КО́РСАК (Тадэвуш) (1741?, в. Заскаркі або Данева Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.11.1794),
дзяржаўны і вайск. дзеяч ВКЛ. З роду Корсакаў. Па пратэкцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1787 стаў віленскім земскім суддзёй. Быў адным з самых актыўных паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сейме 1788—92, дамагаўся стварэння асобнай для ВКЛ скарбовай і паліцэйскай адміністрацыі. У пач.паўстання 1794 у ВКЛ прыбыў у Вільню на чале некалькіх дзесяткаў узбр. сялян. У маі 1794 увайшоў у склад паўстанцкай парадкавай камісіі Віленскага ваяв. 19—20.7.1794 удзельнічаў у абароне Вільні разам з атрадам ген. Меена. 31.8.1794 атрымаў ад Т.Касцюшкі званне ген.-маёра. Загінуў пры абароне Прагі — прадмесця Варшавы. Пахаваны разам з Я.Ясінскім пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАД»,
самаходная рэактыўная сістэма залпавага агню. У склад «Град» ўваходзяць; баявая машына БМ-21, трансп. машына, асколачна-фугасныя рэактыўныя снарады М-210ф.
Прызначаны для знішчэння і падаўлення жывой сілы і баявой тэхнікі праціўніка ў месцах іх канцэнтравання, артыл. і мінамётных батарэй, разбурэння ўмацаванняў, апорных пунктаў і інш. на адлегласці да 20,4 км. Баявая БМ-21 зроблена на базе аўтамабіля «Урал»; мае абсталяванне для забеспячэння адзіночнага і залпавага агню, бяспечнай работы разліку пры яго знаходжанні ў кабіне баявой машыны ці ў сховішчы на аддаленні да 60 м ад яе. Снарады перавозяцца і захоўваюцца на трансп. машыне на спец. стэлажах. У Беларусі «Град» прыняты на ўзбраенне рэактыўных артыл. дывізіёнаў сухап.Узбр. Сіл. Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,
пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс.км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у Кіеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫТО́МІР»,
рачны маніторсав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач.Вял.Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З,
дзевятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Ꙁ («зямля»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўной Ζ («дзэта»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «з» і «з’» («законъ», «возити»). Мела таксама лічбавае значэнне «сем». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму Паралельна з ёй, хоць і больш абмежавана, для абазначэння гукаў «з» і «з’» выкарыстоўвалася літара Ѕ («зяло»), што ўзнікла шляхам відазмянення грэка-візант. S («дыгама»). У сучаснай бел. мове абазначае шумныя звонкія шчылінныя пярэднеязычныя зычныя гукі «з» і «з’» («зара», «зіма»), а перад глухімі зычнымі ці на канцы слоў — парныя да іх па звонкасці і глухасці гукі «с», «с’» («казка» — «каска», «лезці» — «л’эс’ц’і», «мазь» — «мас’», «полаз» — «полас’»), Уваходзіць у склад дыграфа «дз» («нэндза», «радзіма»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́ДНА»
(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),
Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у складВА «Беларусьнафта» Бел.дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВА́,
рака ў Ленінградскай вобл. Расіі. Даўж. 74 км, пл. басейна 281 тыс.км². Выцякае з Ладажскага воз., упадае ў Фінскі зал. У нізоўях падзяляецца на рукавы (асн.: Вял. і Малая Н., Вял. і Малая Неўка), утварае дэльту, на 42 астравах якой і Прынеўскай нізіне размешчаны С.-Пецярбург. Сярэдні расход вады каля в. Новасаратаўка 2520 м³/с. Паўд.-зах. і зах. вятры наганяюць ваду з Фінскага зал., у выніку чаго падымаецца ўзровень вады, часам у С.-Пецярбургу бываюць навадненні (самыя высокія падняцці вады 410 см у 1824 і 369 см у 1924). Ледастаў з пач. снежня да канца крас. — пач. мая. Н. ўваходзіць у склад Беламорска-Балтыйскага і Волга-Балтыйскага водных шляхоў. На Н. (у вытоку) г. Шлісельбург.
расійскі выканаўца на балалайцы, дырыжор. Засл. арт. Расіі (1940). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1911—13). З 8 гадоў выступаў як саліст, удзельнічаў у канцэртах Велікарускага аркестра. У 1928—39 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1940 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж.рус.нар. аркестра (з 1946 яго імя). Яго выкананне вызначалася артыстызмам, дасканалай тэхнікай і філігранным майстэрствам. Павялічыў выразныя і тэхн. магчымасці балалайкі, узбагаціў канцэртны рэпертуар, зрабіў пералажэнні для яе шматлікіх класічных твораў і нар. песень. Першы выканаўца многіх канцэртных твораў для балалайкі (шэраг з іх прысвечаны яму). Увёў у склад аркестра старадаўнія нар. інструменты (ражкі, дудкі, жалейкі, кугіклы), баян і арк. гармонік. 1-я прэмія на Усесаюзным аглядзе муз. выканаўцаў на нар. інструментах (1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,
сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.Сачанка).