прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай верхняй губы. У хлопчыкаў бывае ў 1,5 раза часцей, чым у дзяўчынак. Яе развіццю спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі некат. процісутаргавых сродкаў, алкаголю, лішку вітаміну А і інш. Бывае адна- і двухбаковая, праходзіць праз усё паднябенне ці лакалізуецца ў цвёрдым або мяккім паднябенні. Пры навылётных П.р.п. паміж поласцямі рота і носа ёсць шырокае злучэнне, што істотна абцяжарвае смактанне, глытанне і дыханне нованароджаных. У дзяцей з П.р.п. з узростам парушаецца мова, з’яўляецца гугнявасць. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАВАЯ ТРА́ЎМА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ,
пашкоджанне органаў і тканак плода пры родах. У выніку бывае кефалагематома (паднадкоснічнае кровазліццё ў вобласці касцей чэрапа, часцей цемянных), крывашыя, пералом ключыцы і інш. касцей (рук, ног), пашкоджанне тварнага нерва (асіметрыя твару), вялы параліч рукі. Найб. небяспечныя траўмы спіннога мозга і ц. н. с., якія ўзнікаюць часцей на фоне асфіксіі плода і ў выніку мех. пашкоджанняў (могуць прывесці да інваліднасці і парушэння разумовага развіцця). Большасць відаў траўмаў праходзіць бясследна. Прафілактыка: ахова здароўя цяжарнай жанчыны, правільнае правядзенне родаў. Лячэнне спецыфічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНАРЭ́Я (ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),
адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.
назва арг-цыі, прыдуманай у маі 1931 супрацоўнікамі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над нац. інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Узнікненне яе прымеркавана да 1924—25, арганізац. афармленне да 1927—28. Кіраўнікамі яе лічыліся Р.А.Бонч-Асмалоўскі, Г.І.Гарэцкі, П.А.Хоцкі. Ячэйкі былі «выяўлены» ў большасці акруг Беларусі, Наркамземе БССР, с.-г. секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе. У члены «арг-цыі» былі залічаны прыхільнікі развіцця фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «БФПСП». Ёй інкрымінавалася ўмацаванне капіталіст. элементаў у вёсцы, шпіянаж, асушэнне балот у прыгранічных раёнах з мэтай падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў, правядзенне меліярацыі па-шкодніцку, арганізацыя кулацкіх меліярацыйных ячэек як базы для ўзбр. паўстання супраць сав. улады і інш. Да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 59 чал., 39 з якіх праходзілі па інш. «справах» (лічылася, што «БФПСП» была звязана з інш. «контррэв. арг-цыямі»). Паводле пастановы Калегіі АДПУБССР ад 30.5 і 6.6.1931 прыгавораны 6 чал. да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў лагераў), 13 чал. да 10 гадоў лагераў, 6 — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чал. да высылкі ў Сібір, Казахстан. 22.4.1958 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАФРАДЫТЫ́ЗМ, двухполавасць, бісексуалізм,
наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны, уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.), і анамальны (заганы развіцця), які трапляецца і ў чалавека. Пры натуральным гермафрадытызме ў арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды; здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх. Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці; назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.
У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XY). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.Дэкарта і Б.Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл.Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл.Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл.Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн.тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎШУ́К (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 28.7.1944, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н., праф. (1998). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1973 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (з 1998 нам. дырэктара). Даследуе заканамернасці развіццябел. драматургіі 19—20 ст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэт. панараму развіцця, прыроду драм. канфлікту і яго эстэт. асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі: кнігі «Сучасная беларуская драматургія», «З думай пра сучасніка» (абедзве 1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці», «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х г.)» (абедзве 1984), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82), «На парозе 90-х» (1993), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—95), «Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» у 4 т. (т. 1, 1999) і інш. Складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), збораў твораў У.Галубка (1983), А.Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), К.Крапівы (у 6 т., т. 1—2, 1997), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989), зб. «Цудоўная дудка» (1997) і інш.
