МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),
расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.Агняцвет, А.Каско.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1976—77;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;
Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.Мартынова). Омск, 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Н ((Racine) Жан) (21.12.1639, г. Ла-Фертэ-Мілон, Францыя — 21.4.1699),
французскі паэт і драматург, прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1673). Вучыўся ў янсенісцкіх школах і калежах (1649—59). З 1677 каралеўскі гістарыёграф. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (ода «Німфа Сены», 1660). Зблізіўся з Ж.Лафантэнам, Мальерам, Н.Буало. Раннія трагедыі «Фіваіда, або Браты-ворагі» (1664), «Аляксандр Вялікі» (паст 1665, выд. 1666) напісаны пад уплывам П.Карнеля. У вершаваных драмах «Андрамаха» (паст. 1667, выд. 1668), «Брытанік» (паст. 1669, выд. 1670), «Берэніка» (паст. 1670, выд. 1671), «Баязет» (1672), «Мітрыдат» (1673), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1674, выд. 1675), «Федра» (1677) складаны і шматбаковы ўнутр. свет чалавека, праблемы маральнага выбару, барацьба герояў з самімі сабой у вострых калізіях супярэчнасці паміж пачуццём і абавязкам, розумам і страсцю. У позніх трагедыях на біблейскія сюжэты «Эсфір» (1689) і «Гафалія» (паст. 1690, выд. 1691) праблемы адносін жорсткага тырана і падуладнага яму народа, які належыць да інш. веравызнання і імкнецца адстаяць сваю веру. Аўтар камедыі «Суцягі» (паст. 1668, выд. 1669), зб. «Духоўныя песні» (1694), кн. «Кароткая гісторыя Пор-Раяля» (выд. 1742) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Обломиевский Д. Расин // Обломиевский Д. Французский классицизм. М., 1968;
Мориак Ф. Жизнь Жана Расина;
Нерваль Ж. де. Исповедь Никола: Пер. с фр.М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІЁТЫКА (грэч. sēmeiōtikon ад sēmeion знак, адзнака),
семіялогія, навука, што вывучае ўласцівасці знакавых сістэм ці знакаў, кожнаму з якіх пэўным чынам надаецца пэўнае значэнне. Даследуе асн. характарыстыкі любых знакаў і іх спалучэнняў (слоў і словазлучэнняў, метафар паэт. моў, хім. і матэм. сімвалаў) і сістэм знакаў (вусных і пісьмовых натуральных моў, штучных лагічных і машынных моў, моў паэт. школ і інш.).
Асн. прынцыпы С. сфармуляваны ў 2-й пал. 19 ст.амер. логікам Ч.Пірсам і швейцарскім лінгвістам Ф. дэ Сасюрам (разглядаў мовазнаўства як частку С.). У сучаснай С. вылучаюць З састаўныя часткі: сінтактыку (вывучае адносіны паміж самімі знакамі), семантыку (разглядае заканамернасці адносін паміж знакам і яго сэнсам) і прагматыку (даследуе адносіны паміж знакамі і тымі, хто іх выкарыстоўвае). С., што ўзнікла як лагічная навука, паўплывала на развіццё не толькі мовазнаўства, але стала агульным метадам для шэрагу даследаванняў у мастацтвазнаўстве, літ.-знаўстве і агульнай тэорыі культуры. Універсальнасць семіятычнага падыходу заснавана на тым, што па сутнасці ўся інфармацыя, якую набывае чалавек на працягу жыцця (у выніку практычнай дзейнасці, засваення мовы і г.д.) і якая складае асн. змест яго разумення, уяўляе сабой адлюстравальна-знакавую сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт.зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт.зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт.зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. В 7 т.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр.М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕ́ЗІ [Arghezi; сапр. Іон Тэадарэску
(Teodorescu)] Тудор (21.5.1880, г. Бухарэст — 14.7.1967),
румынскі пісьменнік. Акадэмік Румынскай АН (з 1955). За антыўрадавыя памфлеты ў 1930-я г. зняволены, за выступленні супраць фашызму ў 1943 кінуты ў канцлагер. Аўтар зб-каў лірыкі «Патрэбныя словы» (1927), «Сем песень з закрытым ротам» (1939), «Новыя вершы» (1963), «Ноч» (1967), раманаў «Вочы Божай маці» (1934), «Могілкі Дабравешчання» (1936) і інш. Пісаў таксама сатыр. прозу, нарысы, эсэ, апавяданні для дзяцей. Паэт-гуманіст, схільны да філас. абагульненняў. Рэфарматар рум. верша. На бел. мову вершы Аргезі перакладалі А.Бачыла і П.Прыходзька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІЛО́Х (Archilochos),
старажытнагрэчаскі паэт-лірык 2-й пал. 7 ст. да н.э. Нарадзіўся на в-ве Парос. Вёў вандроўніцкае жыццё, быў воінам-наёмнікам. Браў за ўзор паэзію Гамера, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. У яго сатыр. ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зменлівасць лёсу, гонар, доблесць, пасмяротную славу. Творчасць Архілоха адметная разнастайнасцю жанраў і рытмаў (упершыню выкарыстаў ямб). На радзіме ў гонар Архілоха было пабудавана свяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя звесткі пра Архілоха і ўрыўкі з яго вершаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНА́ЎСКАС ((Baranauskas) Антанас) (17.1.1835, г. Анікшчай, Літва — 26.11.1902),
літоўскі паэт, мовазнавец, царк. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1862). У 1866—84 праф. Каўнаскай духоўнай семінарыі. З 1897 епіскап у г. Сейны (Польшча). Гал. тэматыка твораў Баранаўскаса — гіст. лёс Літвы і літоўскага народа. У паэме «Падарожжа ў Пецярбург» (1859) асуджаў каланізатарскую палітыку царызму. Паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) — першы рамант. твор у літ. паэзіі 19 ст., у якім апаэтызаваны прырода роднага краю і духоўная прыгажосць народа. Заснавальнік літ. дыялекталогіі: зрабіў першую класіфікацыю літоўскіх дыялектаў, сабраў багаты дыялектны матэрыял (выд. 1882, 1920—21); аўтар граматыкі літ. мовы (1899).
эстонскі паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). У 1940 прэм’ер-міністр, у 1940—46 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Эстоніі. Першыя зб-кі «Фата-Маргана» (1918) і «Чалавек і Сфінкс» (1919) створаны пад уплывам сімвалізму і акмеізму. Паэзія 1930-х г. прасякнута нянавісцю да фашызму і мілітарызму (зб-кі «Свет адкрыты», 1930; «Эстонская рэспубліка», 1932; «Кульмінацыя», 1932—34; «Рыбы на сушы», 1937; «Праз парог», 1939). Аўтар патрыят. вершаў і публіцыстыкі перыяду Вял.Айч. вайны (зб-кі «Узброеныя вершы», 1943; «На франтавых дарогах», 1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЕНКА (Алесь) (Аляксандр Кірылавіч; 14.7.1920, в. Сырская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.7.1970),
бел.паэт, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Айч. вайны. Быў цяжка паранены. Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. Друкаваўся з 1940. Услаўляў ваенны подзвіг чалавека, яго стваральную працу (зб-кі «Выпрабаванне», 1974; «Дзень маёй Радзімы», 1952; «Сэрца спявае», 1960). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы М.Ісакоўскага, П.Тычыны, Я.Райніса. Вершы Астапенкі паклалі на музыку бел. кампазітары Г.Вагнер, І.Кузняцоў, Дз.Лукас, С.Палонскі, Р.Пукст, Н.Сакалоўскі.