ПРЭА́МБУЛА (франц. préambule ад лац. praeambulus той, які наперадзе, папярэдні),
уводная або ўступная частка заканад. або інш. прававога акта, а таксама дэкларацыі ці міжнар. дагавора, у якіх звычайна выкладаюцца прынцыповыя палажэнні, пабуджальныя матывы, мэты выдання адпаведнага акта. Змяшчае т.зв. «нормы-мэты» і «нормы-прынцыпы», якія не валодаюць непасрэднай юрыд. сілай, але могуць прымацца пад увагу пры тлумачэнні інш. палажэнняў акта, а таксама пры неабходнасці высвятлення іх агульнага кантэксту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́НТАВЫ МОСТ,
мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага моста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЖНІЦА,
тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧО́БНІКІ,
група мужчын (радзей жанчын), якія ў першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). Валачобны гурт складаўся з запявалы («пачынальніка»), падпявальнікаў, музыкі (звычайна скрыпача) і механошы, які збіраў дары («валачобнае» — фарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, невял. грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Пн Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА, бабка-павітуха,
у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНІ́Т (ад грэч. balanos галоўка палавога члена + ...іт),
запаленне скуры галоўкі палавога члена. Звычайна спалучаецца з баланапастытам. Узнікае пры ўздзеянні мікробаў, інфекцыі (ганарэйнай, трыхаманаднай, сіфілітычнай і інш.), пры затрымцы мачы, сахарным дыябеце, мочакамянёвай хваробе, алергічных хваробах (экзэма, крапіўніца), калі не выконваюцца правілы гігіены. Выяўляецца свербам, болямі і рэзямі пры мочаспусканні, пачырваненнем, іншы раз балючымі язвамі з крывяніста-гнойнымі выдзяленнямі. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія (антыбіётыкі, сульфаніламіды і інш.), мясцовае — ванначкі з дэзінфіцыруючымі растворамі, прысыпкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,
скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДАРВІНІ́ЗМ,
тэорыі, накіраваныя супраць дарвінізму. Антыдарвінізм або наогул адмаўляе развіццё ў прыродзе (крэацыянізм), або яго гал. фактары, у першую чаргу натуральны адбор як вядучы ў арган. эвалюцыі. Асн. цячэнні антыдарвінізму склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Да іх належаць розныя формы неаламаркізму, батмагенез, номагенез, трансфармізм і інш. Сучасныя антыдарвінісцкія канцэпцыі звычайна прэтэндуюць на вырашэнне праблемы макраэвалюцыі, недаступнай для прамой эксперым. праверкі. Шэраг канцэпцый антыдарвінізму ўключае ўяўленні аб наследаванні набытых прыкмет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,
міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац.муз. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛУНІ́ТАВАЯ РУДА́,
прыроднае мінер. ўтварэнне, якое складаецца з алуніту (30—55%), кварцу, халцэдону і апалу (разам 40—50%), гліністых мінералаў (каалініт) і прымесяў вокіслаў жалеза, ільменіту, цыркону і інш. Шчыльная масіўная парода (каля 2,7 г/см³). Фарміруецца ў абласцях маладога вулканізму. Комплексная сыравіна: атрымліваюць гліназём, сульфат калію (калійныя ўгнаенні), серную кіслату, ванадый, галій. Здабываюць звычайна адкрытым спосабам. Радовішчы ў Расіі, Азербайджане, на З Украіны, у ЗША, Кітаі, Аўстраліі, Іране, Мексіцы, Італіі, Індыі і інш.