Тв.:
Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ АГЕ́НЦТВА ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РПІ (МАГАТЭ; International Atomic Energy Agency),
міжпародная міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1955. Дзейнічае ў сістэме ААН. У 1999 у МАГАТЭ 131 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь — адна з заснавальніц арг-цыі. Мэты МАГАТЭ: заахвочванне і падтрымка вывучэння, развіцця і практычнага выкарыстання атамнай энергіі ва ўсім свеце ў грамадзянскіх мэтах; пасрэдніцтва ў абмене паслугамі і матэрыяламі паміж сваімі членамі па іх жаданні; забеспячэнне выкарыстання матэрыялаў, паслуг і абсталявання для развіцця атамнай энергетыкі ў мірных мэтах; заахвочванне абмену навук. і тэхн. інфармацыяй у сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі; прыняцце мер бяспекі для папярэджання выкарыстання ядз. матэрыялаў у ваен. мэтах; разам з органамі і ін-тамі сістэмы ААН, якія адказваюць за гэтыя пытанні, вызначэнне і прыняцце норм у галіне бяспекі і аховы здароўя (у 1994 паміж МАГАТЭ і Беларуссю, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падпісана пагадненне аб гарантыях). У структуру МАГАТЭ уваходзяць: Ген. канферэнцыя, Савет кіраўнікоў, Сакратарыят. Ген. канферэнцыя, якая складаецца з прадстаўнікоў дзяржаў-членаў, збіраецца 1 раз на год. Савет кіраўнікоў (35 чл., у т. л. Рэспубліка Беларусь, якая выбрана ў 1999 на 2 гады) звычайна збіраецца 5 разоў на год. Ён мае шырокія паўнамоцтвы па кіраванні МАГАТЭ, а таксама права ствараць к-ты для вырашэння пэўных пытанняў. Сакратарыят кіруецца ген. дырэктарам, які назначаецца Саветам кіраўніцтва на 4 гады і зацвярджаецца Ген. канферэнцыяй. Месцазнаходжанне — Вена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНАСЦЬ І ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,
суадносныя філасофскія катэгорыі, якія выражаюць розныя тыпы сувязей прадметаў і з’яў паміж сабой, ступень іх узаемнай дэтэрмінаванасці. Неабходнасць увасабляе ўнутр. істотную сувязь, карэнныя асаблівасці прадмета або з’явы, характарызуе тое, што павінна настаць пры наяўнасці пэўных умоў. Выпадковасць, наадварот, адлюстроўвае знешнія неістотныя сувязі аб’екта, не вынікае з яго прыроды, а з’яўляецца вынікам уздзеяння пабочных фактараў і таму можа мець або не мець месца. Н. і в. узаемаабумоўлены. Абсалютызацыя неабходнасці і яе адрыў ад выпадковасці прыводзяць да фаталізму ў тлумачэнні развіцця прыроды і грамадства, а перабольшванне ролі выпадковасці і ігнараванне неабходнасці пазбаўляюць прыродныя і грамадскія сістэмы ўпарадкаванасці, арганізаванасці, сістэмнасці. Важным момантам дыялектычнай сувязі паміж Н. і в. служаць іх і узаемапранікненне і ўзаемапераходы. У рэчаіснасці адна і тая ж з’ява ў розных сістэмах або нават у адной сістэме, але праз некаторы час можа выступаць і ў якасці Н. і в. Неабходнасць не існуе ў чыстым выглядзе, яна праяўляецца праз выпадковасць, апошняя выступае ў якасці формы неабходнасці і яе дапаўнення. Вывучэнне дыялектыкі Н. і в. з’яўляецца адной з перадумоў навук. пазнання рэчаіснасці, бо накіроўвае ўвагу даследчыка на пошук у мностве выпадковасцей элементаў неабходнасці і абумоўленых імі тэндэнцый развіцця прыродных і грамадскіх працэсаў. Навук. распрацоўка праблем Н. і в. пачалася ў стараж.-грэч. філасофіі (Платон) і вядзецца ў межах матэрыяльнага або духоўнага фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,
комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц.развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.
Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.Галена, А.Везалія, У.Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст.ням. біёлаг К.Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.А.Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.
На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.М.Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.