, працы і жыхарства ў спарт. секцыях, аздараўленчых групах, клубах, фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах каля 1 млн. чалавек (амаль 10% насельніцтва краіны). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана праграма «Дзеці Беларусі». У адпаведнасці з ёй праводзяцца рэсп. фестывалі «Спорт і мастацтва», «Алімпійцы сярод нас», злёты «Калядныя старты» дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзяцей-сірот і дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў набылі спаборніцтвы па футболе «Скураны мяч», па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэсп. зімовая і летняя спартакіяды па месцы жыхарства. У зімовай і летняй спартакіядах дапрызыўнай моладзі па мнагаборствах комплексу «Абаронца Айчыны» штогод удзельнічаюць каля 10 тыс. чалавек. На прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у арганізацыях створана каля 3,5 тыс. калектываў і клубаў фіз. культуры, дзе займаецца 237 тыс. чалавек. Сумеснай пастановай Мін-ва спорту і турызму і Федэрацыі прафсаюзаў распрацаваны і зацверджаны Дзярж. фізкультурна-аздараўленчы комплекс для дарослага насельніцтва. Вядзецца работа па стварэнні галіновых і рэгіянальных фізкультурна-спарт. клубаў; працуюць 11 рэспубліканскіх, 31 абласны і 38 раённых клубаў. Распрацавана Палажэнне па фіз. падрыхтоўцы і спорце ваеннаслужачых Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь, якое вызначае змест, формы і метады арганізацыі фіз. падрыхтоўкі ў вайск. часцях.

Набылі пашырэнне рэсп. мерапрыемствы для пажылых людзей: фізкультурна-аздараўленчыя злёты «Здароўе — чалавеку», святы «Здароўю ўзрост не перашкода», «Захаваем здароўе». Права грамадзян на заняткі фіз. культурай і спортам рэалізуецца шляхам пашырэння спарт. баз, павелічэння колькасці спецыялістаў, практычнай работай Мін-ва спорту і турызму.

І.​К.​Анісава.

т. 18, кн. 2, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НО́ВЫ ЗА́МАК, Гродзенскі каралеўскі палац,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.​Д.​Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.​Х.​Яўх і І.​Ф.​Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.​Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г. інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц. арх. Ф.​Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.​Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл. навук. б-ка імя Я.​Ф.​Карскага.

У.​А.​Чантурыя, А.​М.​Кулагін.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),

мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.​Тцара, Г.​Баля, Р.​Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.​Брэтона і Ф.​Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.​Элюара, «Феерверк» Л.​Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.​Дзюшан, М.​Эрнст, Ф.​Пікабія, швейцарац Г.​Арп, немец К.​Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.​Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.​Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.

Літ.:

Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.

К.​М.​Міхееў (дадаізм у літаратуры).

Да арт. Дадаізм. Г.​Арп. Дошка з яйкамі 1922.
Да арт. Дадаізм. М.​Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,

комплекс машын і агрэгатаў для выканання дарожна-будаўнічых работ, рамонту і ўтрымання аўтамаб. дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Шырока выкарыстоўваюцца таксама ў гідратэхн., прамысл., с.-г., гар., аэрадромным буд-ве і на інш. інж.-буд. работах. Бываюць самаходныя, навясныя і прычапныя (да трактароў, цягачоў, аўтамабіляў).

Д.м. для падрыхтоўчых работ — карчавальнікі, кустарэзы, каменеўборачныя машыны, рыхліцелі, дрэвавалы, дзернарэзы; імі ачышчаюць дарожныя палосы ад хмызняку, валуноў, расліннага слоя, рыхляць грунт. Д.м. для земляных работ — бульдозеры, грэйдэры, грэйдэры-элеватары, канвееры, каналакапальнікі, скрэперы, экскаватары, самазвалы, грунтакідальнікі і інш. (гл. таксама Землярыйныя машыны). Выконваюць работы па адсыпцы насыпаў, распрацоўцы выемак, пракладцы водаадводных ханаў, узвядзенні штучных збудаванняў, транспартаванні грунту. Д.м. для ўшчыльнення грунту і пакрыццяў — каткі дарожныя, трамбавальныя машыны, вібрапліты і інш. (гл. ў арт. Вібрацыйная тэхніка. Д.м. для ўкладкі дарожнага адзення і пакрыцця — бетанавозы, бітумавозы, гудранатары, асфальтабетонаўкладчыкі, бетонаўкладчыкі, фрэзы дарожныя, планіроўшчыкі, грунтазмяшальныя машыны і ўстаноўкі і інш. Д.м. для дарожна-эксплуатацыйных работ — снегаўборачныя машыны, палівальна-мыечныя, аўтараманцёры, разметачныя, песка- і солераскідвальнікі, падмятальна-ўборачныя і інш. (гл. ў арт. Камунальныя машыны). Ёсць машыны для падрыхтоўкі, вырабу, транспартавання дарожна-буд. матэрыялаў (драбілкі, дазатары, грохаты, каменярэзныя машыны, бетоназмяшальнікі, пагрузчыкі, пад’ёмныя краны і інш.).

У Беларусі работы па стварэнні Д.м. вядуць: НВА «Белдарбудтэхніка», канцэрн «Амкадор», Магілёўскі аўтамаб. з-д, Мазырскі з-д меліярац. машын, БПА, Магілёўскі машынабуд. ін-т і інш.

Літ.:

Машины для строительства дорог. 2 изд. М., 1971;

Дорожные машины. 2 изд. Л., 1976.

І.​Л.​Леановіч.

Дарожныя машыны: 1 — аўтабетоназмяшальнік для прыгатавання і дастаўкі бетоннай сумесі; 2 — гусенічны прафілёўшчык для будаўніцтва дарог мясцовага значэння; 3 — гусенічны асфальтаўкладчык; 4 — гусенічная аўтаматызаваная грунтазмяшальная машына; 5 — машына для стварэння ўмацавальных палос; 6 — самаходны нарэзчык швоў; 7 — заліўшчык швоў пры будаўніцтве цэментабетонных пакрыццяў; 8 — маркіровачная машына для нанясення раздзяляльных ліній.

т. 6, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)